Заваяваць увагу і павагу

У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прайшла сустрэча дэпутатаў Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы з кіраўніцтвам і журналістамі “Настаўніцкай газеты”. Сустрэчы з членамі галіновай камісіі сталі для калектыву рэдакцыі традыцыйнымі. І гэтым разам адбылася цікавая канструктыўная размова, якая была аб’яднана тэмай развіцця і далейшага ўдасканалення сістэмы адукацыі з улікам новага  законапраекта Кодэкса аб адукацыі. У размове прынялі  ўдзел старшыня камісіі І.А.Марзалюк і галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” В.А.Кнышаў.

Адкрываючы мерапрыемства, старшыня пастаяннай камісіі І.А.Марзалюк акрэсліў задачы парламенцкай камісіі, скіраваныя на забеспячэнне функцыянавання і дынамічнага развіцця адукацыі, культуры і навукі.

— Мы чакаем паступлення на разгляд у Палату прадстаўнікоў праекта новай рэдакцыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, — адзначыў Ігар Аляксандравіч. — Кодэкс з’яўляецца адным з найважнейшых дакументаў нашай краіны. Ён закранае інтарэсы ўсяго нашага грамадства. Таму ставіцца задача, каб новая рэдакцыя гэтага дакумента садзейнічала развіццю сістэмы адукацыі, набліжэнню прафесійнай падрыхтоўкі да сучаснай вытворчасці, павышэнню прэстыжу педагагічнай працы і статусу педагога, развіццю дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы адукацыі.

Новы законапраект прайшоў доўгі шлях удасканалення, ён абмяркоўваўся не толькі ў педагагічным асяроддзі, з кіруючымі органамі адукацыі ўсіх узроўняў, дэталёва разглядаўся з іншымі зацікаўленымі структурамі, з прадстаўнікамі міністэрстваў і ведамстваў, з нашай грамадскасцю.

В.А.Кнышаў у працяг тэмы выказаўся наконт дасканаласці законапраекта, наколькі новая рэдакцыя будзе адпавядаць рэаліям функцыянавання адукацыйнай галіны, ці патрэбна яго дэталізацыя. Сапраўды, заўважыў І.А.Марзалюк, у былым варыянце Кодэкса прысутнічала залішняя дэталізацыя, якая перашкаджала дзейнасці адукацыйнай галіны, непасрэдна кіраўніцтву ўстаноў адукацыі і педагагічных калектываў.

— Трэба разумець, што Кодэкс, як любы закон, не інструкцыйны дакумент і не прадугледжвае дробнай тактыкі, — адзначыў Ігар Аляксанд­равіч. — Ён з’яўляецца стратэгічным дакументам, дзе закладзены канцэптуальныя падыходы развіцця той ці іншай галіны, у нашым выпадку — адукацыйнай. Пры існаванні такога закона задача Міністэрства адукацыі і адпаведных кіруючых структур — суправаджаць гэты дакумент метадычна, выпрацоў­ваць адпаведныя рэкамендацыі.

І.А.Марзалюк паведаміў, што ў дэпутацкім партфелі камісіі знаходзяцца законапраекты, якія тычацца іншых галін, у тым ліку культуры і навукі. Так, у прыватнасці, дэпутаты камісіі прымаюць актыўны ўдзел у рабоце па ўдасканаленні заканадаўства ў культурнай сферы. У першую чаргу гэта тычыцца Кодэкса аб культуры. Вядзецца работа па ўдакладненні некаторых норм гэтага дакумента. Акрамя таго, камісія працуе над удасканаленнем  прававога механізма забеспячэння навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці. Шмат увагі ўдзяляецца развіццю супрацоўніцтва ў сферы навукі і інтэлектуальнай уласнасці ў межах СНД і Еўразійскага эканамічнага саюза, каб забяспечыць здаровую канкурэнцыю, абараніць рынкі збыту айчыннай прадукцыі і такім чынам пашырыць экспартны  патэнцыял вытворцаў прадукцыі.

