Зберагчы для нашчадкаў

У ходзе абследавання тэрыторыі Ушацкага раёна супрацоўнікі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах і грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны” выявілі месцы пасялення дзвюх пар скапы (лац. Pandion haliaetus).

Скапа — драпежная птушка, распаўсюджаная ў або­двух паўшар’ях, адзін з двух прадстаўнікоў сямейства скапіных. Від уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, Дадатак I Дырэктывы ЕС па ахове рэдкіх птушак, Дадатак II Бернскай канвенцыі, Дадатак II Бонскай канвенцыі, аднесены да SPEC 3, занесены ў Чырвоныя кнігі Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны.

— На падставе дзеючага заканадаўства нашай раённай інспекцыяй накіраваны ва Ушацкі райвыканкам прадстаўленне і праект рашэння “Аб перадачы пад ахову месцаў пасялення дзікіх жывёл, якія адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь”, — праінфармавала начальнік аддзела прававой, кадравай і арганізацыйнай работы Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Людміла Капранава. — Па ўзгадненні з Дзяржаўнай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь рашэнне прынята 13 лістапада, праходзіць юрыдычную экспертызу і ўступіць у сілу пасля афіцыйнага апублікавання.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Ушацкай раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.