Заўсёды на вышыні

Вясковая школа. Наколькі яна важная для жыцця вёскі, для кожнага вучня, вядома даўно. Вясковыя дзеці, асабліва пачаткоўцы, праводзяць у школе большую частку свайго жыцця. Яны бягуць сюды не толькі за ведамі, але і за зносінамі з аднакласнікамі, праводзяць тут свой вольны час. І роля настаўніка ў вёсцы, дзе ўсе адно аднаго ведаюць, асаблівая. Ён заўсёды на вышыні, заўсёды ў цесным кантакце з дзеткамі, з бацькамі і ў адказе за лёс кожнага дзіцяці. Першы настаўнік як крыніца, да якой людзі ідуць для таго, каб напіцца вады і спатоліць смагу. Менавіта такой крыніцай і з’яўляецца для сваіх вучняў настаўніца пачатковых класаў Пагародзенскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці Вольга Станіславаўна Будрэвіч.

Шлях да прафесіі быў вельмі складаным і працяглым, хаця мару стаць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры выношвала ў сэрцы на працягу ўсіх сваіх школьных гадоў. Так, менавіта настаўніцай роднай мовы хацела стаць Вольга Станіславаўна ў 1992 годзе, калі скончыла Пагародзенскую школу. Але лёс распарадзіўся інакш. Пры паступленні ва ўніверсітэт дзяўчынцы не хапіла аднаго бала, і яна паступіла ў мінскае прафтэхвучылішча № 93 на швачку, якое скончыла ў 1994 годзе. Некаторы час працавала па спецыяльнасці і не проста працавала, а тварыла цуды з тканіны. Яе вырабы апраналі ўсе модніцы раёна.


Але ж мара застаецца марай, і ў 2000 годзе Вольга Станіславаўна паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на настаўніка пачатковых класаў. На такую змену ў выбары факультэта паўплывала тое, што Вольга Станіславаўна вельмі любіла маленькіх дзетак. У час завочнай вучобы яна працавала педагогам-арганізатарам у роднай школе, неўзабаве нарадзіла дачушку, і мара збылася: вучоба скончылася, дыплом у руках — і першы раз у першы клас, толькі ўжо ў якасці настаўніка. Першыя спробы, першыя хваляванні, слёзы радасці і ні разу адчаю, бо чалавек дасягнуў таго, чаго моцна хацеў.

Набіраючы кожны раз новых вучняў, а ў гэтым го­дзе пяты раз настаўніца ўвайшла ў першы клас, яна творыць цуды. Вельмі хутка яе першакласнікі становяцца сапраўднымі вучнямі. Дзеці яе класа адрозніваюцца асаблівай выхаванасцю, пачуццём адказнасці, уменнем слухаць суразмоўніка, весці дыялог, задаваць пытанні, даносіць свае думкі да слухача. На ўроках Вольгі Станіславаўны заўсёды ціха, утульна, спакойна. Але колькі яе вучні паспяваюць зрабіць за гэты час! Вялікая працаздольнасць ад яе, Вольгі Станіславаўны, ад сапраўднага настаўніка. А як яе вучні выступаюць на сцэне! Гэта сапраўдныя маленькія артысты.

Вольга Станіславаўна актыўна дзеліцца вопытам работы з калегамі са школы, з раёна. Яе адкрытыя ўрокі — урокі вялікай таемнасці і майстэрства. Кожны вучань мае магчымасць раскрыць і пака­заць свае здольнасці і талент. Актыўна выкарыстоўвае камп’ютарныя тэхналогіі, прымала ўдзел у конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, дзе заняла першае месца ў вобласці, выйшла на рэспубліку і атрымала сертыфікат.

Здаецца, яе вучні ўмеюць усё. Яны не баяцца марыць, памыляцца, тварыць. Як сапраўдная мама, Вольга Станіславаўна зразумее кожнае дзіця, дапаможа, ды яшчэ і рассмешыць. Не прайшло дарэмна і тое, што настаўніца ўмее шыць. У яе дзяцей самыя прыгожыя малюнкі, самыя прыгожыя вырабы з тканіны, каляровай паперы. У многіх вучняў урокі працы і малявання любімыя.

Яна вельмі таленавіты і мудры чалавек. Вучні прыходзяць да яе і пасля заканчэння школы. Прыходзяць, проста каб зазірнуць у вочы, сказаць дзякуй, пагаварыць пра жыццё-быццё. Вольга Станіславаўна прызнаецца, што яна вельмі рада сустрэчы з кожным сваім выпускніком і вельмі баіцца пачуць пра каго-небудзь нешта нядобрае. Тады яна карае сябе за тое, што не выхавала, не навучыла. Ёй хочацца, каб яе вучні сталі добрымі людзьмі, якія не зробяць нікому нічога дрэннага, не здрадзяць і не падмануць. Вельмі радуецца настаўніца розным дасягненням сваіх навучэнцаў і асабліва тых, у якіх не ўсё ладзілася ў школе. Радуе настаўніцу і тое, што яе выпускнікі стварылі свае сем’і, сталі бацькамі, — гэта для яе самыя лепшыя навіны.

Вольга Станіславаўна з малых гадоў стараецца прывіваць вучням любоў да роднай мовы. Актыўная, энергічная, адданая любімай справе, яна паспявае прымаць актыўны ўдзел у жыцці школы, вёскі. А яшчэ вельмі прыгожа спявае, чытае вершы, удзельнічае ў пастаноўках, з’яўляецца вядучай на розных школьных і вясковых святах. Ніводзін канцэрт не абыходзіцца без гэтай таленавітай настаўніцы. Яе меладычны голас гучыць на ўсіх канцэртных пляцоўках не толькі сваёй вёскі, але і раёна. У час канікул з’яўляецца начальнікам аздараўленчых пляцовак.

Бацькі, калегі, былыя вучні даюць высокую ацэнку асобе і дзейнасці Вольгі Станіславаўны як чалавека, які імкнецца да новых вышынь і прыносіць вынікі школе. Яна неаднаразова была ўзнагароджана граматамі і падзякамі за высокія дасягненні ў працы. І ўжо тое, што бацькі хочуць, каб іх дзеці вучыліся ў Вольгі Станіславаўны, — вялікае дасягненне. Бо быць настаўнікам — гэта прызванне, быць добрым настаўнікам — гэта талент, быць настаўнікам пачатковых класаў — гэта талент удвая, таму што менавіта гэты настаўнік застаецца ў памяці пачаткоўца як першы чалавек, які сустрэў яго на парозе школы, увёў яго ў жыццё, падтрымаў у цяжкую хвіліну расстання з домам. Толькі ад увагі і любові настаўніка залежыць, з якім багажом ведаў і маральных каштоўнасцей пой­дзе дзіця ў дарослае жыццё.

Ганна ШЧЫГЛО,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Пагародзенскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.