Заўсёды побач з калегамі і навучэнцамі

Кіраваць навучальнай установай павінен педагог, які валодае лідарскімі якасцямі і ведае, як аб’яднаць вакол сябе калектыў прафесіяналаў-аднадумцаў. Стварыць такое асяроддзе здольны толькі таленавіты і кампетэнтны кіраўнік, прыкладам якога з’яўляецца дырэктар гімназіі № 3 Барысава настаўніца вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Ірына Валер’еўна Кірык. За той час, пакуль яна кіруе ўстановай, агульнаадукацыйная школа вырасла ў гімназію, вучыцца і працаваць у якой прэстыжна і ганарова.

Пра тое, што стане настаўніцай, Ірына Кірык ведала яшчэ ў дзяцінстве. Мама Ірыны Валер’еўны, Святлана Уладзіміраўна, доўгі час працавала настаўніцай матэматыкі ў сярэдняй школе № 12 Барысава. У гэтай школе прайшлі дзіцячыя гады Ірыны Кірык. Натхнёная працай мамы, дзяўчынка бачыла сябе толькі ў адной прафесіі, таму пасля заканчэння 10 класа засталася працаваць у школе піянерважатай і паралельна паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на геаграфічны факультэт.

Пасля атрымання дыплома БДУ Ірына Валер’еўна выкладала геаграфію, а потым на працягу 10 гадоў займала пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 12.

У 2003 годзе Ірына Кірык прыйшла працаваць у сярэднюю школу № 15 з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы на пасаду дырэктара. А праз 10 гадоў, у чэрвені 2009 года, навучальная ўстанова была рэарганізавана ў гімназію № 3 Барысава.

Займаючы пасаду дырэктара, Ірына Валер’еўна праявіла лепшыя якасці кіраўніка. Менавіта гэта дазволіла педагагічнаму калектыву вырасці ў дружную і згуртаваную каманду, здольную вырашаць любыя пытанні не толькі ў навучанні, але і ў працэсе выхавання дзяцей.

“На працягу некалькіх гадоў гімназія па выніках раённых спаборніцтваў за стварэнне ўмоў у арганізацыі адукацыйнага працэсу сярод устаноў адукацыі Барысаўскага раёна ў намінацыі “Лепшая гімназія, ліцэй” займае 2-е месца, — пацвярджае статус гімназіі дырэктар. — За 10 гадоў 29 выпускнікоў скончылі гімназію з залатым медалём, а 90% выпускнікоў гімназіі штогод паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі краіны і паспяхова вучацца там. Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання трое выпускнікоў гімназіі паказалі абсалютныя веды па англійскай і рускай мовах, а таксама па матэматыцы — 100 балаў. Дарэчы, 7 педагогаў, якія сёння выкладаюць у гімназіі, — гэта нашы выпускнікі”.

Вялікая заслуга Ірыны Валер’еўны ў тым, што яна ўдзяляе значную ўвагу ўдасканаленню прафесійнага майстэрства не толькі вопытных, але і пачынаючых маладых выкладчыкаў. Штогод настаўнікі гімназіі прымаюць удзел у конкурсах педагагічнага майстэрства “Настаўнік года” і “Малады спецыяліст”. Так, лаўрэатам заключнага этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” у 2017/2018 навучальным годзе ў намінацыі “Замежная мова” стала настаўніца англійскай мовы Юлія Сцяпанава. Настаўнік фізікі Ягор Мандрык стаў пераможцам раённага конкурсу прафесійнага майстэрства “Малады спецыяліст — 2013”. А Наталля Крышань перамагла ў раённым конкурсе “Самы класны класны”. 

 “На працягу шэрага гадоў нашы дзеці з’яўляюцца пераможцамі рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, — працягвае І.Кірык. — У 2018 годзе 7 вучняў прымалі ўдзел у трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і 2 — у заключным. А 11-класнік Кірам Аль-Харба ўдастоены пахвальнага водзыву за ўдзел у 49 Міжнароднай фізічнай алімпіядзе (International Physics Olympiad), якая праходзіла ў Лісабоне”.

