Заўсёды імкнуцца наперад

Зараз вялікая ўвага ўдзяляецца арганізацыі работы маладога настаўніка на першым  рабочым  месцы. Ад таго, як  яго прыме калектыў, як падтрымае, дапаможа, як створыць асяродзе супрацоўніцтва, і будзе напрамую залежаць, ці застанецца малады спецыяліст працаваць ва ўстанове адукацыі.

У гімназіі № 3 Віцебска створаны ўсе ўмовы для падтрымкі і развіцця маладых педагогаў. Ужо два гады са мной разам працуе маладая настаўніца геаграфіі Настасся Вітальеўна Грэбнева. Яна з адзнакай скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава ў 2017 годзе па спецыяльнасці “Географ. Выкладчык геаграфіі”.  Выкладае ў 6—11 класах геаграфію, у 5 класе —  прадмет “Чалавек і свет”. Мае другую кваліфікацыйную катэгорыю.

 Аб прафесіі педагога Настасся Вітальеўна пачала марыць, калі вучылася ў  школе. Але сапраўднае, моцнае захапленне геаграфіяй прыйшло ва ўніверсітэце, яго прывілі цудоўныя выкладчыкі — Міраслава Юзэфаўна Бобрык і Зоя Сямёнаўна Гаўрыльчык. Менавіта яны спрыялі набыццю тэарэтычных ведаў аб роднай Беларусі, а таксама аб прыродзе, насельніцтве і гаспадарцы іншых краін свету.

Пры правядзенні ўрокаў геаграфіі Настасся Вітальеўна ўлічвае ўзро­ставыя, індывідуальныя асаблівасці вучняў, таму часта прапануе для выканання дыферэнцыраваныя заданні. Урокі Настассі Вітальеўны заўсёды разнастайныя. Гэта і ўрок-падарожжа, і ўрок-дыспут, урок-віктарына, урок-гульня. На ўроках геаграфіі прымяняе інфармацыйныя тэхналогіі, “Мабільныя тэхналогіі ў адукацыі пры рабоце з двухмерным штрыхкодам (QR-код)”, метад пазнавальнай дзейнасці, практычныя, наглядныя, слоўныя метады і г.д.

Навучэнцы 9-х класаў з задавальненнем наведвалі факультатыў “Еўразія — мацярык кантрастаў” пад кіраўніцтвам Настассі Вітальеў­ны, дзе больш падрабязна вывучалі асаблівасці прыроды, насельніцтва, гаспадаркі краін Еўразіі.

Значную ўвагу маладая настаўніца ўдзяляе рабоце з атласам і контурнымі картамі. Таму і тэма па самаадукацыі была выбрана невыпадкова: “Работа з картай як сродак дасягнення метапрадметных уменняў на ўроках геаграфіі”.

Дзякуючы ініцыятыве намесніка дэрэктара па вучэбнай рабоце Святланы Іванаўны Андрэевай, на базе гімназіі № 3 Віцебска з 2012 года дзейнічае Клуб маладых педагогаў Кастрычніцкага раёна Віцебска. На працягу двух гадоў Настасся Вітальеўна наведвала клуб маладых педагогаў, была на адкрытых уроках калег. У лютым 2019 года Настасся Вітальеўна праходзіла курсы маладых спецыя­лістаў “Рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу ў выкладанні вучэбнага прадмета “Геаграфія”.

Настасся Вітальеўна ўмее эфектыўна выкарыстоўваць інтэр­актыўныя прыёмы і формы работы на ўроках, якія добра падыходзяць для вывучэння новага матэрыялу, замацавання і абагульнення ведаў. Яна  распрацавала QR-коды з геаграфічнай інфармацыяй, інтэлект-карты для правядзення ўрокаў геаграфіі ў 8 класе.

Нягледзячы на невялікі стаж работы Настассі Вітальеўны, яе навучэнцы маюць перамогі ў конкурсах, алімпіядах, навукова-даследчых канферэнцыях. Так, па выніках другога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі ў 2018 годзе Андрэй Разумаў адзначаны дыпломам I ступені, Антон Палідавец — II ступені. На раённай  алімпіядзе па геаграфіі ў 2018 годзе Настасся Рыбакова адзначана дыпломамі II ступені, Ірына Азарава, Караліна Лапунова і Уладзіслаў Семяннік — III ступені. Па выніках правядзення другога этапу Рэспубліканскай  алімпіяды па геаграфіі 2019 года Настасся Рыбакова атрымала дыплом I ступені, Ірына Азарава — I  ступені, Аліна Пруднікава — III ступені.

З 2018 года Настасся  Вітальеўна з’яўляецца класным кіраўніком 5 “В” класа. Яна імкнецца знахо­дзіць з гімназістамі агульную мову, фарміруе ў іх самастой­насць, навыкі працы і культуру паво­дзін, уменне жыць і працаваць у калектыве.

Настасся Вітальеўна прымае актыўны ўдзел у навукова-даследчых канферэнцыях і семінарах. Яна штогод удзельнічае ў спартыўных і творчых мерапрыемствах (інтэлектуальная гульня “Бітва герояў”).

У мінулым навучальным го­дзе яна прымала ўдзел у рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання метапрадметных кампетэнцый у навучэнцаў на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі і ва ўмовах уста­ноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”.

Настасся Вітальеўна займае актыўную грамадзянскую пазіцыю. Яна ажыццяўляе работу ў камісіі прафкама гімназіі з ветэранамі педагагічнай працы Кастрычніцкага раёна Віцебска. Доўгачаканыя сустрэчы з ветэранамі педагагічнай працы — гэта абмен вопытам, сувязь паміж пакаленнямі педагогаў.

Малады педагог не спыняецца на дасягнутым, яна заўсёды імкнецца наперад. Настасся Ві­тальеўна  не толькі вучыць дзяцей, але і вучыцца сама. Яе педагагічная скарбонка паступова папаўняецца.

Па выніках навучальнага года Настассі Вітальеўне была ўручана грамата “Поспех года — 2018” у намінацыі “Мы маладыя”, а таксама вынесена падзяка за актыўную падтрымку піянерскага руху гімназіі. Няхай жа гэты паспяховы старт маладой настаўніцы дасць яшчэ больш плённыя вынікі ў выбранай ёй, такой значнай для нашага грамадства прафесіі педагога.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.
Фота з архіва гімназіі.