Заваяваць паездку ў Аўстрыю і… змяніць свет да лепшага

- 11:45Нам пішуць

У Беларусі стартаваў прыём заявак на конкурс праектаў для старшакласнікаў Velcom YOUTH. Навучэнцам 10—11-х класаў, якія хочуць змяніць навакольны свет да лепшага, прадастаўляецца магчымасць атрымаць неабходныя веды і рэалізаваць праект па цікавай для сябе тэме. Лепшыя з лепшых выступяць на TEDxYouth@Minsk і атрымаюць iPhone Xs. А пераможцы паедуць на TEDx у Аўстрыю.

Сацыяльна-адукацыйны праект рэалізоўваецца кампаніяй Velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. Сярод яго асноўных мэт — пошук і падтрымка таленавітай моладзі, павышэнне цікавасці навучэнцаў да тэхналагічных інавацый, вывучэння, роднай мовы, выхаванне адказнасці да выбару прафесіі і далейшай кар’еры, укараненне высокатэхналагічных фарматаў навучання.

У аснове канцэпцыі праекта — выкарыстанне сучасных тэлекамунікацыйных каналаў для інтэрактыўнага ўзаемадзеяння са школьнікамі. Яго адметнай рысай з’яўляецца тое, што ўся камунікацыя — ад падачы заяўкі да прэзентацыі ў фінале — будзе весціся на беларускай мове.

Прыём заявак для ўдзелу ў конкурсе працягнецца да 11 лістапада. У заяўцы трэба пазначыць тэму выступлення ў адным з трох напрамкаў конкурсу (тэхналогіі, культура, інклюзія) і абгрунтаваць свой удзел у гэтых спаборніцтвах. Паводле заявак будзе сфарміраваны спіс удзельнікаў наступных этапаў праекта.

— Сёння мы можам назіраць зрушэнне акцэнтаў ад традыцыйных форм навучання ў бок інтэрактыўных метадаў, ад рашэння агульнаадукацыйных задач у бок ранняга выяўлення і развіцця прафесійных і так званых надпрафесійных навыкаў: умення наладжваць камунікацыю, працаваць у камандзе, эфектыўна планаваць сваю дзейнасць. Праект Velcom YOUTH дапаможа сённяшнім школьнікам знайсці найбольш эфектыўны шлях да паспяховай самарэалізацыі і зрабіць першыя крокі ў гэтым напрамку, — адзначае дырэктар галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Павел Ліс.

Яшчэ да рэалізацыі сваіх смелых ідэй у канкурсантаў з’явіцца магчымасць прыняць удзел у шэрагу цікавых навучальных мерапрыемстваў. Кампанія Velcom плануе арганізаваць падтрымку ўдзельнікаў праекта на ўсіх яго этапах у форме масавых інтэрактыўных анлайн-заняткаў па тэмах “Мастацтва прэзентацыі”, “Аратарскае майстэрства”, “Майстэрства лідара”. Яны пройдуць у выглядзе воркшопаў на вялікай пляцоўцы з трансляцыяй на бясплатным адукацыйным канале лічбавага тэлебачання VOKA — VOKAYOUTH. Спікерамі выступяць заснавальнікі выбітных беларускіх стартапаў і прафесіяналы ў адпаведных галінах.

— У сучасным свеце межы паміж краінамі робяцца ўсё больш умоўнымі, калі гаворка ідзе пра зносіны, абмен ідэямі, пошук месца атрымання вышэйшай адукацыі ці працаўладкаванне. З дапамогай сацыяльна-адукацыйнага праекта мы вырашылі прадэманстраваць падлеткам магчымасці для рэалізацыі іх патэнцыялу і адначасова паказаць, што ідэі, народжаныя ў Беларусі, могуць з цікавасцю ўспрымацца па-за яе межамі і нават змяняць да лепшага свет на глабальным узроўні, — падкрэсліў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый Velcom Мікалай Брэдзелеў.

З 20 студзеня па 20 лютага 2019 года ўдзельнікі конкурсу будуць мець магчымасць рэалізаваць сваю ідэю: падрыхтаваць і правесці нефармальнае адукацыйнае мерапрыемства (майстар-клас, дэбаты ці дыскусію па тэме свайго праекта). Відэаролік з прэзентацыяй рэалізаванага праекта і доказам яго значнасці і перспектыўнасці неабходна будзе размясціць на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках з хэштэгам #VelcomYOUTH і даслаць спасылку на info@velcom-youth.by. Яго ацэніць журы, якое возьме пад увагу адпаведнасць выкананага праекта выбранай тэме, арыгінальнасць і нестандартнасць вырашэння праблемы, практычную рэалізацыю праекта, адлюстраванне яго сутнасці ў відэароліку.

Аўтары самых яркіх, сучасных і арыгінальных праектаў трапяць у лік 10 фіналістаў. Яны наведаюць TEDxMinsk 2019 і пачнуць працаваць над прэзентацыяй сваёй ідэі з лепшымі ментарамі. Іх выступленні пройдуць на выніковым мерапрыемстве TEDxYouth@Minsk у маі будучага года. “Цудоўная дзясятка” фіналістаў атрымае прызы — мабільныя тэлефоны iPhone Xs, а трое пераможцаў (па адным у кожным напрамку конкурсу) будуць запрошаны на мерапрыемства TEDx у Аўстрыю.

Падрыхтавала Наталля КАЛЯДЗІЧ.