Дэпутацкая дзейнасць не абмяжоўваецца толькі работай у камісіях парламента і на сесіях. Важнае месца ў дэпутацкай дзейнасці займае работа членаў камісіі ў сваіх акругах. Аб гэтым дэпутаты расказалі журналістам “Настаўніцкай газеты”.

Дэпутат А.П.Каляснёва рэгулярна выязджае ў Горацкую выбарчую акругу. Да свайго дэпутацтва яна працавала прарэктарам Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. Яе па-ранейшаму прыцягвае студэнцкае асяроддзе. Кола інтарэсаў студэнцкай мола­дзі сёння вельмі шырокае: маладых людзей цікавіць не толькі вучэбны працэс, пытанні размеркавання і сацыяльных гарантый, дыпломнага праектавання, здачы дзяржаўных экзаменаў, але і як далей будаваць сваю прафесійную кар’еру, як уключыцца ў навуковую дзейнасць і інш.

З задавальненнем Алена Пятроўна сустракаецца і са школьнікамі. Яна высока ацаніла новы адукацыйна-інфармацыйны праект “ШАГ”, распрацаваны па ініцыятыве Міністэрства адукацыі. Як адзначыла дэпутат, праект дазваляе істотна разнастаіць інфармацыйную работу ў навучэнскім асяроддзі, павысіць грамадзянскую актыўнасць навучэнцаў, выклікаць у іх цікавасць да тых падзей, якія адбываюцца за межамі навучальнай установы, у цэлым у краіне.

— Задачай “Школы актыўнага грамадзяніна” з’яўляецца прадастаўленне нашым школьнікам узораў паспяховага прафесійнага жыццёвага шляху на прыкладзе ганаровых і значных асоб, якіх запрашаюць на сустрэчы з выхаванцамі школ, — падкрэсліла дэпутат Л.В.Кір’як. — Гэта вельмі эфектыўны праект, які, безумоўна, прынясе станоўчыя вынікі ў выхаванні маладога пакалення, засцеражэ нашых дзяцей ад негатыўнага ўплыву
інфармацыйнай прасторы.

Лілія Вацлаваўна пачынала свой працоўны шлях з настаўніцтва, а потым узначаліла школу. І ўжо дэпутатам яна заўсёды сустракаецца з педагогамі, імкнецца дапамагчы ім альбо даць параду. На сустрэчах абмяркоўваюцца тэмы аб заканадаўстве ў сферы працоўных адносін, сістэме аплаты працы, узаемадзеяння ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу.

— Педагогаў хвалюе, як найбольш эфектыўна наладзіць узаемаадносіны школы і сям’і, каб баць­кі больш актыўна ўдзельнічалі ў выхаванні дзяцей, — адзначыла Л.В.Кір’як. — Механізм такога су­працоўніцтва паміж педагогамі і бацькамі ўжо выбудаваны праз ­бацькоўскія камітэты, папячыцельскія саветы, саветы школ, але інерт­насць сярод бацькоў яшчэ прысутнічае. Таму трэба шукаць новыя падыходы ў тым, каб сям’я працавала ва ўнісон са школай.

У гэтым пэўная роля павінна належаць сродкам масавай інфармацыі, асабліва педагагічным выданням, дзе можна паказваць тыя сем’і, якія з’яўляюцца прыкладам у выхаванні дзяцей, адзначыла ў працяг гутаркі намеснік старшыні камісіі І.М.Рынейская, якая да працы ў дэпутацкім корпусе ўзначальвала ўпраўленне адукацыі, спорту і турызму Бабруйскага гарвыканкама.  Як было падкрэслена, трэба паказваць вопыт выхаваўчай работы класных кіраўнікоў школ, інспектараў ІСН, прадстаўнікоў іншых структур, якія працуюць з нядобранадзейнымі сем’ямі. Такім чынам, паказваць міжведамаснае ўзаемадзеянне ў выхаваўчай рабоце з падрастаючым пакаленнем.

Была звернута ўвага і на арга­нізацыю шостага школьнага дня. Цяпер  галоўны ўхіл зроблены на правядзенне фізкультурна-аздараўленчай работы, працоўнага навучання, арганізацыю факультатыўнай работы. Магчыма, бацькі таксама могуць быць уключаны ў правядзенне гэтага дня, праяў­­ляць больш ініцыятывы з улікам сваіх інтарэсаў і інтарэсаў дзяцей.

