Заззялі магiлёўскiя зорачкi

Конкурс дзіцячай і юнацкай творчасці “Магiлёўскiя зорачкi” аб’яднаў больш за 200 адораных навучэнцаў агульнаадукацыйных школ горада і стаў для іх выдатнай магчымасцю паказаць свае здольнасці. Арганізатарамі творчага спаборніцтва выступілі аддзел адукацыі, спорту і турызму гарвыканкама і гарадскі Цэнтр творчасці “Эверэст”.

— Акрамя выяўлення і падтрымкі таленавітай моладзі, наша мерапрыемства было накіравана на папулярызацыю сярод навучэнцаў роднай мовы. Усе ўдзельнікі выступалі выключна з беларускімі творамі, — расказаў загадчык аддзела па асноўнай дзейнасці Цэнтра творчасці “Эверэст” Павел Вінаградаў.

Канкурсанты дэманстравалі свае таленты ў вакальным жанры, чытальніцкім і прамоўніцкім майстэрстве. Дзеці выконвалі на сцэне беларускія эстрадныя і народныя песні, інтэрмедыі, вершы, выступалі з прамоўніцкімі тэкстамі.

Спаборніцтва расцягнулася на некалькі дзён. Гран-пры ў намінацыі “Вакальны жанр” атрымаў саліст заслужанага аматарскага калектыву дзiцячай эстраднай студыi “Вясёлыя ноткi” Цэнтра творчасцi “Эверэст” Магiлёва Ілья Шынкарэнка. А галоўны прыз намінацыі “Мастацкае слова” дастаўся вучаніцы сярэдняй школы № 40 горада Настассі Мацюлінай. Пераможцы, а таксама шматлікія прызёры творчага конкурсу былі ўзнагароджаны ганаровымі дыпломамі аддзела адукацыі, спорту і турызму гарвыканкама.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Цэнтрам творчасцi “Эверэст” Магiлёва.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *