Здароўезберажэнне прадухіліць стамляльнасць

- 12:08Портфолио

Навучанне ў сучаснай школе мае інтэнсіўны, дзейнасны характар. На жаль, аб’ектыўнай рэакцыяй на дзейнасць становіцца стомленасць. Ад урока да ўрока стамляльнасць набірае тэмп. Падчас вучэбнага працэсу дзіця не можа пазбегнуць стомленасці, але сам працэс трэба арганізоўваць так, каб аддаліць яе надыход і, самае галоўнае, прадухіліць узнікненне ператамлення. Аснова фізіялогіі разумовай працы — гігіенічныя патрабаванні: паступовае ўваходжанне ў работу, яе рытмічнасць, паслядоўнасць і сістэматычнасць у працоўнай дзейнасці, правільнае чаргаванне працы і адпачынку. Значыць, хуткая стомленасць ад вучэбнай дзейнасці звязана перш за ўсё з яе нерацыянальнай арганізацыяй.

За сваё жыццё настаўнік дае больш за 25 тысяч урокаў, навучэнец за час навучання ў школе наведвае каля 10 тысяч урокаў. Лічбы ўражваюць, ці не так? На сучасным уроку няма месца аўтарытарнаму метаду навучання, які павышае ўзровень неўратызацыі, правакуе праяўленне не лепшых рыс характару як навучэнцаў, так і педагогаў. Кожны ўрок у школе павінен разглядацца з пазіцыі здароўезберажэння. Настаўнікам-прадметнікам, якія асвоілі здароўезберагальныя тэхналогіі, самім становіцца лягчэй і цікавей працаваць ужо таму, што знікае праблема вучэбнай дысцыпліны, павышаецца ўзровень матывацыі навучэнцаў, адкрываюцца новыя магчымасці для педагагічнай творчасці.

Урок замежнай мовы характарызуецца большай інтэнсіўнасцю ў параўнанні з іншымі і патрабуе ад навучэнцаў канцэнтрацыі ўвагі, напружання сіл. Яны чытаюць, пішуць, гавораць, успрымаюць і разумеюць маўленне на слых, аналізуюць інфармацыю на няроднай мове, вучаць новыя словы і граматычныя формы. Гэтыя дзеянні суправаджаюцца вялікай эмацыянальнай, разумовай і псіхалагічнай работай. Як вынік — хуткая стамляльнасць, дрэнны настрой, страта цікавасці да вывучэння прадмета.

Рацыянальная арганізацыя ўрока замежнай мовы і сучасныя тэхналогіі дазваляюць забяспечыць здароўезберажэнне на занятку. Што ж трэба ведаць настаўніку пра ўрок з пункту гледжання здароўезберажэння?

  1. Прыйдзіце ў кабінет загадзя. Дапамажыце навучэнцам настроіцца на рабочы лад. У памяшканні павінны быць чысціня, нармальная тэмпература, свежае паветра, рацыянальнае асвятленне, без манатонных, непрыемных раздражняльнікаў. З мэтай арганізацыі рабочага месца навучэнцаў рэкамендую ім пры першай сустрэчы заўсёды складваць на краі стала акуратным стосікам Fünf Super schulsachen (5 суперважных школьных прылад): дзённік, падручнік, рабочы сшытак, сшытак на друкаванай аснове, слоўнік. Тлумачу, што такі парадак зручны ў рабоце на ўроку.
  2. Выкарыстоўвайце за ўрок ад 4 да 7 відаў вучэбнай дзейнасці. Аднастайнасць стамляе школьнікаў, але ў той жа час частая змена відаў дзейнасці па­трабуе ад навучэнцаў дадатковых адаптацыйных намаганняў, што таксама спрыяе росту стамляльнасці. Што ж рабіць? У гэтым выпадку важна памятаць пра сярэднюю працягласць і частату чаргавання розных відаў вучэбнай дзейнасці ад 7 да 10 мінут.
  3. Дазвольце навучэнцам стаць суб’ектамі дзейнасці, няхай яны выступаюць у ролі настаўніка, удзельнічаюць у абмеркаванні ў малых групах, у кругавых гутарках, ролевых гульнях, дыскусіях, канферэнцыях. Не пакідайце па-за ўвагай дыдактычны матэрыял. Табліцы, інфармацыйныя карты, ілюстрацыі, рацыянальнае выкарыстанне дошкі і магнітнай дошкі, ЭСН — усё гэта ініцыіруе дзейнасць навучэнцаў, прывівае і павышае цікавасць да матэрыялу і прадмета, якія вывучаюцца.

