Збяры Беларусь у сваім сэрцы

- 12:10Метадычная скарбонка

Сёлета тэмай першага ўрока ў школах краіны стануць радкі з верша Янкі Купалы “Маладая Беларусь” — “Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!”. Урок закліканы садзейнічаць фарміраванню грамадзянскасці і патрыятызму навучэнцаў; спрыяць выхаванню пачуцця гонару за краіну і яе герояў, павагі да яе дасягненняў; садзейнічаць фарміраванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Настаўнікі з розных куточкаў Беларусі даслалі свае распрацоўкі ўрокаў. Зразумела, надрукаваць усе цікавыя знаходкі проста немагчыма, таму прапануем фрагменты некаторых распрацовак педагогаў, якія першымі даслалі свае матэрыялы. Магчыма, паважаныя чытачы, пры падрыхтоўцы да ўрока яны будуць карыснымі для вас.

Настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Баранавіч Анжэла Тукай прапануе навучэнцам 7—8 класаў здзейсніць падарожжа ў некалькіх вымярэннях “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”.Урок падзяляецца на некалькі блокаў.

Блок “Самае значнае”

Настаўнік. Якiмi значнымi падзеямi адметны 2019 год? (Кожны адказ дзяцей суправаджаецца каментарыем настаўнiка або дадатковымi пытаннямi.)

· 75-годдзе вызвалення Беларусi ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў. А як мы, пасляваеннае пакаленне, можам аддзячыць вызваленцаў?

· 80-годдзе ўз’яднання Заходняй Беларусi i БССР. Дзякуючы гiстарычным падзеям 1939 года беларусы аб’ядналiся ў адной дзяржаве, а заходнiя беларусы атрымалi магчымасць вучыцца i размаўляць на роднай мове.

· 25-годдзе прыняцця Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь. Цi ведаеце вы, што ў гэтым галоўным дакуменце адлюстраваны i вашы правы як дзяцей. Можаце iх назваць?

· II Еўрапейскiя гульнi. Магчыма, некаторыя з вас iх наведалi асабiста. Хто ведае, колькi спартсменаў удзель­нiчала ў спаборнiцтвах? А колькi краiн яны прадстаўлялi? Падзялiцеся, якiм чынам вы змаглi паўдзельнiчаць у гэтай еўрапейскай спартыўнай падзеi.

· 1000-годдзе Брэста. Ён, дарэчы, аб’яўлены культурнай сталiцай СНД.

· 50-годдзе НДЦ  “Зубраня”. Яго iснаванне — гэта адно з многiх сведчанняў клопату дзяржавы пра дзяцей.

Блок “Карта Беларусi”

Настаўнік. А цяпер павандруем па нашай цудоўнай Беларусi. Падзялiцеся на шэсць груп у адпаведнасцi з колькасцю абласцей. Цi здагадалiся вы, у якую вобласць адпраўляецца ваша каманда? У канверце знаходзiцца тры карткi ў форме вашай вобласцi.

На той, што пазначана лiчбай 1, вы адзначыце найбольш значныя архiтэктурныя цi культурныя аб’екты; на пазначанай лiчбай 2 — самыя значныя прыродныя аб’екты, напрыклад, запаведнiкi, нацыянальныя паркi i інш.; а на 3 — буйныя прадпрыемствы, якiя ведаюць не толькi ў Беларусі i якiя прыносяць найбольшы прыбытак. (Можна вар’iраваць тэматыку задання, напрыклад, замест прадпрыемстваў даць заданне знайсцi найбольш выбiтных асоб, ураджэнцаў вобласцi.) На карце вы пазначаеце свае адкрыццi любым спосабам: можна пiсаць фламастарам, а можна прыклеiць выяву аб’екта.

А цяпер прыйшоў час са сваiмi адкрыццямi пазнаёмiць усiх. Пакуль нашы тры вялiкiя карты белыя, але хутка, дзякуючы вам, белыя плямы запоўняцца. Такім чынам, збiраем у сваiм сэрцы “Беларусь архiтэктурную” (“Беларусь экалагiчную” i “Беларусь эканамiчную”). Групы па чарзе выходзяць да карты, прымацоўваюць на месца сваю карту вобласцi i 1—3 сказамi тлумачаць, чаму выбралi менавiта гэтыя аб’екты.

Блок “Родная старонка”

Настаўнік. Вяртаемся на сваю малую радзiму. Каб вызначыць самага эрудзіраванага, лепшага знаўцу свайго горада (вёскi), правядзём вiктарыну. За правiльныя адказы атрымліваем фішкі. У канцы гульнi падлiчым іх і ўзнагародзім таго, хто сабраў найбольшую колькасць. Пры падборы пытанняў можна скарыстацца прапанаваным шаблонам:

1. Назавiце год заснавання нашага горада (вёскi).

