Здабытак вобласці — здабытак краіны

Безумоўна, гэта яны — таленавітыя і крэатыўныя, мудрыя і дасціпныя, мэтанакіраваныя, працалюбівыя, бясконца адданыя дзецям і сваёй прафесіі — нашы настаўнікі! У конкурсе “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2014” на Віцебшчыне прынялі ўдзел больш за 3 тысячы чалавек — кожны шосты педагог.

Зоркі, якія клічуць за сабой

Па выніках абласнога этапу — ён завяршыўся 4 красавіка — вызначаны сямёра пераможцаў, якія зараз рыхтуюцца прадставіць рэгіён на рэспубліканскім этапе прафесійнага спаборніцтва. Трэба сказаць, што конкурс стаў не толькі самым масавым за ўсю гісторыю яго правядзення, не толькі зрабіўся значна больш складаным у параўнанні з папярэднімі гадамі, але і відавочна памаладзеў: стаж работы ўдзельнікаў — ад 2 да 36 гадоў (тым не менш найбольшая колькасць канкурсантаў мае педагагічны стаж ад 13 да 26 гадоў, прычым больш за 85 працэнтаў з іх — педагогі першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі). Партфоліа і выступленні ўдзельнікаў абласнога этапу конкурсу засведчылі іх несумненна высокі прафесійны ўзровень, імкненне яго павышаць, а разам з тым уразілі спектрам захапленняў: нашы настаўнікі — таленавітыя спевакі і танцоры, заўзятыя падарожнікі і краязнаўцы, выдатныя спартсмены і турысты. З задавальненнем можна адзначыць, што сучасны педагог Віцебшчыны — рознабакова развітая асоба. Кожны ўдзельнік конкурсу імкнуўся дастойна прадставіць педагагічныя калектывы сваіх устаноў адукацыі, раёнаў і гарадоў. Дарэчы, гонар дзвюх устаноў адукацыі — Верхнядзвінскай гімназіі і гімназіі № 2 Наваполацка — на абласным этапе конкурсу абаранялі адразу двое, а гімназіі № 5 Віцебска — трое настаўнікаў! На працягу ўсяго спаборніцтва разам з канкурсантамі былі іх творчыя групы падтрымкі — у сувязі з гэтым асабліва варта адзначыць прадстаўнікоў раёнаў абласнога цэнтра, а таксама Аршанскага і Глыбоцкага раёнаў.
— Калі зоркі запальваюць, значыць, гэта камусьці патрэбна. Думаю, ніхто не будзе пярэчыць, што “Настаўнік года” — зорны конкурс, які збірае яркае сузор’е педагогаў — тых, хто ў сваёй установе адукацыі, раёне, горадзе на практыцы даказаў свой прафесіяналізм. Сёлетняе спаборніцтва праходзіла ў новым фармаце. З аднаго боку, арганізатарам было складана: патрабавалася арганізаваць камісіі — як прадметныя, так і надпрадметныя, работу гэтых камісій. У той жа час ацэньваць стала крыху прасцей. Напэўна, тут нашы педагогі крыху выйгралі, — падзялілася ўражаннямі па арганізацыі конкурсу намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама Аксана Булаўка. — У нас на Аршаншчыне склаліся сур’ёзныя традыцыі арганізацыі і правядзення гэтага конкурсу, вынікі ёсць як на абласных, так і на рэспубліканскіх яго этапах. Але, напэўна, мы б не мелі такіх дасягненняў без падтрымкі метадычных структур і органаў кіравання адукацыяй. Вельмі радуе, што педагогі, якія прымаюць удзел у гэтым конкурсе, не спыняюцца на дасягнутым. Як, напрыклад, настаўніца пачатковых класаў Святлана Емяльянава, яна ў гэтым годзе з’яўляецца членам журы абласнога этапу конкурсу — першы настаўнік-метадыст у нашым раёне, Чалавек года Віцебшчыны.
Ключавая постаць спаборніцтва — Настаўнік, Педагог, Выхавальнік, які імкнецца паказаць сваё прафесійнае майстэрства. Гэтыя людзі — наш гонар, сапраўдныя зоркі. Менавіта яны клічуць за сабой навучэнцаў, сваім майстэрствам акрыляюць дзіцячыя душы, а таму можна быць упэўненым, што сузор’і іх сённяшніх вучняў таксама абавязкова з’явяцца на небасхіле Віцебшчыны і праславяць родную зямлю.

