Заўсёды важнымі з’яўляюцца стасункі з прафесіяналамі

- 11:07Актуально, Апошнія запісы

На гэтым тыдні міністр адукацыі Ігар Карпенка здзейсніў рабочую паездку ў Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці. Кіраўнік ведамства наведаў сярэднюю школу № 1 Асіповіч імя Б.М.Дзмітрыева і Ялізаўскую сярэднюю школу. На парадку дня былі падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года і сустрэчы з педагагічнай грамадскасцю.

Суправаджаў міністра старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту чэмпіён XXIX летніх Алімпійскіх гульняў па веславанні на байдарках і каноэ Аляксандр Багдановіч, для якога Асіповіцкі край — малая радзіма.

У сярэдняй школе № 1 Асіповіч імя Б.М.Дзмітрыева міністр азнаёміўся з выставай — прэзентацыяй сістэмы адукацыі раёна. У Асіповіцкім раёне 21 установа дашкольнай адукацыі; 20 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі: гімназія, 12 сярэдніх школ, 4 вучэбна-педагагічныя комплексы “дзіцячы сад — сярэдняя школа” і 3 вучэбна-педагагічныя комплексы “дзіцячы сад — базавая школа”. У 2019/2020 навучальным годзе ва ўстановах раёна навучаўся 5291 чалавек. Плануецца, што 1 верасня 2020 года за парты тут ся­дуць 543 першакласнікі.

За лета аздараўленне ў раёне прайшлі 1019 навучэнцаў. У лагерах з дзённым знаходжаннем — 500 дзяцей, з якіх 125 — у лагерах працы і адпачынку. У лагерах з кругласутачным знаходжаннем аздаравіліся 519 дзяцей, у тым ліку ў стацыянарных лагерах — 458. У профільных лагерах па напрамках дзейнасці быў 61 навучэнец.

Дырэктар 1-й школы Асіповіч Ірына Сяргейчык прадэманстравала гатоўнасць сваёй установы да новага навучальнага года. Міністр адукацыі агледзеў спартыўную залу і сталовую, пацікавіўшыся, ці забяспечана школа ўсім неабходным. Пасля пагутарыў з педагогамі, якія развіва­юць STEM-адукацыю. У размове Ігар Карпенка адзначыў, што STEM-адукацыя дапамагае развіваць інжынернае мысленне, таму гэта перспектыўны напрамак. Краіне не хапае высокакваліфікавых інжынераў.

Гэтую тэму кіраўнік ведамства развіў падчас сустрэчы з педагогамі раёна, адзначыўшы, што сістэма адукацыі працуе на апярэджанне. Асабліва прафесійна-тэхнічныя і сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі, якія рыхтуюць рабочых высокай кваліфікацыі, здольных працаваць на сучасным абсталяванні.

Ігар Карпенка падкрэсліў, што ў аснове беларускай адукацыйнай мадэлі ляжыць тэзіс “Адукацыя праз усё жыццё”. “У сучасным свеце роля педагога змянілася. У святле бурнага развіцця інфармацыйных тэхналогій ён ужо не з’яўляецца першакрыніцай інфармацыі. Разам з тым ён павінен стаць для навучэнцаў своеасаблівым правадніком, які будзе здольны дапамагаць арыентавацца ў патоку інфармацыі, вылучаючы тую, якая дапаможа ў фарміраванні будучых кампетэнцый”.

Міністр падзяліўся з калегамі сваімі ўражаннямі ад Паслання прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. “Кіраўнік дзяржавы дастаткова шмат увагі ўдзяліў пытанням выхавання, у цэлым маладзёжнай палітыцы, — падкрэсліў ён. — Сапраўды, адукацыйная парадыгма сёння мяняецца, рэагуючы на патрэбы часу. Адукацыя — гэта пляцоўка сацыялізацыі моладзі. Ужо са школьнай парты мы павінны задумвацца аб тым, каго мы рыхтуем і хто будзе далей развіваць нашу краіну. І роля адукацыі тут ключавая. Пры гэтым мы павінны мець на ўвазе значэнне бацькоўскай грамадскасці, органаў вучнёўскага і студэнцкага самакіравання”, — адзначыў кіраўнік ведамства.

Затым у размове з настаўнікамі абмяркоўваліся пытанні развіцця інфарматызацыі ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі, дзе міністр адзначыў, што трэба імкнуцца да стварэння адзінай платформы (цяпер школы працуюць на сямі). Прадстаўнікі сістэмы дашкольнай адукацыі падзякавалі кіраўніку ведамства за развіццё сваёй галіны і задалі пытанне органам мясцовай улады наконт перспектыў будаўніцтва спартыўна-адукацыйнага цэнтра. І атрымалі адказ: такі аб’ект ёсць у планах рэалізацыі на найбліжэйшы час.