Намеснік старшыні камісіі А.І.Сягоднік у сваім выступленні падкрэсліў, што выхаванне дзяцей не павінна быць прэрагатывай толькі сістэмы адукацыі. Неабходна ўзмацніць у гэтым ролю іншых структур, у тым ліку органаў аховы здароўя, праваахоўных органаў, МНС, мясцовых улад і інш. І такія прыклады ўзаемадзеяння паказ­ваць у газеце.

Галоўны рэдактар выдання В.А.Кнышаў падтрымаў меркаванні дэпутатаў. Сапраўды, тэмы ўзаемадзеяння школы і сям’і, прэстыжнасці педагагічнай працы вельмі актуальныя. Яны абмярковаліся ў час правядзення прэс-тураў, якія праводзіць “Настаўніцкая газета” ў рэгіёнах нашай краіны.

— Павысіць статус прафесіі настаўніка, у тым ліку сярод бацькоў, з’яўляецца адной з мэт нашага выдання, — падкрэсліў Вадзім Аляксандравіч. — Наш праект “Адукацыя ў асобах” — пацвярджэнне гэтага. Мы імкнёмся ў сваіх матэрыялах дэманстраваць пазітыўны вопыт навучальных устаноў, паказваць настаўніка не толькі як прафесіянала, але і як асобу. Калі вучань палюбіць свайго настаўніка, то ён палюбіць і яго прадмет.

— Сапраўды, педагог павінен заваяваць увагу і павагу з боку сваіх выхаванцаў, — адзначыў І.А.Марзалюк. — Ён не толькі дае веды, ён фарміруе асобу, дапамагае ў прафесійным выбары. І калі настаўнік па прызванні трапляецца на тваім шляху, то, як правіла, ты выбудоўваеш сваё жыццё з высокім прызначэннем.

— На мой жыццёвы шлях істот­­на паўплывалі настаўнікі ў шко­ле, — паведаміла дэпутат І.А.Дарафеева. — Яны мне не толькі дапамаглі вызначыцца ў  выбары прафесіі, але і сфарміравалі асноўныя рысы майго характару, і я вельмі ўдзячна ім за гэта. Вынік педагагічнай працы вызначаецца тым, наколькі педагог можа знайсці сцяжынку да душы свайго вучня. Калі гэты кантакт наладжаны, то поспех гарантаваны.

Працягам тэмы вышэйшай адукацыі стала выступленне намесніка старшыні камісіі Т.Р.Якубовіч, якая да выбрання ў парламент працавала прарэктарам Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Таццяна Раманаўна цесна супрацоўнічае з установай, пастаянна сустракаецца са студэнтамі і калегамі. Яна адзначыла, што апошнім часам назіраецца тэндэнцыя скарачэння прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы па шэрагу спецыяльнасцей, якія не запатрабаваны на рынку працы.

Як было заўважана, сёння мэтазгодна скіроўваць моладзь на засваенне рабочых прафесій, у якіх маюць патрэбу нашы прадпрыемствы. У фарміраванні балансу працоўных рэсурсаў неабходна ўзмацніць узаемадзеянне паміж сістэмай адукацыі і работадаўцамі.

Дэпутатам А.М.Анісім было ­закранута пытанне развіцця бе­ларускай мовы і ролі ў гэтым сістэмы адукацыі. І.А.Марзалюк як адзін з удзельнікаў ­распрацоўкі Канцэп­цыі па інфармацыйнай бяс­пецы Рэспублікі Беларусь звярнуў увагу на змест дакумента, у якім адзначана, што беларуская мова з’яўляецца найважнейшым прыя­рытэтам нацыянальнай тоеснасці беларускай нацыі і найважнейшым элементам захавання ўстойлівай бяспекі краіны. Гэта азначае, што на дзяржаўным узроўні беларуская мова падтрымана і будзе далей развівацца.

У час сустрэчы з боку журналістаў паступіла шэраг пытанняў, на якія яны атрымалі змястоўныя адказы.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.