Зазірнуць у нанасвет і сутыкнуцца з двухаблічным Янусам?

Інфармацыю аб чалавеку могуць расказаць яго гены. Вучоныя не адзін год біліся над тым, каб расшыфраваць чалавечы геном, што, на іх думку, стане шчаслівым ключом для лячэння многіх хвароб. Праўда, геномныя тэхналогіі хаваюць і рызыкі для людзей, даследаванні якіх таксама праводзяцца.
Аб тэхналогіях, рызыках і ідэалах пры рабоце з геномам чалавека на пасяджэнні, прысвечаным свайму 75-годдзю, расказаў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар біялагічных навук, прафесар Уладзімір Кірылавіч Саўчанка. Уладзімір Кірылавіч прадаставіў некаторыя вынікі сваёй работы, якую ён праводзіць з групай супрацоўнікаў у Інстытуце філасофіі НАН Беларусі і супрацоўнікамі Інстытута філасофіі Расійскай акадэміі навук.

Тэсціраванне геному чалавека

У апошні час актыўна праводзіцца тэсціраванне геному чалавека, каб навучыцца выяўляць магчымыя недахопы цела чалавека, адхіленні ад нормы ўжо на генным узроўні і ўстараняць іх. Для гэтага бяруць клеткі крыві, каляплоднай вадкасці, плацэнты, поласці рота, валасоў, мачы, па якіх можна вызначыць, у якім стане знаходзіцца ген.
Напрыклад, вядзецца тэсціраванне ў перынатальны перыяд, тэсціраванне нованароджаных, праводзіцца дыягнастычнае тэсціраванне. Пры захворванні чалавека, каб вызначыць, ці падыходзяць пэўныя лекі для лячэння, выкарыстоўваецца фармакалагічнае тэсціраванне. Існуе тэсціраванне для ідэнтыфікацыі асобы ў выпадку катастрофы, а таксама ідэнтыфікацыя бацькоўства ці мацярынства.
Бывала, што абаронцы правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі выказваліся супраць падобнага роду працэдур, быццам тэсціраванне геному ставіць такіх людзей у няроўнае становішча з астатнімі. Нагадвалі, што ў некаторых выдатных асоб былі розныя захворванні (напрыклад, у Дастаеўскага была эпілепсія, у Бетховена — прыроджаная глухата), што абавязкова трэба ўлічваць навукоўцам.
Тэсціраванне геному адкрывае магчымасці яго тэрапіі. Выкарыстоўваецца біяпсія хворага органа, а саму тэрапію праводзяць па-за целам чалавека. Ва ўмовах лабараторыі могуць вырошчваць цэлыя органы для далейшай імплантацыі ў цела.
Але ўзнікаюць праблемы, звязаныя з біябяспекай. Так, напрыклад, калі некалькім падлеткам у ЗША, якія пакутавалі ад імунадэфіцыту, увялі нармальныя гены, яны захварэлі на лейкемію. Нармальны ген убудаваўся каля анкагена і выклікаў пухліну. Падобныя праблемы біябяспекі і да гэтага часу застаюцца не да канца вырашанымі.

Рэпрадуктыўныя біятэхналогіі

Згодна са статыстыкай, каля 14% пар у свеце бясплодныя. Вялікую работу ў распрацоўцы штучнага апладнення зрабіў англійскі прафесар Роберт Эдвардс, за якую ў 2010 годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію.
Выкарыстанне рэпрадуктыўных тэхналогій выклікала ажыятаж. Для кагосьці гэта стала вялікай надзеяй, для кагосьці — аб’ектам аналізу: да чаго ўсё гэта можа прывесці. У паветры стала лунаць думка аб адказнасці перад будучымі пакаленнямі.
Успомнім нашумелую гісторыю кланіравання і авечку Долі. Пражыла яна зусім нядоўга, шмат хварэла. Такім чынам, прырода паставіла заслон супраць кланіравання.
Заслон быў пастаўлены і чалавекам. Была прынята дэкларацыя ЮНЕСКА, дзе гаварылася аб забароне рэпрадуктыўнага кланіравання. Норма ЮНЕСКА была прадубліравана і ААН, а затым знайшла адлюстраванне ў нацыянальным заканадаўстве краін свету. Базіравалася яна на тым, што кланіраванне супярэчыць годнасці чалавека.
Аднак дапаможным рэпрадуктыўным тэхналогіям ход быў дадзены. Напрыклад, толькі ў нашай краіне працуюць 4 спецыялізаваныя медыцынскія цэнтры. У адным з іх за 4 гады дзейнасці было праведзена 1,5 тысячы праграм ЭКА. У выніку нарадзілася 600 дзяцей.
Упершыню штучнае апладненне сталі выкарыстоўваць у Англіі. Дарэчы, кожны год там нараджаецца каля 1000 дзяцей, зачатых падобным чынам. Спачатку донараў спермы абязлічвалі. Потым парламент Англіі вырашыў, што гэтая інфармацыя павінна быць адкрытай. Аказалася, што 500 донараў сталі біялагічнымі бацькамі больш чым 6 тысяч дзяцей. Падобныя нестандартныя факты знайшлі ўвасабленне ў кінематографе, дзе колькасць нашчадкаў галоўнага героя была павялічана аж да 500.

