Зберагчы адзінства ў імя будучыні

Абласны форум “Беларусь — гэта МЫ!”аб’яднаў тысячы маладых людзей з усіх гарадоў і раёнаў Віцебскай вобласці.

Па традыцыі старт мерапрыемству даў адкрыты дыялог, які адбыўся ў абласной бібліятэцы імя У.І.Леніна. Экспертамі ў размове з моладдзю выступілі памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандра Ганчарова, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін, першы сакратар Віцебскага абкама БРСМ Вячаслаў Хрол і намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктар Глушын. Сярод пытанняў, што абмяркоўваліся ў хо­дзе сустрэчы, — барацьба з кібербулінгам, неабходнасць больш актыўнай прысутнасці прадстаўнікоў органаў улады ў сацыяльных сетках, асаблівасці падрыхтоўкі да выступленняў моладзі Віцебшчыны ў рэспубліканскіх конкурсах і праектах (дзе заваявана шмат важкіх перамог), папулярызацыя дзяржаўных сімвалаў, стварэнне Дома моладзі ў Віцебску, пашырэнне мэтавай аўдыторыі праектаў БРСМ, каб зацікавіць і ахапіць імі не толькі навучэнцаў і студэнтаў, але і маладых рабочых, спецыялістаў ва ўсіх галінах і сферах дзейнасці. У кожнага з прысутных была магчымасць асабіста папоўніць скарбонку ідэй і прапаноў па канструктыўным развіцці краіны і стратэгіі развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі да 2030 года або адсканіраваць спецыяльны QR-код, каб перайсці на google-форму і выказаць на ёй сваю ініцыятыву.

Тым часам эпіцэнтр падзей форуму змясціўся ў канцэртную залу “Віцебск”, дзе на некалькіх платформах былі прэзентаваны сучасныя формы работы з моладдзю. Так, на платформе “Труд Крут” разгарнуліся выстава, прысвечаная развіццю студатрадаўскага руху, і яркая тэматычная фотазона. Студатрадаўцы Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта запрасілі ўсіх жадаючых на майстар-клас па ігры на гітары. На платформе “Твары Дабро”свой вопыт і дасягненні прадставілі ўдзельнікі валанцёрскага руху “Добрае Сэрца”. Вялікай папулярнасцю карысталіся майстар-класы валанцёраў па роспісе пернікавых вырабаў і сервіроўцы стала. У рамках форуму была арганізавана акцыя па зборы грашовых сродкаў для лячэння віцябляніна Рамана Андрушунуса. Таксама па жаданні можна было бясплатна адправіць паштоўку са словамі падзякі медыкам і педагогам. У цэнтры ўвагі на платформе “Жыві Ярка” былі інавацыйныя праекты Рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Акрамя таго, многія юнакі і дзяўчаты прынялі запрашэнне зрабіць відэасэлфі 360, сфатаграфавацца ў тэматычна аформленым фотабоксе і раздрукаваць фота прама на месцы. Платформа “Беларусь — крынiца натхнення” сабрала творчую моладзь Паўночнага рэгіёна. Тут прайшла фотавыстава работ удзельнікаў Рэспубліканскага конкурсу “Сэлфi&фота з вышыванкай”, а малады рамеснік Мікіта Шкрэдаў правёў майстар-клас па ганчарнай справе. Платформа “Будь здоров” стала месцам спартыўных рэкордаў на форуме. Выбар быў разнастайны: настольныя футбол, JustDance і караоке-батлы, віртуальная спартыўная алімпіяда, майстар-клас па стэп-аэробіцы і г.д. Не абышлося і без сур’ёзных сілавых прак­тыкаванняў: чэмпіён Еўропы па станавой цязе ў сярэдняй вазе Яўген Шаўчэнка пасля паказальных выступленняў запрасіў аматараў спорту на майстар-клас. Шматлюдна, цікава, па-маладзёжнаму крэатыўна было і на платформах “Пункты міру” і “Рух НАПЕРАД”.

Завяршыла насычаны падзеямі дзень выдатная творчая праграма, падрыхтаваная лепшымі маладзёжнымі самадзейнымі калектывамі і выканаўцамі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара і Віцебскага абласнога камітэта БРСМ.