Завяршэнне навагодніх святаў

Новы год — найлепшае свята для дзяцей. Навагодняя ярка ўпрыгожаная ёлка, доўгачаканыя падарункі, Дзед Мароз і Снягурка… Колькі радасці, цяпла, чараўніцтва і сюрпрызаў!

Але свята заканчваецца, пачынаюцца будні, і прыходзіць час развітвацца з нашай прыгажуняй.

Як лагічнае завяршэнне навагодніх святаў, напярэдадні старога Новага года ва ўсіх групах нашай установы праводзіцца свята развітанне з ёлкай.

Музычныя кіраўнікі і выхавальнікі дашкольнай адукацыі зрабілі гэтае свята вясёлым, шумным, займальным і забаўляльным. Усе дзеці — ад самых маленькіх да старэйшых — мелі магчымасць яшчэ раз сустрэцца з навагодняй прыгажуняй. Спявалі, танцавалі, гулялі, чыталі вершы і гралі на музычных інструментах.

Завяршаючы мерапрыемства, расказалі зялёнай прыгажуні свае пажаданні, праспявалі для яе карагодную песню і развіталіся да новых сустрэч. Бо роўна праз год зноў прыйдуць вясёлыя навагоднія святы. Зноў у госці завітаюць Дзед Мароз са Снягуркай, а разам з імі — зялёная ёлка, якая заззяе, зазіхаціць сваім чароўным навагоднім уборам. І тады закружыцца ў вясёлым карагодзе дзятва, і будзе звінець смех і музыка. І зноў загарацца шчасцем дзіцячыя вочы!

Т.М. ВАСІЛЕЎСКАЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 13 Смаргоні.