2. Якая ў яго колькасць насельнiцтва i плошча? (Прымаюцца прыблiзныя адказы, а перамагае той, хто назаве найбольш дакладна.)

3. Назавiце дату вызвалення горада (вёскi) ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў.

4. А цяпер увага на экран. Перад вамi — знакамiтыя землякi. Назавiце iх прозвiшчы, а той, хто скажа, чым кожны з iх здабыў сабе славу, атрымае дадатковую фiшку.

5. Зараз на экране з’явяцца помнiкi нашага горада (вёскi). Ваша задача — назваць, у гонар чаго яны ўзведзены.

6. I зноў паглядзiце ўважлiва на экран. Гэта вядомыя гiстарычныя аб’екты. Назавiце iх.

7. Наш горад — вядомы прамысловы цэнтр. Пералiчым прадпрыемствы — заводы, фабрыкi, камбiнаты. Фiшку атрымаюць толькi тыя, хто назаве адразу тры аб’екты.

8. Наш горад (вёска) — гэта яшчэ i цэнтр культуры. Якiя конкурсы, фестывалi i iншыя культурныя праекты ладзяцца менавiта ў нас?

Блок “Вынiкi”

Настаўнік. Паглядзiце, якую Беларусь мы з вамi сабралi ў сваiм сэрцы. А цяпер кожны дапоўнiць сказ i такiм чынам прызнаецца ў любовi да сваёй краiны.

Мая Беларусь, ты…

Янка Купала назваў Беларусь маладой. Чаму? Цi можам мы i сёння так сказаць? А што сведчыць пра тое, што Беларусь заняла “свой пачэсны пасад мiж народамi”? (Тут адбываюцца мiжнародныя перамовы па ўрэгуляванні ваенных канфлiктаў, у нас ладзяцца мiжнародныя спартыўныя спаборнiцтвы, адкрываюцца сумесныя прадпрыемствы, наша IТ-прамысловасц­ь прызнана ў свеце i г.д.)

I гэта, як вы разумееце, далёка не ўсё, чым адметна наша любiмая краiна. А вам як маладому пакаленню трэба зрабiць яшчэ больш, каб вашы нашчадкi ганарылiся роднай зямлёй.

У распрацоўцы настаўніцы сярэдняй школы № 3 Мастоў Таццяны Навіцкай чырвонай ніткай праходзіць тэма малой радзімы — Мастоўшчыны. Вучні рыхтуюць паведамленні пра гісторыю свайго горада, вядуць гутарку пасля прагляду відэа “Адкуль пайшла назва горада Масты”, збіраюць пазлы, каб даведацца, як выглядаюць яго герб і сцяг. Веданне вуліц горада высвятляецца з дапамогай прыёму “алфавіт”. Цікавасць у школьнікаў выкліча і гульня “Пазнай славутасць горада”, дзе навучэнцы па апісанні павінны вызначыць тую ці іншую мясціну, напрыклад, самы доўгі ў Беларусі падвясны пешаходны мост даўжынёй 193 метры, самы кароткі праспект і г.д., а таксама складанне партрэта мастаўчаніна, праз дапаўненне выразу:

захоўваць…, паважаць…, перажываць…, ганарыцца…, кахаць….

Класныя кіраўнікі Верцялішкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна Ларыса Хомбак і Яўгенія Гудач плануюць правесці першы ўрок за межамі класнага пакоя каля мемарыяльнага комплексу  “Журботная маці”, ускласці кветкі да яго, прыгадаць разам з вучнямі шлях да суверэнітэту і незалежнасці і што сёння галоўнымі прыярытэтамі развіцця беларускай дзяржавы з’яўляюцца дабрабыт народа, міралюбівая знешняя палітыка і нацыянальная бяспека. За гады незалежнасці нямала зроблена ў сферы спорту, прамысловасці, культуры, медыцыны, навукі, аб чым і раскажуць вучні ў сваіх паведамленнях.

У форме дзелавой гульні “У рэдакцыі газеты” прадставіла ўрок настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы г.п. Мір Алена Смольская. Вучні выступяць у ролі маладых карэспандэнтаў, членаў рэдкалегіі і дызайнераў па падрыхтоўцы тэматычнага выпуску, прысвечанага суверэннай і незалежнай Беларусі.

Настаўнік. Гордасць за родную зямлю. Яна нараджаецца яшчэ ў дзяцінстве і, як першы вясновы парастак, набірае сілу, мацнее на працягу ўсяго жыцця. Яна бярэ свой выток з сэрца, душы чалавека разам з любоўю да роднага дома, квяцістага лугу, блакітнага льнянога палетка і пошуму дуброў. А ганарыцца беларусам ёсць чым. Якая яна, Беларусь незалежная?

1. Выступленні карэспандэнтаў.