Варта выкарыстоўваць метады, скіраваныя на самапазнанне і развіццё інтэлекту, эмоцый, зносін, уяўлення, самаацэнкі і ўзаемаацэнкі.

  1. Выкарыстоўвайце на ўроку з чарговасцю ў 10—15 хвілін як мага больш відаў выкладання. Няхай гэта будуць і слоўны, і наглядны, і аўдыявізуальны, і самастойная работа. Эфектыўнасць засваення ведаў на 5—25-й хвіліне складае 80%, на 25—35-й хвіліне — 60—40%, на 35—40-й хвіліне — 10%! Ці варта спрабаваць у канцы ўрока ўкласці ў галовы навучэнцам усё тое, што не паспелі дагэтуль?
  2. Праверце, як часта вы кантралюеце рабочыя позы навучэнцаў і іх чаргаванне ў залежнасці ад характару работы, якая выконваецца. Ступень натуральнасці позы школьнікаў на ўроку — добры індыкатар псіхалагічнага ўздзеяння настаўніка. Ён павінен усвядоміць, што фізкультхвілінкі і дынамічныя паўзы з’яўляюцца абавязковай складовай часткай урока. Трэба ўлічваць змест і працягласць гэтага важнага віду работы: на кожныя 15—20 мінут урока на працягу 1 мінуты па тры лёгкія практыкаванні з 3—4 паўтарэннямі. Не забывайце пра эмацыянальны клімат і наяўнасць у навучэнцаў жадання іх выконваць.
  3. Хваліце! Пахвала, падтрымка, спаборніцкі момант — асноўныя ўмовы для стварэння добрага псіхалагічнага клімату на ўроку, паказчыкі паспяховасці яго правядзення. Зарад станоўчых эмоцый, атрыманых навучэнцамі і самім настаўнікам, вызначае пазітыўнае ўздзеянне школы на здароўе. Такая знешняя матывацыя стымулюе ў сваю чаргу ўнутраную матывацыю: імкненне больш даведацца, радасць ад актыўнасці, цікавасць да матэрыялу, які вывучаецца.

Звярніце ўвагу на выраз свайго твару: ці прысутнічае ўсмешка і станоўчы погляд. Навучэнец павінен адчуваць падтрымку настаўніка.

На мой погляд, урок непаўнавартасны, калі на ім не было эмацыянальна-сэнсавых разрадак: усме­шак, дарэчных дасціпных жартаў, выкарыстання прымавак, афарызмаў з каментарыямі і музычных хвілінак.

  1. Асаблівую ўвагу ўдзяліце заканчэнню ўрока: прадумайце тэмп і асаблівасці гэтага этапу. Заканчэнне ўрока павінна быць спакойным: трэба даць магчымасць навучэнцам асэнсаваць, ацаніць дзейнасць сваю і іншых на ўроку.

Настаўнік павінен пракаментаваць дамашняе заданне і крытэрыі яго ацэньвання, выставіць адзнакі ў журнал і дзённік, развітацца з навучэнцамі, магчыма, спатрэбіцца правесці індывідуальную размову або даць тлумачэнні.

Напэўна, гэтыя рэкамендацыі некаму здаліся падобнымі да правіл здаровага ладу жыцця: усе ведаюць, але мала хто прытрымліваецца! А вы хочаце ўбачыць здзіўленыя вочы дзіцяці і пачуць: “Што, ужо званок?!” Тады паверце ў здароўезберагальныя тэхналогіі і абавязкова пачуеце ў выніку: “Дзякуй за ўрок!”

Кожны настаўнік у школе, на сваім уроку павінен прыслухацца, прыняць і пастарацца выканаць парады Януша Корчака: “Паважайце няведанне дзіцяці! Паважайце працу пазнання! Паважайце няўдачы і слёзы! Паважайце бягучую гадзіну і сённяшні дзень! Як дзіця здолее жыць заўтра, калі мы не дадзім яму жыць сёння ўсвядомленым, адказным жыццём?”

Ірына КАЖАНАВА,
настаўніца нямецкай і французскай моў сярэдняй школы № 4 Ліды.