Завешчана берагчы

- 9:27Актуально, На парадку дня

Міністр адукацыі Андрэй Іванец наведаў гісторыка­культурны комплекс “Лінія Сталіна” і прыняў удзел ва ўроку памяці “Нам гэты мір завешчана берагчы”.

Сустрэча была прысвечана Году гістарычнай памяці і 100-годдзю піянерскага руху. У знакавым месцы сабраліся піянеры з усіх куткоў краіны — пераможцы рэспубліканскіх праектаў БРПА, лідары дзіцячых палат, актывісты руху.

Урок памяці дапамог растлумачыць маладому пакаленню тэзісы аб каштоўнасці міру, важнасці захавання памяці пра подзвігі савецкіх салдат і сучасных герояў Беларусі. Падлеткі задалі хвалюючыя пытанні міністру і абмеркавалі будучыя праекты, падзяліліся сваімі ініцыятывамі. І, вядома ж, прынялі ўдзел у экскурсійнай адукацыйнай праграме па гісторыка-культурным комплексе, дзе пазнаёміліся з сістэмай абарончых умацаванняў.

— Правядзенне ўрока памяці — вельмі знакавая падзея, — адзначыў Андрэй Іванавіч. — Сёння моладзь з вялікай цікавасцю ставіцца да гісторыі і такія сустрэчы шмат у чым дапамагаюць не проста расказаць пра мінулае нашай краіны, але і паказаць на прыкладзе такога выдатнага комплексу, як “Лінія Сталіна”.

Як адбываецца працэс патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення ў сучасных рэаліях? Міністр адукацыі цвёрда ўпэўнены, што падстаў для хваляванняў няма:

— Калі мы выцягнем нашу моладзь з лічбавага “гета”, то ўсе традыцыйныя метады выкладання гісторыі і навучання патрыятызму будуць эфектыўнымі. Я не лічу, што моладзь цяпер іншая, але на яе сапраўды аказвае моцны ўплыў інтэрнэт-культура. Калі яго мінімізаваць і прывіць дзецям здаровыя інтарэсы, часцей падарожнічаць па краіне, гэта будзе лепшым і самым дзейсным спосабам выхаваць любоў да сваёй Радзімы.

Соф’я ЦЫКУНОВА.