Збіраемся ў госці… да кніг!

- 15:05Культура

З 28 лютага па 4 сакавіка на плошчах адміністрацыйнага комплексу па праспекце Пераможцаў, 14 пройдзе ХХV Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, арганізатарамі якой па традыцыі выступяць Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры непасрэдным садзейнічанні Вытворчага камерцыйнага таварыства з абмежаванай адказнасцю “Макбел” і Адкрытага акцыянернага таварыства “Белкніга”. Да гэтай падзеі засталося яшчэ дастаткова часу, але сталічныя (і не толькі сталічныя) кнігалюбы, аматары чытання і ахвочыя да цікавых сустрэч з пісьменнікамі, перакладчыкамі, мастакамі і выдаўцамі ўжо сёння з нецярплівасцю чакаюць наступлення свята кнігі ў беларускай сталіцы. Наш карэспандэнт пацікавіўся пра асаблівасці сёлетняга форуму ў яго арганізатараў.

Начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алена Савельеўна Паўлава паведаміла, што краінай — ганаровым госцем XXV Мінскай МКВК будзе Рэспубліка Сербія. Раней у розныя гады ганаровымі гасцямі выставы выступалі Расійская Федэрацыя, Украіна, Ізраіль, Рэспубліка Казахстан, Францыя, Германія, Баліварыянская Рэспубліка Венесуэла, Кітайская Народная Рэспубліка, Рэспубліка Арменія, Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі. А запрашэнне Сербіі ў якасці ганаровага госця ММКВК было ўпершыню агучана ў рамках наведвання беларускай дэлегацыі на чале з міністрам інфармацыі нашай краіны Рэспублікі Сербіі ў 2016 годзе. Канкрэтна гэтае пытанне было прапрацавана ў кастрычніку 2017 года падчас удзелу дэлегацыі беларускіх кнігавыдаўцоў у Бялградскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы.

Цэнтральным экспанентам на ХХV ММКВК будзе Рэспубліка Казахстан. Галоўная тэма Мінскай кніжнай выставы-кірмашу ў 2018 годзе — “Беларусь — культурная пляцоўка Еўропы”, слоган — “Мастацкае слова: адносіны без меж”.

“Гістарычна склалася так, — адзначыла Алена Паўлава, — што Беларусь з’яўляецца гасціннай краінай, дзе можна азнаёміцца з культурай, звычаямі многіх народаў. І Мінская міжнародная кніжная выстава — гэта не толькі адна з самых буйных прафесійных кніжных выстаў на постсавецкай прасторы. Наш кніжны форум мае свае асаблівасці ў культурным і ідэалагічным плане. У першую чаргу гэта пляцоўка, якая аб’ядноўвае, на якой сустракаюцца вядомыя пісьменнікі з розных краін свету. Сядаючы за агульны круглы стол, яны знаходзяць важныя агульныя падыходы, даказваюць сваёй творчасцю і прысутнасцю ў Мінску, што на самай справе паміж нашымі народамі значна больш таго, што аб’ядноўвае, а не падзяляе. За апошнія гады Беларуссю зроблена вельмі шмат, каб вядомыя замежныя пісьменнікі і выдаўцы адчулі гэта агульнае культурнае поле, на якім самыя вострыя пытанні вырашаюцца пры дапамозе адной зброі — мудрага, узважанага слова і павагі адно да аднаго. Гэта стала магчымым дзякуючы не толькі непасрэдным сустрэчам падчас кніжнай выставы, але і таму, што Беларусь вядзе пастаянную сістэмную работу па ўмацаванні міжнародных літаратурных і культурных сувязей. Штогод у нашай краіне выдаецца значная колькасць кніг замежных аўтараў, іх творы рэгулярна друкуюцца на старонках беларускіх перыядычных выданняў”.

