Завіталі да суседзяў

- 18:04Выхаванне, Выхаваўчая работа

Што можна здзейсніць за два летнія дні? Вучні Ладзеніцкага дзіцячага сада — базавай школы вырашылі завітаць да суседзяў — у ваколіцы аграгарадка Валеўка, што знаходзіцца таксама на Навагрудчыне, і разам павандраваць.

Дзеці азнаёміліся з былой шляхецкай сядзібай Чамброў, якая належала сям’і Адэлі Узлоўскай, хроснай маці Адама Міцкевіча, пабывалі на Радагашчанскай гары, старажытным паселішчы ІІІ ст. н.э.

У Валеўскім школьным народным гісторыка-краязнаўчым музеі для юных падарожнікаў была праведзена цікавая і пазнавальная экскурсія, у час якой дзяцей вельмі ўразілі такія непадобныя адзін да аднаго экспанаты, як зуб маманта і калаўрот, пад­ручнік пачатку ХІХ ст. і чучалы аленя, ваўка, дзіка.

Вечарам хлопчыкаў і дзяўчынак чакалі збор дроў для распальвання вогнішча, гатаванне ежы, гульні і зносіны з аднакласнікамі, лоўля рыбы ў невялікай сажалцы.

Назаўтра паход працягваўся ў кірунку нашага любімага возера Свіцязь, на беразе якога дзеці атрымалі сапраўдную асалоду ад непаўторнай прыроды, водных і сонечных працэдур.

Летні турыстычны сезон паспяхова адкрыты, наперадзе мноства цікавых падарожжаў.

Ігар КОМАР,
класны кіраўнік 6 класа Ладзеніцкага дзіцячага сада — базавай школы Навагрудскага раёна.