Здароўезберажэнне на ўроках англійскай мовы

Здароўезберагальныя тэхналогіі абавязковыя для кожнага ўрока і прадугледжваюць улік індывідуальных фізіялагічных і псіхалагічных асаблівасцей дзяцей, выкананне гігіенічных умоў навучання, чаргаванне форм работы (індывідуальная, парная, групавая) і відаў маўленчай дзейнасці (гаварэнне, успрыманне і разуменне маўлення на слых, чытанне, пісьмовае маўленне), правядзенне фізкультхвілінак, практыкаванняў для вачэй, дыхальных практыкаванняў, маўленчых і фанетычных размінак, арганізацыю эмацыянальнай разрадкі ў форме прымавак, чатырохрадкоўяў, гумарыстычных ці павучальных карцінак. Гэта станоўча ўплывае на вучэбныя дасягненні школьнікаў.

У пачатковых класах педагогі арганізоўваюць адукацыйны працэс праз дзеянне: гульню, рухальную актыўнасць і інш. На ІІ і ІІІ ступені навучання настаўніку цяжэй звязаць адукацыйны працэс з рухальнай актыўнасцю, бо яна асацыіруецца з гульнёй, несур’ёзнасцю і магчымай стратай дысцыпліны на ўроку. Гэта здараецца, але толькі тады, калі да рухальнай актыўнасці звяртацца нерэгулярна. Задача педагога — каардынаваць дзейнасць вучняў, фармулюючы канкрэтную ўстаноўку на выкананне розных тыпаў заданняў, вызначаючы працэдуру іх выканання і часавыя рамкі. Вучні павінны ўмець перамяшчацца хутка, ціха і бяспечна, што дасягаецца не за адзін урок. Пры неабходнасці педагогу трэба сфармуляваць крытэрыі ацэнкі вынікаў работы над заданнямі.

На ўроках замежнай мовы ёсць шмат магчымасцей для таго, каб не проста падняць вучняў з-за парт, але і зрабіць гэта з пэўнай адукацыйнай мэтай. У сваёй рабоце практыкую розныя віды рухальнай актыўнасці: паўзы (вучні ўстаюць і на працягу 2—3 мінут абмяркоўваюць адно з адным пастаўленыя пытанні); апытанні (вучні ўстаюць, калі адказваюць “так”, і сядзяць, калі адказваюць “не”); фізкультхвілінкі (рухі са слоўным суправаджэннем, танцавальныя рухі пад музыку, пантамімы); гісторыі з рухамі для навучання граматыцы; лексічныя і ролевыя гульні; заданні, звязаныя з пошукам пэўнай невялікай рэчы па яе апісанні без выкарыстання рук; праверку дамашніх заданняў у руху (вучні размеркаваны па групах, адказы знаходзяцца на асобных аркушах на сцяне, дзеці падыходзяць да іх, прычым неаднаразова, каб запомніць, затым вяртаюцца да парт і карэкціруюць заданне пры неабходнасці); гульню Running dictations (вучні, падзеленыя на пары, выбіраюць ролі запісвальніка інфармацыі і яе шукальніка, выходзяць да дошкі, агучва­юць інфармацыю, запамінаюць яе і перадаюць партнёру).

Адукацыйнае асяроддзе сур’ёз­на ўплывае на вучэбны працэс. Традыцыйныя школьныя кабінеты і стандартная схема размяшчэння мэблі ў іх прадугледжваюць, што вучні павінны сядзець спакойна і слухаць настаўніка. Разнастайваю вучэбны працэс, выкарыстоўваючы розныя варыянты расстаноўкі мэблі ў кабінеце, каб арганізаваць работу ў групах і стварыць свабодную для перамяшчэння і зносін прастору. Перыядычна размяркоўваю дзяцей па дзвюх паралельных лініях, фарміруючы дынамічныя пары зносін ці арганізоўваючы групы па прынцыпе агульных інтарэсаў вучняў або зыходзячы з тэмы заняткаў.

Пераканалася, што комплекснае і рэгулярнае прымяненне здароўезберагальных тэхналогій на ўроках англійскай мовы павышае якасць навучання і матывацыю школьнікаў, а таксама ўмацоўвае іх здароўе.

Наталля РЭЧЫЦ,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 5 Пружан.