У рамках XXV Мінскай МКВК ужо чавёрты раз пройдзе Міжнародны сімпозіум літаратараў “Пісьменнік і час” з запрашэннем знакавых пісьменнікаў блізкага і далёкага замежжа. Па словах Алены Паўлавай, на сёння згоду на ўдзел у сімпозіуме пацвердзілі пісьменнікі з Расіі, Украіны, Сербіі, Кітая, Англіі, Чэхіі, Літвы, Арменіі, Кыргызстана, Малдовы, Пакістана, Польшчы, Румыніі, Славакіі, Францыі, Латвіі. Самая вялікая і прадстаўнічая дэлегацыя чакаецца з Расійскай Федэрацыі. Гэта — пісьменнік-перакладчык Яўгеній Анташкевіч, паэт, перакладчык, празаік, публіцыст з Чачні Адам Ахматукаеў, галоўны рэдактар “Литературной газеты” Максім Замшаў, літаратуразнаўца, крытык, галоўны рэдактар альманаха “Литературные ведомости” Лола Званарова, публіцыст намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Наш современник” Аляксандр Казінцаў, пісьменнік галоўны рэдактар часопіса “Роман-газета” Юрый Казлоў, генеральны дырэктар галоўны рэдактар газеты “Книжное обозрение” Аляксандр Набокаў, дырэктар і галоўны рэдактар выдавецтва “Художественная литература” Георгій Прахін і многія іншыя вядомыя асобы. “Безумоўна, сёння мы не можам казаць са стапрацэнтнай упэўненасцю, што да нас прыедуць усе замежныя госці, якія далі згоду паўдзельнічаць у сімпозіуме, — заўважыла Алена Савельеўна Паўлава. — Ці мала якія могуць здарыцца ў каго непрадбачаныя жыццёвыя абставіны. Але чакаем, вядома ж, усіх гасцей, бо, на мой погляд, для абмеркавання на сімпозіуме прадугледжаны вельмі цікавыя і актуальныя тэмы — такія як “Сусветная мастацкая еднасць як прыкмета сучаснай культуры. Адзінства і разнастайнасць сусветнага літаратурнага працэсу”; “Літаратурна-мастацкія перыядычныя выданні як сродак пашырэння культурных узаемасувязей: вопыт, праблемы, магчымасці”; “500-годдзе беларускага кнігадрукавання ў культурным жыцці розных народаў. Вынікі юбілейнага года”; “Літаратура ў лічбавую эпоху: узаемадзеянне або супрацьстаянне”. Дый наогул, пашыраючы свае межы, як па актуальных тэматычных напрамках, так і па складзе ўдзельнікаў, за гады правядзення сімпозіум сапраўды стаў знакавым міжнародным праектам, накіраваным на захаванне духоўна-маральных асноў развіцця грамадства і дзяржавы, умацаванне гуманітарных сувязей паміж пісьменнікамі краін далёкага і блізкага замежжа”.

У праграме ўдзелу ганаровага госця ММКВК Сербіі, як запэўніла А.С.Паўлава, запланавана выстава Нацыянальнай бібліятэкі Сербіі “Сербская літаратура ў Першай сусветнай вайне”, чакаюцца творчыя сустрэчы з вядомым сербскім празаікам Горанам Петравічам, перакладчыцай на сербскую мову зборніка Максіма Багдановіча “Вянок” Даянай Лазарэвіч, сербска-беларуская літаратурная сустрэча “Творчы і навуковы тандэм: Іван Чарота і Драган Лакічавіч”. Таксама будуць арганізаваны прэзентацыі выдадзенага ў Беларусі зборніка сучаснай сербскай паэзіі; кнігі Нявены Вітошавіч-Чэкліч “Чырвоныя кветкі Косава поля”; кнігі “Беларусы пра Сербію і Югаславію”; перакладу на рускую мову твораў св. Савы Сербскага; падборкі беларускай паэзіі ў сербскім часопісе “Повелья” і сербскіх выпускаў часопісаў “Маладосць”, “Полымя”, “Нёман”, газеты “Літаратура і мастацтва”. У Доме дружбы адбудзецца вечар, прысвечаны сербскай літаратуры.

Яшчэ сярод знакавых мерапрыемстваў ХХV ММКВК — прэзентацыя “Энцыклапедыі Кітая” на беларускай мове (праект рэалізаваны ў рамках Мемарандума аб супрацоў-ніцтве паміж Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Галоўным дзяржаўным упраўленнем па справах прэсы, выдавецтваў, радыёвяшчання, кінематаграфіі і тэлебачання Кітайскай Народнай Рэспублікі па “Праекце перакладу і публікацый класічных літаратурных твораў Кітая і Беларусі” на 2015—2020 гады).

Не забудуцца на выставе-кірмашы і пра самых маладых літаратараў. У рамках ММКВК адбудуцца ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу маладых літаратараў “Першацвет”, прэзентацыя аднайменнага зборніка, выпушчанага па выніках конкурсу, а таксама кнігі маладога аўтара Станіславы Умец “Сердце Сакры: фэнтези”, якая адкрыла новую серыю выдавецтва “Мастацкая літаратура” “Час XXI”.

Адмысловым упрыгажэннем ХХV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу стане музычна-літаратурны вечар, які прадставіць Камітэт па друку і ўзаемадзеянні са СМІ Урада Санкт-Пецярбурга ў рамках святкавання 315-годдзя з дня заснавання горада на Няве.

Цікавую праграму для выставы-кірмашу падрыхтаваў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Штодня падчас ММКВК будуць праходзіць прэзентацыі, сустрэчы з аўтарамі, аўтограф-сесіі і інш. І, безумоўна, будзе арганізаваны гандаль кнігамі.

А 2 сакавіка пройдзе цырымонія ўзнагароджання пераможцаў 57-га Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”, які адбыўся ў студзені гэтага года і вынікі якога пакуль нідзе не агучваліся.

