Зборная субота

На сцэне — упрыгожаная сялянская хата. Адмысловыя ручнікі, з аднаго боку — печ, непадалёку ад печы — лава… На сцэну выходзіць вядучая ў нацыянальным касцюме, вітаецца, расказвае, з якой мэтай сабраўся народ. Аказваецца, моладзь прыйшла паказаць народны абрад, які ў старажытныя часы называўся зборнай суботай. Зборная субота ладзілася перад шлюбам, калі ў хаце нявесты збіраліся сяброўкі, спляталі вяночак маладой, спявалі песні. Зборная субота — абрад развітвання дзяўчыны з дзявоцтвам, пасля якога яна ўжо не мела права хадзіць на гулянкі. Артысты паказалі, як у старажытныя часы цікава і прыгожа дзяўчаты збіраліся разам, як шанаваліся векавыя традыцыі.

Удзельнікамі сталі вучні Макранскага ВПК Дар’я Лявіцкая, Уладзіслаў Паджараў, Таццяна Поразава, Ігар Волікаў, Таццяна Абрамовіч, Кацярына Клепік, Аліна Лявіцкая, Юрый Сямёнаў, работнікі Макранскага сельскага Дома культуры Святлана Анатольеўна Бубелева і Тамара Юрысаўна Ога, энергіі якіх трэба толькі пазайздросціць. Удзельніцай свята стала Алена Паўлаўна Савосцікава, настаўніца музыкі Макранскага ВПК, якая сваім прыкладам не раз заахвочвала навучэнцаў удзельнічаць у народных абрадах. Таксама ўдзельнічала ў свяце Нонна Уладзіміраўна Герасіменка, творчая асоба, настаўніца харавога класа Макранскай дзіцячай школы мастацтваў.

Падчас свята гучалі беларускія народныя песні «Касіў Ясь канюшыну», «Зборная субота», «Пойдзем, пойдзем лугам…», «Лятуць, лятуць…», «Ой, звілі вяночак», «Як правёў мяне Цімох». Увогуле, беларускім нацыянальным каларытам было прасякнута ўсё свята. Апладысменты не сціхалі. Многія адзначылі, што выступоўцы трымаліся на сцэне як сапраўдныя артысты тэатра і кіно. І падлеткі з задавальненнем бяруць удзел у такіх абрадах: «Навошта забываць свае карані? Згубіўшы іх, мы згубім і сябе».

Алена ЦЫВІЛЬКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Макранскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Быхаўскага раёна.