Здароўе як стыль жыцця з дзяцінства

- 11:28Навіны рэгіёнаў

Выдзіманне мыльных бурбалак можа быць не проста дзіцячай забавай, а важным элементам аздараўленчай работы. Менавіта так, праз гульню, дзіцячую цікавасць, а што не менш важна — і праз зацікаўленасць бацькоў і ўключэнне іх у працэс прапаганды і падтрымання здаровага ладу жыцця, вырашаюць у яслях-садзе № 28 Гродна адну з галоўных задач выхавання — кожнае дзіця павінна вырасці здаровым.

З канца мінулага года тут рэалізуецца інфармацыйна-адукацыйны праект “Больш ведаем — менш хварэем!”, накіраваны на арганізацыю прафілактычнай работы сярод дзяцей дашкольнага ўзросту па прывіванні гігіенічных навыкаў і выхаванні здаровых звычак. Гэты праект калектыў дашкольнай установы рэалізуе сумесна з аддзелам грамадскага здароўя Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

— Работа па павышэнні валеалагічнай дасведчанасці ў дзіцячых дашкольных установах вядзецца з 2015 года, — расказвае ўрач-валеолаг аддзела грамадскага здароўя Гродзенскага занальнага ЦГЭ Марына Канстанцінаўна Ермаловіч. — На працягу 2015—2017 гадоў у яслях-садзе №№ 28 і 71 Гродна быў рэалізаваны інфармацыйна-адукацыйны праект “Здароўе выхоўваем з дзяцінства”, дзе работа вялася па трох кірунках: з дзецьмі, бацькамі і супрацоўнікамі дашкольных устаноў.

Пачынаючы рэалізацыю новага праекта, педагагічныя і медыцынскія работнікі ставілі задачу сфарміраваць у дзяцей станоўчую матывацыю і патрэбу ў вядзенні здаровага ладу жыцця, сфарміраваць у іх веды аб гэтым, прывіць устойлівыя гігіенічныя навыкі, навучыць берагчы ўласнае здароўе і клапаціцца пра яго, павысіць кампетэнтнасць бацькоў і педагогаў у гэтых пытаннях.

— Выхавальнікі дашкольнай адукацыі выкарыстоўваюць здароўезберагальныя тэхналогіі не толькі на занятках фізкультурай, але і на занятках па спецыяльна арганізаванай дзейнасці, — гаворыць загадчык ясляў-сада № 28 Алена Валер’еўна Мармыш. — У структуру заняткаў уключаюць пальчыкавую гімнастыку, кропкавы самамасаж, гімнастыку для вачэй, рухомыя гульні, гульнявыя і спартыўныя практыкаванні. Музычныя кіраўнікі Марына Мікалаеўна Назарка, Анжаліка Тадэвушаўна Пісальнік выкарыстоўваюць дыхальныя, музычна-рытмічныя практыкаванні, накіраваныя на прафілактыку апорна-рухальнага апарату, захворванняў органаў дыхання, якія таксама спрыяюць мадэляванню эмацыянальнага стану. Усё гэта эфектыўна ўплывае на арганізм і асобу дзіцяці, спрыяе рашэнню праблемы гіпадынаміі, сардэчна-сасудзiстых захворванняў у дзяцей.

У кожнай групе ўстановы дашкольнай адукацыі створаны куткі здароўя з традыцыйным і нетрадыцыйным фізкультурным абсталяваннем, што дазваляе праводзіць з дзецьмі індывідуальную работу. Аздараўленчыя і прафілактычныя мерапрыемствы ўключаюць гульнявы масаж і самамасаж з выкарыстаннем індывідуальных масажных дыванкоў, загартоўванне, практыкаванні для прафілактыкі плоскаступнёвасці і парушэння паставы, гімнастыку для вачэй, паветраныя ванны, хаду басанож, шматразовае ўмыванне на працягу дня, чыстку зубоў, максімальнае знаходжанне дзяцей на свежым паветры. У садку ёсць валейбольная пляцоўка, сценкі са шчытом для гульні ў баскетбол, бадмінтон, кеглі, мячы, абручы, скакалкі, абсталявана пляцоўка для катання на веласіпедах, самакатах, дзіцячых аўтамабілях, бегавая дарожка.

Кіраўнік фізічнага выхавання Наталля Іванаўна Войцюль расказвае, што, напрыклад, для дыхальных практыкаванняў патрэбны вельмі простыя матэрыялы: саломінка для кактэйляў, паветраны шар, ніткі, камячкі ваты, мыльныя бурбалкі. Гульня “Мяшочак з пахамі”, у якой выкарыстоўваюцца часнок, мандарын, мята, мыла, цыбуля, трэніруе кароткі актыўны ўдых і свабодны лёгкі выдых. Гульня “Чапля” трэніруе вестыбулярны апарат і канцэнтруе ўвагу, а яшчэ весяліць дзяцей. Здаецца, нічога незвычайнага, але вось так, на пазітыве, працуе сістэма і дае свае вынікі. У садку значна знізілася колькасць захворванняў верхніх дыхальных шляхоў, скарацілася працягласць захворванняў, прасочваецца рост колькасці дзяцей з 1 групай здароўя.

— Пачынаючы праект, мы ўсведамлялі, што ўдзел у ім бацькоў абавязковы, — гаворыць Алена Валер’еўна. — Адсутнасць у бацькоў ведаў па здаровым ладзе жыцця, негатыўны асабісты прыклад могуць прыводзіць да таго, што ў дзяцей фарміруюцца шкодныя звычкі. Асноўнымі формамі работы з бацькамі з’яўляюцца гадзіны здароўя і інфармавання, трэнінгі. Бацькі з ахвотай і задавальненнем прысутнічаюць на занятках па плаванні ў майстра сваёй справы кіраўніка фізічнага выхавання Аксаны Аркадзьеўны Густыр, абменьваюцца вопытам па пытаннях аздараўлення дзяцей. Святы здароўя “Бачу свет у яркіх фарбах”, “Здаровы адпачынак — здаровыя дзеці”, “Зіма без хвароб”, спартландыі і інш. — мерапрыемствы, у якіх удзельнічаюць бацькі нашых выхаванцаў.

Вопытам работы па фарміраванні здаровага ладу жыцця калектыў ясляў-сада № 28 дзеліцца з калегамі з іншых устаноў адукацыі. Нядаўна тут адбыўся семінар для педагогаў Ленінскага раёна Гродна з правядзеннем майстар-класаў па выкарыстанні здароўезберагальных тэхналогій, удзел у якіх прынялі і бацькі выхаванцаў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.