Зазірніце ў асабісты кабінет

- 15:15Абитуриент

Будучыя фізікі і матэматыкі БДУ могуць адначасова падаваць дакументы на спецыяльнасці розных факультэтаў у асабістым кабінеце абітурыента. 

— Асабісты кабінет абітурыента БДУ — лічбавы рэсурс, якім паступаючыя карыстаюцца даўно. Ён дапамагае паскорыць працэс апрацоўкі даных у час прыёму дакументаў. Абітурыент дома ў спакойнай атмасферы запаўняе ўсё неабходнае ў асабістым кабінеце, а ў нас адразу ж аўтаматычна фарміруецца запоўненая заяўка і анкета. І калі абітурыент з усімі сваімі дакументамі прый­дзе ў сакратарыят прыёмнай камісіі, то там хуценька зве­раць прадастаўленыя папяровыя варыянты з тым, што ўнесена ў яго асабістым кабінеце. Затым уся інфармацыя пераносіцца ў электронную базу даных. Такім чынам, абітурыент дастаткова хутка праходзіць усю працэдуру падачы дакументаў, — расказаў першы намеснік адказнага сакратара прыёмнай камісіі БДУ В.М.Ма­лафееў.

Ён акцэнтаваў увагу, што сёлета з’явілася важная асаблівасць  асабістага кабінета абітурыента — аўтаматызаванае залічэнне на дзве групы спецыяльнасцей. Яно стала даступным дзякуючы абноўленаму функцыяналу кабінета. Такое новаўвядзенне павялічвае шансы абітурыента стаць студэнтам вядучага ўніверсітэта краіны.

— Да першай групы — матэматычнай — адносяцца 12 спецыяльнасцей факультэтаў прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, механіка-матэматычнага і Сумеснага інстытута БДУ і Даляньскага політэхнічнага ўніверсітэта. Другі профіль — фізічны — склалі 11 спецыяльнасцей факультэтаў радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, фізічнага, Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д.Сахарава і Сумеснага інстытута БДУ і ДПУ. Пры электроннай падачы дакументаў абітурыент указвае прыярытэтныя для яго спецыяльнасці выбранай групы. Калі абітурыент не праходзіць па балах на першую спецыяльнасць, то аўтаматызаваная сістэма прапануе яму наступную з яго спіса прыярытэтаў. Калі ж гэта спецыяльнасць іншага факультэта, то дакументы будуць перанакіраваны супрацоўнікамі тэхнічнага сакратарыята. Аднак тут важна, каб выбар быў у межах адной групы, і тады абітурыенту не давядзецца ўручную перанакіроўваць дакументы ў сакратарыят іншых факультэтаў”, — патлумачыў Вячаслаў Міхайлавіч.

Нагадаем, асабісты кабінет абітурыента дае магчымасць падаць дакументы ў электронным выглядзе, запоўніць анкету і заяўку, загрузіць фота, размя­сціць адсканіраваныя атэстат або дыплом, сертыфікаты ЦТ, дакументы, якія пацвярджаюць права на льготы пры паступленні. Аднак электронны рэсурс не замяняе падачу арыгіналаў асабіста абітурыентам, а толькі дазваляе яму звяртацца адразу ў сакратарыят сваіх факультэтаў, абыходзячы грамадскую прыёмную камісію. Таксама пры дапамозе асабістага кабінета на працягу ўсёй прыёмнай кампаніі ў анлайн-рэжыме можна адсочваць падрабязную інфармацыю пра бягучы прахадны бал на выбраную спецыяльнасць. А пасля завяршэння прыёму ў асабістым кабінеце адлюстроўваюцца звесткі аб залічэнні.

У абноўленым фармаце асабісты кабінет абітурыента БДУ запрацаваў 15 чэрвеня.

— У першую гадзіну яго работы было створана сем асабістых кабінетаў, што сведчыць пра актыўнасць і зацікаўленасць сёлетніх абітурыентаў. Асабліва паўнавартасна ім карыстаецца тая катэгорыя, якая паступае без экзаменаў і не чакае сертыфікаты ЦТ. Калі ж ёсць пытанні па дакументах, звязаных з ільготным паступленнем, тады абітурыенты перанакіроўваюцца ў сакратарыят прыёмнай камісіі для ўдакладнення юрыдычнага аспекту праблемы, — паведаміў першы намеснік адказнага сакратара прыёмнай камісіі БДУ.

Пілотная ініцыятыва тычыцца пакуль толькі дзвюх груп спецыяльнасцей матэматычнага і фізічнага профіляў. Але алгарытм, які пройдзе апрабаванне ў час сёлетняй уступнай кампаніі, лёгка змогуць перанесці на іншыя профілі:

— Улічваючы спецыфіку нашага ўніверсітэта, зразумела, што такіх груп у нас можа быць шмат. Так, напрыклад, можна аб’яд­наць эканамічныя спе­цыяльнасці (эканамічны факультэт і Інстытут бізнесу) і біялагічныя (біялагічны факультэт і Міжнародны экалагічны інстытут імя А.Д.Сахарава). Таму цалкам магчыма, што мы і далей будзем пашы­раць функцыя­нал асабістага кабінета абітурыента, — дадаў В.М.Малафееў.

Нагадаем, што сярод новаўвядзенняў прыёмнай кампаніі гэтага года — адкрыццё ў БДУ новай спецыяльнасці “Геатэхналогіі турызму і экскурсійная дзейнасць” на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі, а таксама новага напрамку “Дызайн (касцюма і тканін)” спецыяльнасці “Дызайн” на факультэце сацыякультурных камунікацый.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.