Майстэрства, педагагічны такт і прафесійнае братэрства

— Сёлетні конкурс незвычайны найперш сваёй зместавай часткай — гэта 7 асобных намінацый, плюс далучыліся конкурсныя мерапрыемствы, у якіх раней мы не ўдзельнічалі. На Віцебшчыне спаборніцтва стартавала 17 лютага. На ўзроўні устаноў адукацыі ў ім прынялі ўдзел 3 тысячы, у другім этапе — амаль 700, у завочным туры трэцяга этапу — 129, у вочным — 50 чалавек. У фінале сустрэўся 21 удзельнік, у суперфінале — 14, і, нарэшце, па выніках суперфіналу мы выявілі 7 пераможцаў — па адным у кожнай намінацыі, — пракаменціравала вынікі конкурсу намеснік старшыні журы рэктар Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Людміла Сляпцова. — Фактычна кожны шосты педагог Віцебшчыны сёлета прыняў удзел у конкурсным руху — слава ім і вялікі дзякуй. Па прадстаўленых матэрыялах, выступленнях удзельнікаў бачна, як прырастаюць і развіваюцца прафесійныя кампетэнцыі ў педагогаў незалежна ад таго, гэта педагог дашкольнай адукацыі ці ІІІ ступені гімназіі. Інавацыйныя працэсы ў педагагічнай практыцы набіраюць абароты, што пацвярджаецца вынікамі педагагічнай дзейнасці як гарадскіх устаноў адукацыі, так і сельскіх, — гэта асабліва важна. Яшчэ адзін значны прыемны момант: канкурсанты праявілі не проста педагагічны такт, але і прафесійнае братэрства!
“Навучаючы, я выхоўваю” — здорава, інакш не скажаш, што ў прадстаўленых праектах так натуральна і непарыўна знітаваліся навучанне і выхаванне. Мы пераканаліся: сваім выхаванцам нашы лепшыя педагогі стараюцца стварыць як мага больш спрыяльныя ўмовы знаходжання ва ўстановах адукацыі і соцыуме — прычым не проста дапамагаюць камфортна ўвайсці ў соцыум, але і адшукаць, заняць у ім дастойнае месца. Гэтая педагагічная роля выразна прасочвалася ў тых вопытах, якія прэзентавалі нам нашы ўдзельнікі. Раней была адзначана вялікая карпатлівая работа метадычных службаў. Я б дадала — на ўсіх узроўнях. Толькі працуючы ў цеснай звязцы можна разлічваць на вынік. Спадзяюся, што гэтак жа зладжана метадычныя службы будуць дзейнічаць і пры падрыхтоўцы нашай каманды да ўдзелу ў рэспубліканскім этапе конкурсу.

