Збор і перапрацоўка другаснай сыравіны сталі цікавым сегментам для прыватнага бізнесу

- 12:24Інфармацыйная гадзіна

Беларусы актыўна здаюць у перапрацоўку складанабытавую тэхніку і батарэйкі. Аб гэтым паведаміў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Анатоль Шагун.

“З прыняццем у канцы 2014 года пастаноў Саўміна № 1023 і № 1024 актывізавалася работа па зборы адходаў электроннага і электрычнага абсталявання (бытавой і складанабытавой тэхнікі), энергазберагальных лямп, батарэек”, — адзначыў Анатоль Шагун. У першым паўгоддзі 2015 года на перапрацоўку адпраўлена 1,7 тысячы т складанабытавой тэхнікі, што ў 3,5 разу больш, чым сабрана ў 2014 годзе. Акрамя таго, за студзень — чэрвень сабрана 15,2 тысячы т элементаў сілкавання, хоць у мінулыя гады перапрацоўшчыкі збіралі не больш за 10 т.
Паводле слоў намесніка міністра, такі рост забяспечаны за кошт таго, што збор гэтых відаў другаснай сыравіны арганізаваны ў тым ліку ў месцах масавых продажаў. Акрамя таго, у абласных гарадах і Мінску для грамадзян арганізавана служба, якая бясплатна вывозіць старыя халадзільнікі, тэлевізары і іншую буйнагабарытную тэхніку на перапрацоўку.
Збор і перапрацоўка другаснай сыравіны сталі цікавым сегментам для прыватнага бізнесу, адзначыў таксама намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Анатоль Шагун.
Прыватнымі арганізацыямі ў 2015 годзе сабрана амаль 43% другасных матэрыяльных рэсурсаў. Яшчэ 29% адходаў сабралі перапрацоўшчыкі, 20% — арганізацыі сістэмы Белкаапсаюза, амаль 7% — канцэрна “Белрэсурсы”.
“Такая структура збору другасных матэрыяльных рэсурсаў паказвае, што меры па стымуляванні збору другаснай сыравіны, якія прымаюцца ў апошнія гады, даволі эфектыўныя. З аднаго боку, яны забяспечваюць нам рост аб’ёмаў, з іншага — прывабліваюць прыватны бізнес”, — лічыць намеснік міністра.