Заваяваць аўтарытэт і зацікавіць фізкультурай

Дзяніс Уладзіміравіч Лазюк ужо трэці год працуе ў Самахвалавіцкай сярэдняй школе Мінскага раёна. Малады настаўнік фізкультуры імкнецца зрабіць кожны свой урок цікавым, насычаным і карысным, каб вучні з жаданнем наступны раз ішлі ў спартыўную залу ці на школьны стадыён. І задуманае, нягледзячы на пакуль невялікі вопыт, атрымліваецца: нярэдка ад дзяцей і іх бацькоў педагогу даводзіцца чуць словы падзякі.

Пытанні “Кім быць? Якую справу выбраць?” ніколі не турбавалі Дзяніса. Нават не са школы, а з дзіцячага сада ён ужо не ўяўляў свайго жыцця без фізічнай культуры і спорту. Таму яго выбар выпаў на прафесію настаўніка адпаведнага прадмета. Хацелася не толькі самому жыць ярка, дынамічна і здорава, але і весці за сабой дзяцей і моладзь.

— Удзячны бацькам за тое, што дапамаглі мне знайсці любімую справу, — расказвае Д.У.Лазюк. — Яшчэ ў дзіцячым садку мяне аддалі ў секцыю па футболе, і гэтае захапленне чырвонай стужкай прайшло праз усё маё жыццё. Пасля заканчэння школы я паступіў у Нясвіжскі педагагічны каледж, дзе атрымаў кваліфікацыю “настаўнік фізічнай культуры, трэнер па футболе”. Вучыцца і праходзіць практыку было цікава. Не цярпелася пачаць працоўную дзейнасць, каб прафесійна вучыць таму, што я ўмею.

Малады чалавек хацеў уладкавацца ў адну са школ прысталічнага рэгіёна. Яму далі спіс, у якім значылася шэсць устаноў адукацыі, дзе была магчымасць пачаць працоўную дзейнасць. Выпускнік аб’ездзіў усе месцы і спыніў свой выбар на самахвалавіцкай школе, якая яму адразу вельмі прыглянулася. Акрамя таго, адыграла сваю ролю і тое, што хлопец даведаўся: ужо некалькі гадоў ва ўстанове, дзе больш за 600 вучняў, няма секцыі па футболе, паколькі ранейшыя педагогі развівалі іншыя віды спорту. Гэта і стала апошнім аргументам для прыняцця рашэння: трэба ж, каб у мясцовых хлопцаў была магчымасць гуляць у футбол, каб яны навучыліся рабіць гэта на высокім узроўні.

Рэальнасць не расчаравала маладога чалавека. Яму падабаецца быць настаўнікам фізічнай культуры. Дзянісу Уладзіміравічу даволі хутка ўдалося знай­сці агульную мову з вучнямі рознага ўзросту. Яго адданасць справе, стараннасць і шчырасць нікога не пакідаюць абыякавым. Старшакласнікам Д.У.Лазюк адразу патлумачыў: “Хачу, каб урокі фізкультуры былі вам цікавыя, маю намер развіваць футбол у школе, але адзін не спраўлюся, патрэбна ваша дапамога”. І вучні адгукнуліся, стараюцца дапамагаць, калі ўзнікае неабходнасць.
— Знайсці агульную мову з вучнямі мне дапамагла мудрая парада майго трэнера з каледжа, — гаворыць Д.У.Лазюк. — Ён паўтараў: “Ніколі не стаў сябе намнога вышэй за вучняў”. Я з самага пачатку стараўся стаць для школьнікаў старэйшым сябрам, не чакаў, што адразу буду карыстацца ў дзяцей аўтары­тэтам, а пачаў заваёўваць адпаведныя адносіны і павагу. Для мяне вельмі каштоўна тое, што ў школе я заўсёды адчуваў усебаковую падтрымку дырэктара і яго намеснікаў, калег. Дзякуючы гэтаму, было лягчэй прывыкнуць да перамен.

Малады педагог шукае падыход да вучняў розных класаў, каб урок фізічнай культуры для ўсіх быў жаданым. Прасцей за ўсё аказалася зацікавіць малодшых школьнікаў. Ім вельмі даспадобы разнастайныя рухавыя гульні. Дзяніс Уладзіміравіч прапануе такія, каб увесь клас быў за­дзейнічаны і ўсе знаходзіліся на вачах у настаўніка. Вучні малодшых класаў вельмі актыўныя, у іх шмат энергіі, яны з задавальненнем займаюцца фізічнай культурай на ўроках і футболам у секцыях. Неаднойчы педагогу дзякавалі бацькі за тое, што іх малышам падабаецца фізкультура.

