Збіць слана“мышкай”

Той, хто хоць раз перажыў трыумф за шахматнай дошкай, ведае, якой прыцягальнай можа быць гэтая гульня. Хто сам знайшоў прыгожае і нечаканае рашэнне шахматнай задачы, ведае, як хочацца разабраць новыя эцюды, а пасля прайгранай партыі міжволі ў думках робіш работу над памылкамі і пракручваеш несыграныя хады і гамбіты. І калі шахматыст прыпыніць заняткі, не бачыць вачэй саперніка па той бок чорна-белага поля, то гэта адчувальная страта для яго. Камп’ютар як сапернік дапамагае ненадоўга — машынальныя хады ў адказ не заменяць жывых эмоцый. У гэтым выпадку на дапамогу прыходзіць твой трэнер. Праз той жа манітор.

Майстар спорту па шахматах Ігар Ра­сіхін — актыўны дзеючы спарт­смен: неаднаразовы чэмпіён Рэспублікі Беларусь, пераможца і прызёр шматлікіх міжнародных турніраў. У складзе зборнай каманды Рэспублікі Беларусь стаў прызёрам су­светнай шахматнай алімпіяды, турніраў у Балгарыі, Іспаніі, Англіі, Чэхіі і г.д. Але галоўнае сваё прызванне бачыць не як спартсмен, а як педагог. У Гродзенскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі ён працуе каля 8 гадоў, дзе пераймаць яго майстэрства заўсёды збіраюцца дзясяткі жадаючых.

“Я сам стаў гуляць у шахматы позна, першы турнір згуляў ажно ў 14 гадоў. Маім трэнерам быў Уладзімір Сяргеевіч Якушаў у гэтай жа установе (тады Палацы піянераў). Ён быў вельмі добрым дзіцячым трэнерам, і настрой тых эмацыянальных трэніровак я нясу праз усё жыццё. Для мяне спартыўны складнік гульні ў шахматы — не галоўнае, і гэта я гавару дзецям. Канечне, мне як трэнеру прыемна, калі мае дзеці гуляюць добра.

Напрыклад, у мінулым годзе двое маіх выхаванцаў сталі прызёрамі чэмпіянату Беларусі — Ксенія Норман (да 12 гадоў) і Максім Лугінін (да 8 гадоў). Сёлета Ксенія стала бронзавым прызёрам чэмпіянату Рэспуб­лікі Беларусь сярод юніёрак да 20 гадоў, а ў хуткім часе яна будзе іграць у Вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі сярод жанчын. Гэта грандыёзны поспех для гродзенскіх шахмат, але для мяне вызначальныя выхаваўчыя і адукацыйныя функцыі. Так, шахматы вучаць думаць, прымаць рашэнні, бачыць разнастайнасць выхадаў з любой сітуацыі, усе варыянты развіцця падзей, але я не стаўлю мэты, каб мае навучэнцы звязвалі сваё прафесійнае жыццё з шахматамі (гэта вельмі рэдкая з’ява). Для мяне важны іх поспех у любой сферы”, — гаворыць Ігар Сяргеевіч.

Педагог упэўнены, што шахматную дошку манітор не заменіць, але калі магчымасці трапіць на заняткі ў секцыі няма, работа ў анлайн-фармаце таксама выйс­це. І гэта магчыма не толькі падчас сёлетніх канікул і дамашніх заняткаў у секцыі. Яго вучні ёсць і за мяжой, раз’язджаюцца па іншых гарадах, але працягваюць трэніроўкі са сваім трэнерам у Skype.

Анлайн-заняткі Ігара Сяргеевіча — паўнавартасныя, з тэарэтычным і практычным блокамі, з разборам шахматных задач і анлайн-турнірамі. Для навічкоў ён праводзіць групавыя заняткі, а вось з вопытнымі шахматыстамі найбольш плённыя індывідуальныя.

“Тут трэба рабіць ухіл на слабыя месцы кожнага навучэнца і адточваць складаныя для яго моманты, — гаворыць трэнер і дадае, што сама падрыхтоўка да анлайн-заняткаў павінна быць прадуманай і для кожнага з навучэнцаў свая. — Чым лепш падрыхтаваныя вучні, тым складаней праводзіць заняткі анлайн. Трэба рыхтаваць вельмі грунтоўны матэрыял, каб з кожным разам ён быў для дзіцяці больш складаным, каб прымушаў думаць.

Галоўная задача любога трэнера па шахматах — навучыць дзіця думаць самастойна. Яму ж ніхто не дапаможа за дошкай. Гэта ў футболе ці ў хакеі трэнер можа падчас гульні змяніць яе схему. Шахматыст ад пачатку да канца прымае ўсе рашэнні сам. Таму наша задача — навучыць гэтаму”.

Святлана НІКІФАРАВА.