У 2018 годзе навучэнец 10 класа Вячаслаў Бобень стаў пераможцам трэцяга адборачнага туру “Зімовай камп’ютарнай школы — 2018”, якая была арганізавана ў Маскве. Аляксандр Доўгі, Іван Залескі, Станіслаў Курневіч, Настасся Жарнасек і Марыя Мароз занялі 2-е месца і сталі прызёрамі VI Міжнароднага конкурсу праектных і даследчых работ навучэнцаў і педагагічных работнікаў адукацыйных устаноў “Прызма”, які таксама праходзіў у Маскве. Падчас удзелу ў абласным міні-турніры юных матэматыкаў, а таксама ў абласным турніры юных хімікаў гімназісты атрымалі дыплом III ступені.

У 2018 годзе Аляксандра Ханкевіч узнагароджана дыпломам III ступені па выніках удзелу ў рэспубліканскім злёце юных аматараў прыроды і дыпломам II ступені па выніках удзе­лу ў камандным заліку злёту юных эколагаў Беларусі і Расіі “Экалогія без меж”.

З гонарам І.В.Кірык расказвае пра поспехі сваіх калег і падкрэслівае, што ўсе дасягненні, якімі сёння ганарыцца гімназія, — гэта не толькі яе заслуга, а сумесная плённая праца ўсіх настаўнікаў.

“Прэмій спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў удастоены настаўніца англійскай мовы Ларыса Валянцінаўна Рассвяталава і настаўнік фізікі Сяргей Ула­дзіміравіч Саковіч, а таксама 13 нашых навучэнцаў, — працягвае дырэктар. — Дарэчы, бягучы навучальны год таксама не з’яўляецца выключэннем. У трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах навучэнцы і педагогі прынеслі ў скарбонку гімназіі 10 дыпломаў. Навучэнец 11 класа Вячаслаў Бобень атрымаў дыплом І ступені на адкрытай каманднай алімпіядзе БДУ па праграмаванні сярод навучэнцаў і дыплом ІІІ ступені на ХІХ Усерасійскай каманднай алімпія­дзе школьнікаў па праграмаванні ў Санкт-Пецярбургу. А на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Інфарматыка” Вячаслаў удастоены дыплома І ступені. 58-я выязная фізіка-матэматычная алімпіяда дала магчы­масць камандзе навучэнцаў гімназіі заваяваць 8 дыпломаў”.

У гімназіі працуюць два музеі: “Клас-музей самага маладога поўнага кавалера ордэна Славы І.П.Кузняцова”, а таксама “Музей адукацыі Барысаўскага раёна”. Штогод музеі наведваюць больш за тысячу навучэнцаў, гасцей і жыхароў горада.

З 2014 года гімназія № 3 падключылася да міжнароднага праекта асацыіраваных школ ЮНЕСКА і адкрыла свой клуб ЮНЕСКА — “Папараць-кветка”. Дзякуючы дамоўленасці з Інстытутам Канфуцыя МДЛУ, з 1 верасня 2018 года ў гімназіі арганізавана навучанне па праграме факультатыўных заняткаў “Кітайская мова” для вучняў 3—4 класаў.

У сістэме школьнай адукацыі Ірына Валер’еўна працуе ўжо 32 гады. Што такая лічба значыць для кіраўніка гімназіі? Без перабольшання можна сказаць, што гімназія і настаўніцтва для І.Кірык — гэта яе жыццё, прызванне і радасць.

Для дырэктара гімназіі № 3 Барысава важнай з’яўляецца не толькі атмасфера, якая пануе ў калектыве, але і зносіны з бацькамі навучэнцаў, а таксама поспех іх дзяцей. Дзяліцца сваімі ідэямі і педагагічнымі задумкамі, умела арганізаваць адукацыйны працэс і ажыццяўляць кіраўніцтва можа толькі той настаўнік, які не забывае і пра ўласнае самаўдасканаленне. Менавіта па гэтай прычыне педагогіку Ірына Валер’еўна спалучае з яшчэ адным важным кірункам дзейнасці. У 2018 годзе яна была перавыбрана дэпутатам Барысаўскага Савета дэпутатаў Рэспублікі Беларусь 28 склікання.

Нягледзячы на шматлікія клопаты, якія даводзіцца вырашаць, Ірына Валер’еўна знаходзіць час, каб абмеркаваць з калегамі тыя праблемы, з якімі даводзіцца сутыкацца падчас арганізацыі адукацыйнага працэсу. Яна ўпэўнена: настаўнік, а тым больш дырэктар, заўсёды павінен быць побач са сваімі калегамі і навучэнцамі, ён павінен разумець значнасць сваёй працы і ганарыцца ёй.

Наталля САХНО.
Фота з архіва гімназіі № 3 Барысава.