Карэспандэнт 1. Галоўныя дасягненні краіны за гады незалежнасці (выступленне суправаджаецца праглядам прэзентацыі “Нам ёсць чым ганарыцца”.)

1. Беларусь — міратворца. Наша краіна — адна з нямногіх на постсавецкай прасторы дзяржаў, якая не мае памежных спрэчак з суседзямі, міжрэлігійных канфліктаў, дыскрымінацыі грамадзян па моўнай прыкмеце. Беларусь першай на постсавецкай прасторы добраахвотна адмовілася ад размяшчэння на яе тэрыторыі ядзернай зброі. Бяз’ядзерны статус дзяржавы замацаваны ў Канстытуцыі. Галоўнае для нашай краіны — міралюбівая шматвектарная знешняя палітыка. Гэта дазволіла Беларусі стаць асноўнай пляцоўкай для перагавораў па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне. Сёння сусветная грамадскасць разглядае Беларусь як донара рэгіянальнай бяспекі. Таму невыпадкова на 70-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН наша краіна была названа сімвалам міру.

2. Асваенне космасу Беларусь пачала з запуску 22 ліпеня 2012 года з касмадрома Байканур у Казахстане ўласнага спадарожніка. З гэтага моманту краіна стала касмічнай дзяржавай. У выніку мы атрымалі магчымасць стварыць самастойную сістэму дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, якая патрэбна ў лясной гаспадарцы, Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях, Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання, а таксама ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Статус касмічнай дзяржавы пацвярджаюць і рэгулярныя палёты на арбіту нашага земляка Алега Навіцкага.

3. Краіна асвойвае мірны атам. У студзені 2008 года было прынята рашэнне аб будаўніцтве атамнай электрастанцыі. 9 жніўня 2012 года на пляцоўцы будаўніцтва пад Астраўцом прайшла цырымонія закладкі прэзідэнтам капсулы з пасланнем будучым пакаленням. Наша АЭС складаецца з двух энергаблокаў магутнасцю да 2400 МВт. Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ўжо ў будучым годзе.

4. Лічбавая эканоміка. У 2005 годзе быў падпісаны Дэкрэт “Аб стварэнні Парка высокіх тэхналогій”. Сёння ў ім зарэгістравана каля 240 кампаній, сярод якіх ёсць і добра вядомыя ва ўсім свеце, у тым ліку “ЭПАМСістэмс”, распрацоўшчык гульні World of  Tanks — кампанія “Гейм Стрым” і кампанія Viber. Кампаніі з 67 краін свету з’яўляюцца заказчыкамі Парка высокіх тэхналогій, у тым ліку 5 з 10 найбуйнейшых карпарацый.

5. Арэна планетарнага значэння. Дзяржава за гады незалежнасці многа інвесціравала ў спорт. “Мінск-Арэна” — адзін з самых сучасных комплексаў у Еўропе. Менавіта яна стала асноўнай пляцоўкай чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе і ІІ Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе. Будынак захапляе сваім рашэннем у стылі хай-тэк, пераўзыходзіць па знешняй прыгажосці, унутраным дызайне і наборы сучасных паслуг усе раней пабудаваныя спартыўныя арэны ў краіне, з’яўляецца адметнасцю не толькі нашай краіны, але і ўсяго еўрапейскага кантынента.

Карэспандэнт 2. Эканоміка Беларусі.

Карэспандэнт 3. Навука і медыцына Беларусі.

Карэспандэнт 4. Беларусь – спартыўная краіна.

Карэспандэнт 5. Беларусь культурная.

2. Выступленне рэдкалегіі. (Члены рэдкалегіі агучваюць рубрыкі газеты, выбраныя падзеі, ілюстрацыйны матэрыял.)

3. Афармленне выпуску газеты.

Настаўнік. І зараз нашым дызайнерам застанецца папрацаваць над афармленнем нумара газеты. А я прапаную ўсім астатнім звярнуцца да відэа “Наша. Незалежнае” (www.youtube.com/watch?v=i9ShUfkpqAA).

Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 Дзятлава Галіна Скрабец прапаноўвае малодшым школьнікам на сваім уроку паўдзельнічаць у гульні-віктарыне “Маё меркаванне”, прадэманстраваць свае веды аб спартыўным жыцці нашай краіны. (У вучняў на сталах карткі з нумарамі 1, 2, 3. Прапануюцца пытанні і варыянты адказаў. Кожны навучэнец павінен падняць картку з нумарам адказу.)

1. Гэтае вялікае спартыўнае мерапрыемства праходзіла ў нашай краіне з 21 па 30 чэрвеня 2019 года.

Варыянты адказу:

1.Чэмпіянат Еўропы па хакеі.

2. II Еўрапейскія гульні.

3.Чэмпіянат Беларусі па футболе.