Наватарства і пераемнасць

На Віцебшчыне існуе традыцыя: напярэдадні завяршэння абласнога этапу конкурсу ўдзельнікі аддаюць даніну павагі Пятру Машэраву, а ў яго асобе — усім ветэранам педагагічнай працы за той уклад, які яны ўнеслі ў справу развіцця сістэмы адукацыі Віцебшчыны. Звяртаючыся ў думках да папярэднікаў, настаўнікі даюць абяцанне зберагчы і памножыць атрыманую спадчыну, утрымаць высокую планку, якая была калісьці ўзятая, — і ўскладаюць кветкі да помніка П.М.Машэраву. Дарэчы, актыўны ўдзел у правядзенні конкурсу з задавальненнем прымаюць студэнты ВДУ імя П.М.Машэрава — для іх гэта магчымасць пазнаёміцца з будучымі калегамі, іх методыкай выкладання, набыць унікальны вопыт. А калі ўзгадаць, што славу навучальнай установе прыносяць яе вучні, то трэба заўважыць: сярод абласных фіналістаў конкурсу было 14 выпускнікоў Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М.Кірава — ВДУ імя П.М.Машэрава. Ад імя ўстановы вышэйшай адукацыі лепшых настаўнікаў рэгіёна павіншаваў старшыня прафкама работнікаў універсітэта Дзмітрый Стрык.
У адпаведнасці з палажэннем аб правядзенні конкурсу яго пераможцы і лаўрэаты былі адзначаны ганаровымі граматамі ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама. Словы ўдзячнасці і павагі гучалі ў адрас усіх удзельнікаў спаборніцтва, але, безумоўна, найбольшага прызнання і захаплення вартыя пераможцы ў сямі намінацыях: “Выхавальнік дашкольнай адукацыі” — Ірына Рогава (яслі-сад № 44 Оршы), “Пачатковыя класы” — Святлана Мацулевіч (сярэдняя школа № 3 Глыбокага), “Працоўнае навучанне. Фізічная культура і здароўе. Выяўленчае мастацтва. Музыка” — Ірына Хаданёнак (сярэдняя школа № 1 Наваполацка), “Руская мова і літаратура. Беларуская мова і літаратура” — Наталля Рыкун (гімназія № 2 Наваполацка), “Замежныя мовы” — Ірына Ізмайловіч (гімназія № 5 Віцебска), “Гісторыя. Грамадазнаўства. Геаграфія. Хімія. Біялогія” — Марына Юр’ева (гімназія № 5 Віцебска), “Фізіка. Матэматыка. Інфарматыка” — Уладзімір Цымановіч (базавая школа № 10 Наваполацка). У адпаведнасці з палажэннем аб правядзенні абласнога этапу конкурсу прынята рашэнне аб узнагароджанні яго лаўрэатаў і пераможцаў ганаровымі граматамі ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама і Віцебскага абкама Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Усе фіналісты атрымалі прызы і памятныя сувеніры, а пераможцы — каштоўныя падарункі. Прыз сімпатый журы атрымала выпускніца Лужаснянскай гімназіі, а сёння настаўніца беларускай мовы і літаратуры Верхнядзвінскай гімназіі Маргарыта Кліменцьева.
— Прадстаўляючы настаўніцтва вобласці, вы па праву заслужылі называцца лепшымі, — звярнуўся да герояў дня старшыня Віцебскага абкама Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Суханаў. Тое, што вы робіце, з’яўляецца здабыткам не толькі вобласці, але і рэспублікі, неацэннай спадчынай, якую вы перадаяце нашым дзецям.
— Мне сёння прыемна гаварыць дзякуй вам, паважаныя калегі, і ўсім педагогам Віцебшчыны за велізарную работу па выхаванні і навучанні падрастаючага пакалення. За гэтымі звыклымі словамі стаіць праца соцень людзей, якія прысвяцілі сябе гэтай нялёгкай прафесіі. У кожнага з педагогаў часам узнікаюць сумненні: “Ці правільна я зрабіў, што выбраў гэтую спецыяльнасць?” А потым ён уваходзіць у клас, сустракаецца з навучэнцамі і выпускнікамі, іх бацькамі, калегамі — і прыходзіць усведамленне, што лепшай за абраную прафесію няма і не можа быць. Я шчыра ганаруся настаўніцтвам Віцебшчыны, і для гэтага гонару ёсць сур’ёзныя падставы — нашы поспехі і дасягненні. У паўночным рэгіёне самая высокая катэгарыйнасць настаўнікаў: амаль 80 працэнтаў педагогаў з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Калі паглядзець статыстыку заахвочванняў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы таленавітых і адораных навучэнцаў і студэнтаў, іх педагогаў, то Віцебшчына саступае толькі Мінску. Калі ўзяць удзел у міжнародных конкурсах, алімпіядах — мы ў ліку лепшых. Дзякуючы настаўнікам, навучэнцам і іх бацькам Віцеб-шчына заняла 2 месца сярод абласцей па выніках рэспубліканскай прадметнай алімпіяды — крыху саступілі Гомельшчыне, тым не менш патэнцыял маем добры і намерваемся ў перспектыве вярнуць лідарства, якое Віцебшчына ўтрымлівала на працягу 7 гадоў. Упэўнены, што мы дастойна выступім і на заключным этапе конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, — адзначыў старшыня журы начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Антонавіч Шчурок.

 

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.