Зазірні ў дзіцячыя вочы

- 12:17"Настаўніцкай газеце" — 70

Дзевяностыя гады былі складанымі ва ўсіх адносінах. Акрамя эканамічных, палітычных бязладзіц, асаблівае месца ў грамадстве займала праблема безнаглядных, пакінутых дзяцей. Шматлікія дзіцячыя дамы былі запоўнены дзецьмі, якія аказаліся не патрэбнымі бацькам. Калектывы такіх устаноў усяляк імкнуліся стварыць для дзяцей атмасферу дома. Як відаць з тагачаснага газетнага матэрыялу, атрымлівалася гэта не заўсёды. Узнікалі цяжкасці з фінансаваннем, станам матэрыяльна-тэхнічнай базы, але работнікі дзіцячых дамоў папаўнялі гэты недахоп душэўным стаўленнем да сваіх выхаванцаў. Для дзяцей яны станавіліся другімі мамамі, напаўняючы іх маленькія сэрцайкі любоўю, увагай, клопатам. А як жывецца дзецям-сіротам сёння? Дзякуючы павышанай увазе на ўсіх дзяржаўных узроўнях праблеме сіроцтва, колькасць дзетак, пазбаўленых сямейнага цяпла, значна зменшылася. Але і тых, хто, нягледзячы на ўсе меры, якія прымаюцца, набыў статус сіраты або застаўся без апекі бацькоў, імкнуцца ўладкаваць на выхаванне ў сем’і: прыёмныя, апякунскія, замяшчальныя. На Магілёўшчыне падобная работа вядзецца вельмі плённа. Спецыялісты розных ведамстваў актыўна ўзаемадзейнічаюць, прытрымліваючыся думкі пра тое, што чужых дзяцей не бывае.
Як вынік — сёння больш за восемдзесят працэнтаў дзяцей-сірот выхоўваюцца ў сям’і. Вобласць на лідзіруючых пазіцыях у рэспубліцы па будаўніцтве і функцыянаванні дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Шмат зроблена і ў плане работы з нядбайнымі бацькамі. Значная частка дзетак вяртаецца ў свае біялагічныя сем’і.
Такія станоўчыя тэндэнцыі паўплывалі на сетку ўстаноў для дзяцей-сірот. За апошнія некалькі гадоў у рэгіёне было аптымізавана ці рэарганізавана сем устаноў інтэрнатнага тыпу. Магілёўскі дашкольны дзіцячы дом, пра які ішла гаворка ў газетным матэрыяле 1995 года, таксама з нядаўніх часоў спыніў сваё існаванне. А вось спецыялізаваны дом дзіцяці для дзяцей з арганічным паражэннем ЦНС з парушэннем псіхікі, які знаходзіцца тут жа, па вуліцы Сурганава, наадварот, папоўніўся выхаванцамі. Сюды пераехалі дзеці з планава закрытай аналагічнай установы Бабруйска. Цяпер Магілёўскі спецыялізаваны дом дзіцяці — адзіная ўстанова для дзяцей-сірот ва ўзросце да трох гадоў па ўсёй вобласці.Як выствелілася, гэтая ўстанова — аднагодак “Настаўніцкай газеты”. Сёлета тут адзначалі сямідзесяцігадовы юбілей.
— Наша ўстанова ўзнікла ў маі сорак пятага, літаральна праз тыдзень пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Тут знайшлі дом тысячы дзяцей, якія сталі ахвярамі ваеннага ліхалецця. Усяго ж за час існавання дома дзіцяці праз яго сцены прайшло больш як адзінаццаць тысяч дзяцей, — расказвае галоўны ўрач Наталля Александровіч.
Паводле яе слоў, цяпер ва ўстанове выхоўваюцца 118 малых. З сумам суразмоўніца гаворыць пра тое, што ўсе дзеткі — сацыяльныя сіроты. Фактычна ва ўсіх ёсць бацькі, толькі дзеці ім аказаліся непатрэбныя. У кожнага выхаванца свая трагічная гісторыя: ад адных адмовіліся ў радзільным доме з-за няпростага дыягназу, іншыя былі адабраны з сям’і, у якой не было ніякіх умоў для нармальнага існавання. Як заўважае старшы выхавальнік Тамара Грыбоўская, такія дзеці прыходзяць запушчаныя, яны дзікія, як ваўчаняты.
— Было нават такое, што малы адмаўляўся есці нармальную ежу. Прасіў хлеба, сала, бо толькі гэта з прадуктаў і бачыў, — адзначае Тамара Аляксандраўна.
За сваё маленькае жыццё гэтыя дзеці бачылі шмат непрыемнасцей, таму ўсе яны асабліва востра маюць патрэбу ў медыцынскай і педагагічнай дапамозе, у чалавечым цяпле, увазе, прафесійным клопаце. Усё гэта ім імкнуцца даць работнікі дома дзіцяці.
— Дзеткі для нас — галоўнае, таму тут няма выпадковых людзей. Касцяк калектыву сфарміраваўся яшчэ трыццаць гадоў назад. Шмат у каго з супрацоўнікаў адзін запіс у працоўнай кніжцы. Як прыйшлі сюды адразу пасля інстытута, так і засталіся. Цяпер яны ўжо на заслужаным адпачынку, але працягваюць працаваць. Не змаглі пакінуць гэтыя сцены, — кажа галоўны ўрач Наталля Александровіч, якая і сама мае трыццаць пяць гадоў бесперапыннага стажу.Малышы, якія трапілі сюды, з першых дзён жыцця апынуліся адны ў цэлым свеце. Па гэтай прычыне ўсе работнікі дома дзіцяці, а калектыў тут амаль цалкам жаночы, становяцца “мамамі” абяздоленым дзеткам.
