Заўтра пачынаецца сёння

Жнівеньскую канферэнцыю кіруючых работнікаў і спецыялістаў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці пачалі настаўнік фізікі і дырэктар гімназіі. Традыцыйнае мерапрыемства педагагічнай грамадскасці, якое праходзіць напярэдадні новага навучальнага года, прайшло гэтым разам у новай форме дыялогавай пляцоўкі, дзе ўдзельнікі маглі абмеркаваць стан і асноўныя кірункі ўдасканалення рэгіянальнай сістэмы адукацыі, выказаць свае меркаванні, абмяняцца вопытам. Для работы быў прапанаваны фармат ТЕD-канферэнцыі.

Настаўнік фізікі гімназіі № 10 Гродна Аляксей Валер’евіч Кавалевіч — чалавек года Гродзеншчыны па выніках 2016 года, падрыхтаваў залатога прызёра Міжнароднай алімпіяды па фізіцы, яго навучэнцы неаднаразова станавіліся пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды — гаварыў аб тым, што ён шчаслівы настаўнік, і падмацаваў гэты пасыл расказам аб сваіх вучнях, сваёй рабоце. А з вялікага экрана да свайго настаўніка і ўдзель­нікаў мерапрыемства звярталіся былыя вучні Аляксея Валер’евіча са словамі падзякі і павагі за свае жыццёвыя поспехі.

Дырэктар гімназіі № 1 Астраўца Алена Чаславаўна Севасцьян расказала аб тым, што з’яўляцца формулай поспеху калектыву гімназіі, якая за дасягненне высокіх паказчыкаў у сацыяльна-культурным развіцці занесена на абласную Дошку гонару па выніках 2019 года. Аб рэсурсах і перспектывах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі разважала дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Вітальеўна Асмалоўская.

Выступленне начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслана Юр’евіча Абрамчыка “Заўтра пачынаецца сёння: стратэгія як аснова развіцця сістэмы адукацыі” ўтрымлівала важныя тэзісы і канкрэтныя прапановы па бачанні работы галіны на перспектыву.

— Мы заглядваем за гарызонты, каб убачыць, якой будзе сістэма адукацыі заўтра, — падкрэсліў Руслан Юр’евіч.

Праведзены аналіз работы сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці сведчыць аб наяўнасці дастатковых рэсурсаў — кадравых, інфармацыйных, матэрыяльных для вырашэння пастаўленых задач па забеспячэнні якасці адукацыі. 134 студэнты і навучэнцы, 18 педагогаў атрымалі прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы таленавітай і адоранай моладзі. Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі стаў дыпламантам Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці. На абласную Дошку гонару па выніках 2019 года занесены дзве ўстановы адукацыі: гімназія № 1 Астраўца і Гродзенскі дзяржаўны прафесійны тэхналагічны каледж. На заключным этапе рэспубліканскай алімпяіды па вучэбных прадметах навучэнцы Гродзенскай вобласці заваявалі 33 дыпломы і занялі 1-е месца ў рэспубліканскім рэйтынгу па эфектыўнасці ўдзелу і 2-е — па колькасці дыпломаў.

У выступленні Р.Ю.Абрамчыка былі акрэслены асноўныя кірункі работы на ўзроўні дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы, работы з кадрамі, эканомікі адукацыі і ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Больш за 600 педагогаў і работнікаў сістэмы адукацыі Гродзеншчыны, прадстаўнікі ўлады, ветэраны педагагічнай працы сабраліся ў зале абласной філармоніі на жнівеньскую канферэнцыю. Удзел у мерапрыемстве прынялі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Сцяпанавіч Каранік, памочнік прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Іван Антонавіч Лаўрыновіч, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ігар Георгіевіч Жук, намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Францавіч Пранюк, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Уладзіміравіч Кадлубай, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Андрэевіч Лісковіч, старшыня Беларускага прафесійнага саюза  работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Раманаўна Якубовіч.

— Ва ўсе часы прафесіі ўрача і настаўніка былі найбольш паважанымі і шануемымі, таму што для таго, каб лячыць і вучыць, трэба мець іскру ў душы і вялікае добрае сэрца. Несці веды людзям — велізарная праца. Я спадзяюся, што ўсім вам удасца захаваць і перадаць сваім вучням гэтую іскру, таму што вы сапраўды ствараеце будучыню нашай краіны. Я хацеў бы, каб усе мы і нашы дзеці жылі ў цёплай і светлай краіне побач з адукаванымі, светлымі і спагадлівымі людзьмі. “Дзякуй вам вялікі!” — з такімі словамі звярнуўся да прысутных старшыня Гродзенскага аблвыканкама У.С.Каранік.

У сваім прывітальным слове намеснік міністра адукацыі А.У.Кадлубай звярнуў увагу на важнасць удасканалення выхаваўчай работы з дзецьмі і моладдзю і прапанаваў усім актыўна прыняць удзел у абмеркаванні праекта праграмы выхавання дзяцей на 2021—2025 гады.

Вялікая група педагогаў была адзначана ўзнагародамі — ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, ганаровымі граматамі і падзячнымі лістамі Гродзенскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў, ганаровымі граматамі і граматамі Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

Нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Выдатнік адукацыі» былі ўзнагароджаны намеснік дырэктара Гродзенскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту Валерый Міхайлавіч Будкоў. Тры гады запар яго навучэнцы станавіліся пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскіх спартакіяд у агульным заліку; загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 89 Гродна Жанна Канстанцінаўна Вайцяхоўская забяспечыла якасную арганізацыю адукацыйнага працэсу і цеснае ўзаемадзеянне з сацыяльнымі інстытутамі; пад непасрэдным кіраўніцтвам дырэктара Лідскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці Валерыя Адамавіча Грабоўскага ў цэнтры створана дзесяць гурткоў робататэхнікі, выхаванцы якіх з’яўляюцца па­стаяннымі прызёрамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў; настаўніца матэматыкі гімназіі Шчучына Галіна Эдвардаўна Кахновіч з’яўляецца членам рэспубліканскай экспертнай групы новага вучэбнага дапаможніка “Алгебра. Тэсты для тэматычнага кантролю”; выкладчык Скідзельскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Алена Фамінічна Ліцвін адзначана дыпломам ІІ ступені за ўдзел у рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту.

Завяршылася святочнае мерапрыемства таксама па-святочнаму — канцэртнай праграмай “Зоркавы тандэм”, у якой прынялі ўдзел педагогі вобласці. Сярод выступаючых былі дырэктар Гродзенскай гарадской гімназіі Юлія Іванаўна Анісімава, настаўнік Грынкоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Свіслацкага раёна Аляксандр Часлававіч Паўлючэня, выкладчык Гродзенскай дзіцячай школы мастацтваў імя А.Тызенгаўза Таццяна Васільеўна Перасадзька. А завяршыўся канцэрт агульным выкананнем песні “Мы адзінае цэлае” — на сцэне былі таленавітыя, крэатыўныя і прыгожыя настаўнікі Гродзеншчыны.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.