Зазірнуць у будучыню

Сёлета для таленавітых школьнікаў, якія дэманструюць поспехі ў дакладных і прыродазнаўчых навуках, пачаў працаваць Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. Якраз у гэтыя дні праходзіць першая змена па напрамках “Робататэхніка”, “Інфармацыйныя і камп’ютарныя тэхналогіі”, “Зялёная хімія”. Аб новым праекце ў сістэме адукацыі расказаў дырэктар тэхнапарка Сяргей САЧКО:

— Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк рэалізуе праграму дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі. Наша асноўная мэта — падтрымаць юных талентаў, выявіць і развіць у іх цікавасць да навукова-даследчай і вынаходніцкай дзейнасці.

Адбор для навучання ў дзіцячым тэхнапарку ажыццяўляецца з ліку навучэнцаў 9—11 класаў з усёй краіны. Першы этап адбору завочны. Школьнікі накіроўваюць на афіцыйны сайт дзіцячага тэхнапарка (ndtp.by) праекты даследчага характару або дыпломы пераможцаў рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў. Напрыклад, на першую адукацыйную змену было пададзена 98 заявак. 64 з іх экспертная камісія адабрала для ўдзелу ў другім этапе. Ён вочны, праводзіцца на базе абласных устаноў дадатковай адукацыі. Тут дзеці выконваюць тэставыя заданні на вызначэнне ўзроўню тэхнічнага, аналітычнага і прасторавага мыслення. Трэці этап (у яго прайшлі 30 чалавек) таксама вочны — гэта субяседаванне з кандыдатамі для вызначэння напрамку навучання.

Ідэя фарміравання Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка пабудавана на спалучэнні ў адзіным комплексе зручнага асяроддзя для вучобы, даследаванняў, вынаходніцтва, а таксама адпачынку з магчымасцю ярка і з карысцю праводзіць вольны час. Дзеці знахо­дзяцца ў тэхнапарку кругласутачна. Напаўняльнасць груп — да 10 чалавек. Змена доўжыцца 24 дні (на 2021 год запланавана 9 змен).

Зараз тэхнапарк актыўна выкарыстоўвае матэрыяльна-тэхнічныя, адукацыйныя і кадравыя рэсурсы вучэбных лабараторый БДУ, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсі­тэта, а таксама Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. З дапамогай спецыялістаў вышэйшай школы навучэнцы прыдумваюць і рэалізоўваюць уласныя праекты даследчага ці вынаходніцкага характару. Натуральна, з дзецьмі праводзяць заняткі і па прадметах агульнай сярэдняй адукацыі.

Школьнікі пражываюць у тэхнахос­тэле ад БНТУ, у вольны час для іх праводзяць цікавыя імпрэзы і экскурсіі. Так, дзеці наведаюць розныя прамысловыя прадпрыемствы і інавацыйныя пляцоўкі, пабываюць у музеях, цырку, аквапарку. Акрамя таго, штотыдзень у іх заняткі ў басейне і школе танцаў.

Галіна СІДАРОВІЧ.