2. Колькі відаў спорту было ўключана ў II Еўрапейскія гульні?

Варыянты адказу:

1.18.

2.16.

3.15.

3.Спартсмены з колькіх краін Еўропы прынялі ўдзел у гэтых спаборніцтвах?

Варыянты адказу:

1. 42.

2. 50.

3. 30.

4. Колькі медалёў заваявалі беларускія спартсмены падчас II Еўрапейскіх гульняў?

Варыянты адказу:

1. 69.

2. 54.

3. 70.

5. Якое выніковае месца па колькасці медалёў заняла Рэспубліка Беларусь у II Еўрапейскіх гульнях?

Варыянты адказу:

1. 1-е.

2. 2-е.

3.3-е.

6. Якія важныя спаборніцтвы міжнароднага значэння пройдуць у Мінску 9—10 верасня 2019 года?

Варыянты адказу:

1. Чэмпіянат Еўропы па плаванні.

2.Чэмпіянат Еўропы па лёгкай атлетыцы.

3. Лёгкаатлетычны матч Еўропа — ЗША.

Настаўнік. Ці змаглі мы даказаць, што Беларусь — спартыўная краіна?

Зрабiць першы ўрок цiкавым i запамiнальным дапамогуць малодшым школьнікам наступныя заданнi, прапанаваныя настаўніцай пачатковых класаў Белавежскай сярэдняй школы Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці Ларысай Петуховай:

1. “Вылiчальныя ланцужкi”.

81:3+13+35

18+2+30+5+20

360:12+25- 15+35

(Прыклады складаюцца ў адпаведнасцi з узростам вучняў.)

Адказ ва ўсiх прыкладах — 75.

Гэтая лiчба невыпадковая. Як звязана яна з гiсторыяй  нашай краiны?

2. “Арфаграфiчная размiнка”.

Устаў лiтары i даведайся прозвiшча аднаго з герояў Вялiкай Айчыннай вайны.

с..сновы                              р..кi                                   м..рскi

М     ц..гляны             ш           ц..ны                р              л..сiхаў

м..лады                           стр..лы                              р..чулка

Атрымлiваецца  — Машэраў. Да вайны працаваў настаўнiкам матэматыкi i фiзiкi ў Расонскай сярэдняй школе, што на Вiцебшчыне. Ужо ў жнiўнi 1941 года стварае падпольную групу, куды ўвайшлi амаль усе яго вучнi. Вясной гэта быў ужо цэлы партызанскi атрад. У 1944 годзе Пятру Мiронавiчу Машэраву было прысвое­на званне Героя Савецкага Саюза. Яго iмя носяць i вулiцы гарадоў і мястэчкаў.

3. “Дагаварыце сказ”. (Настаўнiк пачынае сказ i кiдае мяч аднаму з вучняў.)

— Гораду Брэсту споўнiлася…(1000 гадоў.)

— Дзень Незалежнасцi наша краiна святкуе… (3 лiпеня.)— Мiжнародны фестываль “Славянскi базар” праходзiць у… (Вiцебску.)

— Ф.Скарына нарадзiўся ў… (Полацку.)

— ІІ  Еўрапейскiя гульнi прайшлi ў… (Мiнску.)

4. “Складзіце сiнквейн “Мiнск”.

Мiнск

Чысты, утульны

Будуецца, расце, прыгажэе

Гасцiнна сустракае сваiх сяброў

Сталiца

5. “Знайдзiце сувязь”. Настаўнiк называе горад, а вучнi прадукцыю, якая ў iм вырабляецца. Напрыклад, Жабiнка — цукар; Мiнск — трактары, аутобусы, хала­дзiльнiкi; Пiнск — мэбля, трыкатаж, Брэст — газавыя плiты.

Або, наадварот, самазвалы “БелАЗ” — Жодзiна; цукеркi — Мiнск, Гомель; пасцельная бялiзна — Баранавiчы; дываны — Брэст, Вiцебск.

6. “Суаднясіце месцазнаходжанне”.

Абелiскi i помнiкi сталi напамiнам аб жудаснай вайне. Успомнiце, дзе ўстаноўлены помнiкi i манументы:

Манумент у гонар Мацi-патрыёткi — Мінск.

Помнiк Марату Казею — Орша.

Помнiк Канстанцiну Заслонаву — паблiзу Магiлёва.

Манумент “Мужнасць” — Жодзiна.

Мемарыяльны комплекс  “Брэсцкая крэпасць” Буйнiцкае поле.

Падрыхтавала Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Матэрыялы да першага ўрока “Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!” падрыхтавалі:

Алена Цывілька

Ала Жыліч

Анжэла Тукай

Алена Смольская

Галіна Скрабец

Ларыса Хомбак і Яўгенія Гудач

Ларыса Петухова

Таццяна Навіцкая