— Многія гады ў нас існуе добрая традыцыя: за кожным выхаванцам прызначаецца “мама” з ліку як медыкаў, так і педагогаў. Пры трохзменным рэжыме работы на аднаго малыша прыходзіцца па некалькі “мам”. Дзеткі іх пазнаюць, радуюцца іх прыходу. Такая практыка ў значнай ступені садзейнічае эмацыянальнаму і псіхічнаму развіццю малых, — заўважае старшы выхавальнік Тамара Грыбоўская.
Адметна, што супрацоўнікі дома дзіцяці не літаральна, а на самай справе сталі мамамі для сваіх выхаванцаў. Выхавальнікі, медсёстры, тэхперсанал любяць чужых малых са складанымі медыцынскімі дыягназамі, як сваіх родных дзяцей. Напэўна, таму ўстанова зусім не выглядае казённай. Усе памяшканні па-дамашняму ўтульныя, але ў той жа час тут створана ўсё неабходнае для паўнацэннага выхавання, кваліфікаванага догляду, аздараўлення малых.
— Дзякуючы дастатковаму фінансаванню, дабрачыннай дапамозе многіх неабыякавых людзей, наш дом дзіцяці ні ў чым не мае патрэбы. Размяшчаемся мы ў не так даўно пабудаваным будынку. Сёння ў нас створаны ўсе ўмовы для якаснага медыка-псіхолага-педагагічнага суправаджэння кожнага дзіцяці. Функцыянуе фізіятэрапеўтычнае аддзяленне, два лагапедычныя кабінеты, два басейны, палаты паліятыўнай медыцынскай дапамогі, кабінеты ранняга ўмяшання, рэлаксацыi, сенсорнай інтэграцыі, сацыяльнай адаптацыі і карэкцыі паводзін, гімнастычная і музычная залы. Усе групы ў дастатковай колькасці аснашчаны цацкамі, маюць асобныя спальныя і абедзенныя пакоі, — адзначае галоўны ўрач.
Па словах Наталлі Аляксандровіч, большасць дзетак у доме дзіцяці маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем. Ды і фізічна здаровыя малышы часта адстаюць у развіцці з-за таго, што нядбайныя бацькі зусім імі не займаліся. Таму для кожнага выхаванца распрацавана свая, асаблівая, праграма аказання ранняй комплекснай дапамогі.
— Для кожнага дзіцяці, правёўшы дыягностыку, мы вызначаем персанальны лячэбна-аздараўленчы і адукацыйны маршрут. Яго канчатковая мэта — атрымаць максімальна магчымы для малога вынік паляпшэння, — тлумачыць Наталля Мікалаеўна.
У гэтых індывідуальных праграмах задзейнічаны ўсе службы ўстановы. Урачы і медсёстры клапоцяцца пра здароўе, выхавальнікі, псіхолагі, лагапеды сочаць за ўзроўнем развіцця. Ёсць і жаданы вынік. Пэўная колькасць праблемных дзетак па дасягненні трохгадовага ўзросту пакідае дом дзіцяці цалкам здаровымі.
Вялікую ўвагу ўдзяляюць работнікі і сацыяльнай адаптацыі сваіх выхаванцаў. Штодзённыя прагулкі, экскурсіі, міні-паходы па наваколлях, пастаянныя святочныя мерапрыемствы, тэатральныя пастаноўкі ад самадзейнай унутрыўстановачнай трупы, спартыўныя і музычныя гульні. Усё гэта ўплывае на ўспрыманне малых. Яны адкрытыя, сонечныя, прыветлівыя.
— У нас дзеткі нібы “адтайваюць” душой. Першапачаткова трапіўшы да нас запалоханымі, замкнёнымі, з цягам часу пачынаюць часцей усміхацца, з’яўляецца бляск у маленькіх вочках. Здаецца, усё добра, і атмасфера ў нас дамашняя, і замацаваныя мамы ёсць, але толькі сапраўднай сям’і дзецям гэта ўсё роўна не замяняе, — гаворыць старшы выхавальнік Тамара Грыбоўская.
Па гэтай прычыне важны напрамак работы ў доме дзіцяці — жыццеўладкаванне выхаванцаў у сем’і. Значную дапамогу ў гэтым аказвае Нацыянальны цэнтр усынаўлення, своеасаблівы невялікі філіял якога размяшчаецца ў будынку ўстановы. Сумеснымі намаганнямі ўдалося дасягнуць вельмі значных вынікаў. Амаль трэцюю частку малых атрымліваецца ўладкаваць у сем’і.
— Толькі за бягучы перыяд гэтага года ў нас ўсыноўлена 7 малых, уладкавана ў прыёмныя сем’і 2, у апякунскія — 10 дзяцей, а 14 вернуты родным бацькам, якія сталі на шлях выпраўлення. У мінулым годзе бацькоўскую любоў зноў знайшлі сорак сем дзяцей. Нядрэнна, але мы будзем імкнуцца да большага, бо няма нічога больш важнага для дзіцяці, чым сямейнае цяпло і ўтульнасць, — адзначыла юрысконсульт Вікторыя Раманенка.
Характэрна, што бацькамі для сірот сталі некаторыя супрацоўнікі дома дзіцяці. Аднак пра гэта тут не любяць распаўсюджвацца. Не толькі таму, што неабходна захоўваць таямніцу ўсынаўлення, але і таму, што чыстыя душэўныя ўчынкі не маюць патрэбы ў дадатковых словах.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.