Не абышлося без хвалюючага пытання наконт анансаваных змен ва ўступнай кампаніі. Тут міністр зноў падкрэсліў, што сістэма цэнтралізаванага тэсціравання захаваецца, і нагадаў пра міжведамасную рабочую групу, якая павінна пра­працаваць увесь комплекс пытанняў удасканалення ўступнай кампаніі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Ён адзначыў, што гэта сур’ёзнае пытанне, вырашэнне якога па­трабуе разумнага балансу.

Адказваючы на пытанне маладога педагога пра надбаўкі, сказаў, што, каб улічыць магчымыя змены, трэба іх абмеркаваць з профільнымі спецыялістамі. Міністр нагадаў, што жнівень — час традыцыйных педагагічных нарад, дзе, акрамя падвядзення пэўных вынікаў і абазначэння перспектыў на новы навучальны год, абмяркоўваюцца і вырашаюцца набалелыя пытанні.

 “У краіне склалася добрая традыцыя сустракацца з педагагічнай грамадскасцю. Зараз мы рыхтуем Рэспубліканскі педагагічны форум. Ён пройдзе ў жніўні ў Пінску — у маладзёжнай сталіцы Беларусі гэтага года. Заўсёды важнымі з’яўляюцца зносіны з прафесіяналамі, тымі, хто непасрэдна накіроўвае адукацыйны працэс у адпаведнасці з сучаснымі рэаліямі. Затым пройдуць абласныя і Мінская гарадская педканферэнцыі”, — расказаў Ігар Карпенка.

Ялізаўская сярэдняя школа ў Асіповіцкім раёне вядомая сваімі зорнымі выпускнікамі. З асаблівым трапятаннем парог установы адукацыі пераступаў алімпійскі чэмпіён Аляксандр Багдановіч, былі вучань гэтай школы.

“Мне заўсёды прыемна вяртацца сюды, у месцы, дзе прайшло маё дзяцінства. Гэта мая малая радзіма, яна мяняецца і прыгажэе. Я з удзячнасцю і цёплымі пачуццямі ўспамінаю сваю школу, настаўнікаў і аднакласнікаў. У падарунак цяперашнім вучням прывёз спартыўны інвентар. Спадзяюся, што для кагосьці з дзяцей ён не толькі паслужыць для гульні і забавы ў вольны час, але і стане добрым стымулам для далейшых сур’ёзных заняткаў спортам”, — сказаў Аляксандр.

У навучальнай установе госці зайшлі ў вучэбныя кабінеты, спартыўную залу, сталовую. А падчас сустрэчы з педагогамі ўручылі дырэктару школы Ірыне Бодрусевай падарункі: сертыфікаты на мультыборд і кабінет біялогіі, а таксама спартыўны інвентар.

Ялізаўская сярэдняя школа сёння — гэта 27 вучэбных кабінетаў. Функцыянуюць кабінеты працоўнага навучання і абслуговай працы, ёсць спальня для першакласнікаў, дзве спартыўныя і трэнажорная залы, душавыя, кабінет інфарматыкі, кабінет ТСН з інтэрактыўнай дошкай, камп’ютарам, доступам у інтэрнэт, актавая зала на 120 месцаў, сталовая на 105 месцаў, бібліятэка з кнігасховішчам і сумешчанай чытальнай залай, метадычны кабінет, настаўніцкая, кабінет педагога-псіхолага і педагога сацыяльнага, пакой дзіцячых аб’яднанняў, кабінет настаўніка-дэфектолага. Таксама ёсць спартыўны гарадок, хакейная пляцоўка.

Трэба адзначыць, што гэтая школа славіцца сваімі спартыўнымі традыцыямі і поспехамі. Пакарэнне спартыўнага алімпу братамі Багдановічамі — яркае таму пацвярджэнне. А за традыцыямі і поспехамі стаяць педагогі, такія як настаўнік фізічнай культуры і здароўя Аляксандр Стальмакоў, у мінулым чэмпіён Рэспублікі Беларусь па веславанні на байдарках і каноэ, майстар спорту, член нацыянальнай каманды краіны, двухразовы бронзавы прызёр Кубка свету сярод юніёраў.

Зараз Аляксандр Мікалаевіч — трэнер па веславанні на байдарках і каноэ і настаўнік, які падрыхтаваў двух май­строў спорту, 10 кандыдатаў у майстры спорту, пераможцаў і прызёраў Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў па веславанні на байдарках і каноэ. Дарэчы, менавіта Аляксандр Стальмакоў у свой час натхніў Аляксандра Багдановіча на вялікі спорт.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.