Завод “Штадлер Мінск”: іміджавы праект для краіны

Рэалізацыя сумесных праектаў з такімі вядомымі ў свеце кампаніямі, як “Штадлер”, сур’ёзна ўзнімае імідж Беларусі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час сустрэчы са старшынёй адміністрацыйнага савета ўладальнікам кампаніі “Штадлер Рэйл Груп” Петэрам Шпулерам.

“Мы ў Беларусі стварылі сапраўды саліднае прадпрыемства (сумесны завод “Штадлер Мінск”. — Заўв. БелТА.). Ваша прадпрыемства даўно ўжо вядома ўсяму свету, але тое, што на гэтай карце з’явілася Беларусь з вытворчасцю развітога чыгуначнага, электрычнага транспарту, вядома, сур’ёзна ўзнімае імідж краіны”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы ўспомніў сваю першую сустрэчу з Петэрам Шпулерам і паездку па чыгунцы, у час якой яны і дамовіліся аб будаўніцтве ў Беларусі сумеснай вытворчасці. Гэтую ідэю ўдалося рэалізаваць за кароткі час, завод быў хутка, без асаблівых цяжкасцей пабудаваны і запушчаны. “Мы вельмі хутка дамовіліся аб сумеснай рабоце. Калі б у нас усё так хутка развівалася, як стварэнне вашага прадпрыемства ў Беларусі, было б зусім нядрэнна”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў час сустрэчы бакі маюць намер абмеркаваць планы далейшай сумеснай работы і бягучыя праблемныя пытанні, калі яны ёсць.

“Я шмат чуў, што вы стварылі нейкі цуда-поезд для нашага метро, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Можа, у час пастаноўкі на рэйкі гэтага поезда мы з вамі пракоцімся яшчэ раз. Можа, у гэтай электрычцы ў нас з’явяцца новыя ідэі, як некалі”.

У сваю чаргу Петэр Шпулер падзякаваў за магчымасць сустрэцца з Прэзідэн­там Беларусі і даў высокую ацэнку рабоце сумеснага завода “Штадлер Мінск”. “У Фаніпалі сёння вырабляюцца паязды не толькі для Беларусі, але і для сусветнага рынку. Нам даводзіцца працаваць ва ўмовах вельмі жорсткай канкурэнцыі. Мы вырабляем паязды для Нарвегіі, двухпавярховыя паязды для Венгрыі, робім для Славеніі электрычныя паязды”, — расказаў ён.

Як паведамлялася, напярэдадні кампанія “Штадлер” і дзяржаўнае прадпрыемства “Мінскі метрапалітэн” прэзентавалі першы чатырохвагонны поезд для сталічнай падземкі. Гэта інавацыйны рухомы састаў, які не мае аналагаў у краінах СНД. Яго распрацоўкай і вытворчасцю займалася прадпрыемства “Штадлер Мінск”. Гэты завод, па ўмовах дагавора з Мінскім метрапалітэнам, павінен паставіць дзесяць паяздоў для трэцяй лініі сталічнай падземкі. Метрапалітэн павінен атрымаць шэсць паяздоў у 2019 годзе, астатнія чатыры — у 2020 годзе.

Завод “Штадлер Мінск” быў афіцыйна адкрыты 20 лістапада 2014 года. Прадпрыемства ўваходзіць у склад швейцарскай кампаніі “Штадлер Рэйл Груп”, якая ўжо больш як 75 гадоў з’яўляецца адным з вядучых еўрапейскіх вытворцаў чыгуначнага рухомага саставу. “Штадлер Рэйл Груп” мае таксама філіялы ў Аўстрыі, Аўстраліі, Алжыры, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Германіі, Нідэрландах, Венгрыі, Польшчы, Чэхіі, Італіі і ЗША.