Эвалюцыя чалавека не спынілася?

Усё часцей і больш настойліва гучыць думка, што эвалюцыя чалавека не спынілася і ёй нават трэба дапамагчы праходзіць хутчэй, бо чалавек выкарыстоўвае не ўсе свае магчымасці. Так, Алімпійскія гульні паказваюць наша фізічнае развіццё. Здольнасці нашага мозга таксама павялічваюцца.
Прырода паклапацілася аб унікальнасці цела чалавека
Столькі праводзілася эксперыментаў, і, здаецца, чалавек столькі ведае не толькі пра свет прыроды, але і пра свет свайго цела. Аднак засталіся рэчы, якімі яшчэ можна здзівіць нават спакушанага знаўцу біялагічнай прыроды чалавека. Таму прывядзём лічбы, якія ахарактарызуюць наш арганізм як унікальную сістэму.
Нейроны чалавечага мозга ўзбуджаюцца з велізарнай хуткасцю ў 240 км у гадзіну. Калі мозг не спіць, ён выпрацоўвае энергію, якую можна параўнаць з энергіяй электралямпачкі. Наша сэрца таксама выпрацоўвае і выкарыстоўвае энергію, якой бы хапіла грузавіку, каб праехаць 32 км.
Працягласць нашых крывяносных сасудаў складае 96 тысяч км — такі шлях пераадолеў бы чалавек, які б два разы абагнуў зямны шар.
Нашы косці мацнейшыя за сталь. Кубічны метр касцей здольны вытрымаць вагу ў 10 т, пры гэтым на 31% яны складаюцца з вады. Наша вока распазнае 576 мегапікселяў колеру, калі нават суперсучасны фотаапарат — значна менш.
Цела чалавека ўнікальнае, і ў яго вялікія магчымасці. Чалавек можа рабіць тое, што не могуць зрабіць біяробаты. Ён валодае свядомасцю, сумленнем, здольны да творчасці. Тады ці варта паляпшаць чалавека, ці не наробім мы страшных рэчаў, стараючыся дапамагчы яго эвалюцыі?

Ці будзе жыць чалавек на Марсе?

У месячным пыле знайшлі энерганосьбіт — гелій. У гонку за гэтым рэсурсам ужо ўключыліся ЗША, Расія, Еўрапейскі саюз, Кітай, Японія, Індыя. Пачаў развівацца і касмічны турызм. ЗША плануюць стварыць базу на Месяцы да 2020 года. Федэральная касмічная праграма Расіі на 2016—2025 гады прадугледжвае стварэнне элементаў месячнай і марсіянскай баз. Запушчаны прыватны праект “Марс-адзін”.
У сувязі з касмічнымі планамі пачалі гаварыць аб неабходнасці эвалюцыі чалавека, каб прыстасаваць яго да жыцця ў космасе. Ці не пашкодзіць гэта нашай чалавечнасці, нашай чалавечай прыродзе?
З 1998 года дзейнічае Усясветная трансгуманістычная асацыяцыя. У Расіі таксама дзейнічае трансгуманістычны рух, які адстойвае ідэі змены прыроды чалавека і яе паляпшэння, з чым звязана ідэя даўгалецця і нават бяссмерця чалавека. Аднак гэтая ідэя не новая. Напрыклад, як сведчыць гісторыя, калісьці шумерскі цар аставіў сваё царства і пайшоў шукаць кветку бяссмерця. Ён яе не знайшоў, не знайшлі і тыя, хто спрабаваў пазней.

Геном чалавека і дэкларацыі ЮНЕСКА

Існуе некалькі дэкларацый ЮНЕСКА, звязаных з даследаваннямі і навуковай работай па геномах чалавека. Так, усеагульная Дэкларацыя па геноме чалавека і правах чалавека 1997 года выступае супраць кланіравання, супраць умяшання ў геном чалавека. Геном аб’яўлены здабыткам усяго чалавецтва, а не асобных груп.
У Дэкларацыі аб біяэтыцы і правах чалавека гаворыцца аб адказнасці перад будучымі пакаленнямі. Цяжка не пагадзіцца, што прагрэс — гэта двухаблічны Янус. Час і вопыт падказваюць, што тэхналогіі паляпшаюць умовы жыцця і, здараецца, нясуць пагрозы існаванню чалавека.

Святлана ШЫЯН.