Зберагчы традыцыі

Маларыцкі строй адзення — багатая культурная спадчына, якую захавалі нашы продкі. Ім захапляюцца не толькі мастацтвазнаўцы, але і многія сучасныя модніцы.

Маларыцкі касцюм, напэўна, самы дасканалы не толькі на Брэстчыне, але і ва ўсёй Беларусі. Яго, на думку многіх спецыялістаў, можна смела назваць эталонам народнага ткацтва.
Маларыцкі строй не зблытаеш з іншым. Уражвае хараство і багацце вышытых узораў. Гледзячы на арнамент, адчуваеш гонар за тых, хто змог не толькі ўбачыць, але і перадаць нюансы мясцовага каларыту праз вышыўку. Зачароўвае не толькі непаўторная прыгажосць, але і дзівосная цеплыня, якая адчуваецца ў кожным вырабе.
Сёння дамашнім ткацтвам ужо амаль ніхто не займаецца. Паступова сыходзяць і носьбіты гэтага рамяства. Губляюцца векавыя традыцыі, перарываецца духоўная повязь пакаленняў. Каб не страціць багатую, адметную, самабытную і непаўторную спадчыну, створаную талентам і працавітасцю продкаў, у Маларыцкім раённым цэнтры народнай творчасці вырашылі некалькі гадоў назад адрадзіць тэхналогіі старажытных рамёстваў, духоўныя традыцыі рэгіёна, аўтэнтычнае нацыянальнае адзенне.
У цэнтры працуюць 6 гурткоў адпаведных напрамкаў. Іх кіраўнікі — Святлана Луцык, Ала Назарук, Людміла Сакалюк і Валянціна Струнец — надзвычай творчыя, захопленыя і ініцыятыўныя людзі, якія ахвотна дзеляцца вопытам, талентам, уменнямі і ведамі з дзецьмі. Дарослыя не толькі забяспечваюць пераемнасць духоўных традыцый, але і зберагаюць, развіваюць іх.
— У гуртку “Чароўная нітачка” дзеці вучацца пераносіць даўнія маларыцкія ўзоры на тканіну, надаючы ім пэўныя сюжэтныя формы і завершанасць, — расказвае Валянціна Струнец. — Захоўваючы ў сваіх работах узоры, арнаменты і асаблівасці маларыцкага строю, яго колеравую гаму, дзеці зберагаюць традыцыі багатай спадчыны роднага краю, якая стваралася на працягу многіх стагоддзяў.
Вывучаючы ўмовы жыцця і побыт продкаў, супрацоўнікі цэнтра дапамагаюць дзецям авалодваць майстэрствам ткацтва, вышыўкі крыжыкам, салома- і бісерапляцення, канструявання.
— Гурткоўцы (а гэта 39 чалавек) узбагачаюць сваімі вырабамі скарбонку матэрыяльнай культуры рэгіёна, — упэўнена Валянціна Струнец. — Мы разам спрабуем аднавіць напаўзабытае майстэрства, якім заўсёды славілася Маларытчына.

Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.