Дзяніс Уладзіміравіч пастаянна падтрымлівае кантакт з бацькамі і класнымі кіраўнікамі, каб больш ведаць і пра стан здароўя сваіх вучняў, і пра іх самаадчуванне, праблемы. Здараецца: бацькі папярэджваюць аб тым, што зранку дзіцяці не здаровілася, і просяць не перагружаць яго на фізкультуры, а вучань, нягледзячы ні на што, хоча займацца ў поўную сілу. У такіх выпадках настаўнік тлумачыць дзіцяці, што калі не паберагчы сябе сёння, можна захварэць заўтра. А каб вучань не сумаваў, суцяшае: “Ты не будзеш займацца, а станеш на гэты ўрок маім памочнікам”. Такі давер і новую ролю дзеці таксама цэняць і выконваюць няхітрыя абавязкі з цікавасцю.

Некаторых вучняў старшых класаў варта было спачатку пераканаць, што фізкультура, рух — гэта важна, іх варта палюбіць аднойчы і назаўсёды. На жаль, сучасныя падлеткі так прывыкаюць да гад­жэтаў, што іх адтуль адарваць даволі цяжка. Нават прасядзеўшы некалькі ўрокаў за партай, не ўсім хочацца ісці ў спартыўную залу. Але пасля фізкультуры ў школьнікаў застаюцца толькі прыемныя ўражанні. І вучні, якія, напрыклад, не ўзялі з сабой спартыўную форму, разумеюць: яны нічога не набылі, а толькі страцілі. Наступны раз ім ужо хочацца ісці на фізкультуру і працаваць нароўні з усімі.

Дапамагаюць таксама дарослыя размовы са старшакласнікамі. Дзяніс Уладзіміравіч узнімае сур’ёзныя тэмы, каб прымусіць задумацца, зрабіць самастойныя вывады. Напрыклад, звяртае ўвагу на тое, што ёсць людзі з абмежаванымі магчымасцямі, якія, тым не менш, займаюцца спортам ды яшчэ і прафесійна, удзельнічаюць у Параалімпійскіх гульнях.

— Часам дзеці прабягаюць некалькі кругоў на стадыёне, стамляюцца, але адчуваецца, што яны задаволены вынікам, — расказвае педагог. — Я магу пры гэтым заўважыць, што курыльшчыкі са стажам увогуле не змогуць столькі прабегчы, для іх гэта будзе непасільнай задачай. Такім чынам ненавязліва стараюся прыцягнуць увагу да важнай тэмы здаровага ладу жыцця.

Прапанаваць разнастайныя заняткі на ўроках Дзяніс Ула­дзіміравіч можа яшчэ і дзякуючы таму, што ёсць адпаведны спартыўны інвентар. Малады педагог вельмі ўдзячны кіраўніцтву школы за тое, што было набыта ўсё, што ён папрасіў, для спартыўнай залы: мячы, стойкі, бар’еры, фішкі і інш. І варыянтаў зацікавіць дзяцей стала намнога больш. Аднак самы лепшы і багаты інвентар не гарантуе пос­пеху. Д.У.Лазюк зрабіў вывад: на ўроку варта быць пільным да сітуацыі, да таго, што зараз цікава дзецям. Часам варта адмовіцца ад нейкага практыкавання, калі відаць, што вучні абсалютна не праяўляюць цікавасці, і замяніць яго іншым.

Адзін з прафесійных сакрэтаў маладога педагога — абавязкова ўзнагародзіць нечым вучняў, якія добра працавалі. Напрыклад, часам ён пакідае ў якасці заахвочвання 5—7 мінут напрыканцы ўрока і дазваляе школьнікам самастойна выбраць сабе занятак. Хтосьці ў гэты час рады пагуляць у валейбол ці баскетбол, паўтарыць нейкія практыкаванні ці пабегаць… Настаўніку асабліва радасна, калі дзеці падыходзяць і просяць паказаць ім некалькі новых практыкаванняў.

Таццяна ШЫМКО.