Збіралі пазлы яркага лета

- 12:55Навіны рэгіёнаў

На працягу многіх гадоў у сярэдняй школе № 5 Пружан працуе летні аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем дзяцей “Сонейка”. Дзейнасць летніка ажыццяўляецца па спартыўным, турыстычна-краязнаўчым, фізкультурна-масавым, прыродаахоўным і мастацка-эстэтычным кірунках, якія пашыраюць кругагляд выхаванцаў, павышаюць цікавасць да новых ведаў.

—Сёлета ў лагеры аздаравіліся 95 вучняў пачатковых класаў, сярод якіх былі дзеці з мнагадзетных і нядобранадзейных сем’яў, — расказала дырэктар лагера С.І.Макаед. — Летнік — гэта выдатная магчымасць атрымаць новыя ўражанні, адпачыць, цікава і з карысцю правесці час з сябрамі. Якаснае аздараўленне залежыць ад прафесіяналізму педагогаў, іх падыходу да работы. Асабліва цікава праходзяць змены, звязаныя з рэалізацыяй тэматычных праектаў. Так, раней у лагеры былі ажыццёўлены праекты “Па Пружанскім краі з фотаапаратам я крочу”, “Маленькія турысты, ці Тайна чароўнага куфэрка”, “Сонечная акадэмія” і “Летняе падарожжа”, адзначаныя дыпломамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. Сёлета лагер працаваў у рамках рэспубліканскай акцыі “Выбор лета. ЗдОрово! ЗдорОво! Полезно! Дружно!” па праекце “Пазлы лета: адзінства і гармонія”, дэвіз якога — “Збяры пазл свайго яркага лета”.

— Сімвалам змены стаў пазл. Ён увасаб­ляў яркія дні, з якіх складвалася агульная карціна, аб’яднаная Годам народнага адзінства, — адзначыла старшая выхавальніца лагера Н.Г.Бармута. — Гульнявая форма выхаваўчай работы дапамагла надаць эмацыянальную афарбоўку лагерным падзеям, павысіць цікавасць дзяцей да мерапрыемстваў, стварыць атмасферу сумеснай творчасці, развіць фантазію і наладзіць зносіны дзяцей. 18-дзённая праграма была насычана спартыўнымі, пазнавальнымі і развіццёвымі мерапрыемствамі і гульнямі, экскурсіямі і святамі, якія ўмацоўвалі здароўе праз актыўны адпачынак. Тэматыка лагерных дзён (пазлаў) — “Бяспека і пазітыў”, “Радзіма і шчасце”, “Па­мяць і гонар”, “Народнае адзінства” і інш.

Штодзень ладзіўся аўкцыён карысных навыкаў KidsSkills у форме тэматычных інфармацыйных і забаўляльных відэаролікаў, накіраваных на развіццё творчых і інтэлектуальных здольнасцей, набыццё важных ведаў і ўменняў, пашырэнне кругагляду.

На працягу змены праводзіліся розныя квест-гульні, якія дазволілі не толькі весела і цікава правесці час, але і папоўніць веды, умацаваць камандны дух, выявіяць лідараў. За дасягненні школьнікі атрымлівалі прызы і падарункі.

Першы дзень прысвячаўся бяспецы.

З мэтай замацавання ведаў аб правілах дарожнага руху, бяспечных паводзінах у побыце і на прыродзе прайшлі сустрэчы з супрацоўнікамі ДАІ, МНС і Асводу, экскурсія на выратавальную станцыю, дыскусія “Чым небяспечны інтэрнэт”, гутаркі “Медыябяспека — мой выбар” і “Захава­насць маіх рэчаў”, сацыяльна значная акцыя “Пісьмо вадзіцелю, парада пешаходу”, квест “Бяспечнае сэлфі”, пазнавальна-забаўляльная гульня “Цвецік-сяміцвецік”, медыя-ўрок “Падарожжа ў краіну дарожных знакаў” і інш.

Асаблівая ўвага ўдзялялася грама­дзянска-патрыятычнаму выхаванню. Так, дзеці пабывалі на мітынгу з нагоды Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі каля помніка “Спаленым вёскам”, удзельнічалі ў ваенна-спартыўным квесце “Партызанскімі сцяжынамі”, інфармацыйнай праграме “Рэха вайны”, квест-гульні “Загадка франтавога пісьма”, гарадской экспедыцыі “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”, інфармацыйнай гадзіне “Беларусь паспяховая”, акцыях “Роднае — народнае” і “Год народнага ­адзінства — год добрых спраў”, га­дзіне краязнаўства “Падарожжа па родным краі”, конкурсах “Пазнай Беларусь” і “Вялікая будучыня малой радзімы” і інш.

Важнае значэнне надавался таксама здароваму ладу жыцця. З гэтай мэтай праводзіліся штодзённыя зарадкі на свежым паветры, рухавыя гульні, спартыўныя гадзіны рознай тэматыкі, ЗЛЖ-хвілінкі, прысвечаныя прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі, малыя Алімпійскія гульні, вясёлыя эстафеты “Малышы-крутышы” і вясёлыя старты “Смяшарыкі на паветраным шарыку”.

Падчас калектыўна-творчых спраў, атрадных мерапрыемстваў і агульналагерных лінеек увага дзяцей акцэнтавалася на такіх маральных каштоўнасцях, як грама­дзянскасць, гуманізм, адказнасць, пачуццё ўласнай годнасці, сумленне. Адбыліся трэнінгі “Насустрач дружбе”, “Пазітыў — мой выбар” і “Пераадоленне націску равеснікаў”, воркшоп “У свеце эмоцый”, круглы стол “Барометр настрою” і майстэрня ідэй “Лідар і лідарства”.

Для інтэлектуальнага і эстэтычнага развіцця дзяцей працавалі профільныя групы “Вясёлы аловак”, “IT-клуб” і “Супербіт”, ладзіліся гульнявыя (“Сто забаў для ста сяброў” і “Каля летніх варот гульнявы карагод”) і забаўляльныя (“Лета збірае сяброў” і “Сакрэт добрага настрою”) праграмы. У рамках супрацоўніцтва з Беларускай Праваслаўнай Царквой прайшлі круг­лы стол “Пра сям’ю, любоў і вернасць” і экскурсія ў праваслаўны музей пры мясцовым храме.

Завяршылася цікавая і насычаная змена вялікім канцэртам і фестывалем фарбаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.