“Усіх запланаваных мерапрыемстваў, безумоўна, не пералічыць. Будзе цікава”, — запэўніла Алена Паўлава.

У сваю чаргу генеральны дырэктар ВК ТАА “Макбел” і выканаўчы дырэктар ХХV ММКВК Дзмітрый Генадзьевіч Макараў адзначыў: “Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш традыцыйна адкрывае міжнародны кніжны год. І таму мы, кнігавыдаўцы, пасля новага года заўсёды чакаем ММКВК як адмысловую праяву дзелавой актыўнасці, наогул як нейкі сімвалічны пачатак, маўляў, калі мінская выстава пройдзе добра, значыць, увесь год таксама пройдзе добра.

І нам сапраўды ёсць чым ганарыцца. Наша выстава — на другім месцы пасля маскоўскай у СНД і па колькасці праведзеных саміх гэтых форумаў, і па аб’ёме, і па колькасці экспанентаў. І мы працягваем з кожным годам пашырацца. Напрыклад, на сёння заяўкі на ўдзел падалі ўжо больш за 30 дзяржаў. Для параўнання: у І ММКВК, якая адбылася ў 1994 годзе, прынялі ўдзел толькі 8 краін — з ліку з краін СНД і Прыбалтыкі; потым наступныя гады гэтая колькасць заставалася прыблізна на адным узроўні — каля 10 краін-удзельніц; але ўжо ў 2003 годзе ў ММКВК удзельнічалі кнігавыдавецкія і кнігараспаўсюджвальніцкія фірмы, прадстаўніцтвы і асацыяцыі з 31 краіны. З таго часу іх колькасць не становіцца меншай. У мінулым годзе ўдзельнікамі выставы сталі 320 экспанентаў з 31 краіны, а экспазіцыю наведалі каля 58 тысяч чалавек. Думаю, сёлета мы перавысім і гэтыя лічбы.

Трэба адзначыць, што сёлета ў нас вельмі цікавы ганаровы госць — Сербія (хаця калі ганаровыя госці ММКВК былі нецікавыя?). Але Сербія — гэта ўсё-такі асаблівы выпадак. Сербы, як і мы, славяне. Гэта блізкі нам менталітэт, блізкая мова і, адпаведна, блізкая нам літаратура.

І цэнтральны экспанент — гэта таксама наш адзін з найбліжэйшых партнёраў, Рэспубліка Казахстан. Дарэчы, госці з Казахстана едуць да нас не толькі з вялікай уласна кніжнай экспазіцыяй, але і з не менш цікавай культурнай праграмай. У прыватнасці, да нас прыедуць 2 унікальныя музычныя калектывы, адзін з якіх выконвае этнамузыку. На Маскоўскай кніжнай выставе-кірмашы я ўжо аднойчы слухаў іх канцэрт. Гэта было проста неверагодна! Ты слухаеш іх незвычайнае выступленне — і як быццам уяўляеш сябе пасярод казахскага стэпу…

Чаму, наогул, мы так прыцягваем замежных гасцей? Мабыць, таму, што вельмі паважаем іншыя народы, не на словах, а на справе праводзім палітыку добрасуседства ў самых розных сферах. Прывяду толькі адзін паказальны прыклад. Сёння ўкраінскія выдаўцы практычна не ездзяць на кніжныя выставы-кірмашы ў Расію, а расійскія выдаўцы ў сваю чаргу ігнаруюць выставы ва Украіне. І атрымліваецца, што наша выстава-кірмаш становіцца гэткай, можна нават сказаць, прымірэнчай культурнай пляцоўкай, дзе ўсе кантактуюць паміж сабой па-за палітыкай. Невыпадкова, дарэчы, галоўная тэма сёлетняй ММКВК гучыць як “Беларусь — культурная пляцоўка Еўропы”.

А чаму мы прыцягальныя для айчынных наведвальнікаў? Акрамя ўсяго іншага (сустрэч з пісьменнікамі, аўтограф-сесій, прэзентацый і г.д.), тут вельмі важна тое, што ў нас заўсёды быў і застаецца бясплатны ўваход на выставу. Людзі могуць раз на год набыць тут кніжкі без гандлёвай нацэнкі. А на сёння гэта прынцыпова, бо разыходжанні ў коштах на кніжную прадукцыю ў кніжных магазінах, у тым ліку ў інтэрнэт-магазінах, вельмі вялікія. І таму кнігалюбы цэлы год чакаюць нашу выставу для таго, каб купіць тут кнігі без асаблівай нагрузкі на ўласны бюджэт.

Я гэта кажу да таго, што Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш штогод працуе не толькі для дзелавых партнёраў па кнігавыдавецкім бізнесе, але і для менавіта шараговых наведвальнікаў, проста ўлюбёных у кнігу людзей. Прыходзьце, не пашкадуеце!”

Мікола ЧЭМЕР.
Фота (з ММКВК мінулых гадоў) Алега ІГНАТОВІЧА.