Здароўе ў прыярытэце

У прышкольных лагерах Гомельскай вобласці на зімовых канікулах будуць аздараўлівацца больш за 10,5 тысячы дзяцей. Пры ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, спецыялізаваных навучальна-спартыўных установах будуць працаваць каля 380 аздараўленчых лагераў рознага профілю з дзённым знаходжаннем.

На аздараўленчую зімовую кампанію з рэспубліканскага бюджэту выдзелена каля Br300 тысяч. Арганізатары  падрыхтавалі для дзяцей насычаныя праграмы з фізкультурна-аздараўленчымі, спартыўнымі і культурна-масавымі мера­прыемствамі. Акцэнт будзе зроблены на папулярызацыі здаровага ладу жыцця. Школьнікаў запросяць на “Хвілінкі здароўя”, заняткі з элементамі казка­тэрапіі, віктарыны, трэнінгі, раскажуць пра правілы бяспечных паводзін. Запланаваны ранішнікі, конкурсы і гульні, прагулкі на свежым паветры, экскурсіі і, вядома ж, цікавыя навагоднія святы.

Падчас рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” асаблівую ўвагу скіруюць на дзяцей з мнагадзетных, апякунскіх і прыёмных сем’яў, дамоў сямейнага тыпу і тых, хто з прычыны розных жыццёвых акалічнасцей мае ў гэтым найбольшую патрэбу.

У лагерах з дзённым знаходжаннем дзеці будуць атрымліваць паўнавартаснае харчаванне. Работу аздараўленчых пляцовак арганізуюць з выкананнем санітарных, супрацьпажарных і іншых патрабаванняў. Для мінімізацыі рызыкі распаўсюджвання COVID-19 прымаюцца рэкамендаваныя Міністэрствам аховы здароўя меры.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.