Здаровае харчаванне — гэта…

- 10:25Нам пішуць

Традыцыйна пачатак кожнай чвэрці ў сярэдняй школе № 57 Гомеля прысвечаны здароваму харчаванню. Гэты напрамак адзін з самых важных у рамках работы рэсурснага цэнтра захавання здароўя вучняў “Школа здароўя”, які дзейнічае ва ўстанове адукацыі з 1 верасня 2018 года. Ставячы перад сабой вельмі неабходную задачу выхавання культуры харчавання, праграма “Школы здароўя” фарміруе больш глыбокія пласты ў выхаванні і развіцці дзіцяці: неабходнасць здаровага ладу жыцця, культуры паводзін і зносін. Нароўні з правільным харчаваннем праграма фарміруе і культуру этыкету.

Працаваць па такой праграме лёгка і цікава. Дзеці з нецярпеннем і вялікай цікавасцю чакаюць кожнага занятку. У запланаваных мерапрыемствах тыдня здаровага харчавання прынялі ўдзел навучэнцы 1—11-х класаў.

Часта дрэнная паспяховасць дзіцяці ў школе напрамую залежыць ад яго стану здароўя. Таму бацькі, як і навучэнцы, з’яўляюцца ўдзельнікамі розных мерапрыемстваў.

Сваё бачанне правільнага харчавання самыя маленькія ўдзельнікі тыдня — навучэнцы 1—4-х класаў выказалі ў конкурсе малюнкаў “Аб смачнай і здаровай ежы”. Выступленне агітбрыгады навучэнцаў 6 “С” класа “Ведаць правілы харчавання зусім нескладана” перад навучэнцамі 4—11 класаў заклікала да здаровага ладу жыцця і правільнага харчавання.

Для навучэнцаў 10—11 класаў у рамках трохбаковага дагавора з супрацоўнікамі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, з медыцынскімі работнікамі Гомельскай гарадской дзіцячай паліклінікі была арганізавана сустрэча з урачом, падчас якой хлопцы і дзяўчаты пачулі аб правілах здаровага харчавання, аб захворваннях, выкліканых парушэннямі харчавання.

Валанцёры-старшакласнікі прынялі ўдзел у акцыі “Здаровае харчаванне — залог здароўя”, у рамках якой распаўсюджвалі лістоўкі і памяткі сярод жыхароў мікрараёна. Актывісты БРСМ стварылі шэраг відэаролікаў аб здаровым харчаванні і дэманстравалі іх у фае школы для ўсіх навучэнцаў на працягу тыдня.

Стала традыцыяй правядзенне ў школе конкурсу даследчых работ вучняў па тэме “Здаровае харчаванне — гэта…”, у рамках падрыхтоўкі да якога школьнікі вывучаюць карысныя і шкодныя ўласцівасці розных прадуктаў.

Вельмі важна з ранняга ўзросту навучыць дзіця атрымліваць задавальненне ад смачнай і карыснай ежы. Для гэтага неабходна прывучыць есці за прыгожа сервіраваным сталом і выконваць правілы этыкету. Менавіта гэта і стала галоўнай мэтай свята для вучняў пачатковай школы “Традыцыі чаявання ў нашай сям’і”, у якім прынялі актыўны ўдзел навучэнцы, іх бацькі і педагогі. Бацькі дапамагалі дзецям рыхтавацца да творчых конкурсаў. Прысутнасць бацькоў, бабуль і дзядуль у якасці гледачоў стварыла больш цёплую атмасферу, а іх дапамога ўмацоўвае сувязі сям’і і школы. Падчас такіх святаў фарміруецца культура здаровага ладу жыцця і правільнага харчавання.

Крытэрыямі ацэнкі конкурсу былі выкананне правілаў сервіроўкі (наяўнасць абруса ці індывідуальнай сурвэткі, сталовых прыбораў, сурвэтак, хлебнай талеркі), дэкаратыўныя элементы ў афармленні, эстэтычнасць, творчая індывідуальнасць, арыгінальнасць ідэі па выкарыстанні матэрыялаў, адпаведнасць элементаў упрыгожання ўзросту дзяцей і патрабаванням да дзіцячага харчавання.

Самая арыгінальная сервіроўка была ў каманды навучэнцаў 2 “А” класа. Сталы ўпрыгожаны незвычайнымі сурвэткамі, чайны сервіз і абрус былі з выявамі яблыкаў. Упрыгажэннем стала стаў яблычны пірог, рэцэптам якога дзеці падзяліліся з гледачамі ў зале. Бацькі класа цікава і займальна правялі прэзентацыю “Эх, яблычак”, дапамаглі падрыхтаваць і сервіроўку стала. Таксама былі прадстаўлены ідэі афармлення сталоў рознай тэматыкі: “Народныя святы”, “Калядкі”, “Запрашаем на чаяванне”. Школьнікі ў рамках Года малой радзімы ўспомнілі пра беларускія традыцыі, не забыліся і пра ўменне нашых продкаў выкарыстоўваць у падрыхтоўцы страў розныя травы. Бацькі склалі плакат “Мой рэжым дня”. Кожная каманда падрыхтавала прэзентацыю сваёй сервіроўкі.

І на бацькоўскіх сходах мы гаворым пра тое, што вельмі важна з ранняга дзяцінства фарміраваць у дзіцяці разнастайны смакавы кругагляд так, каб яму падабаліся розныя прадукты і стравы. Вялікую дапамогу ў рабоце з бацькамі і вучнямі аказваюць валанцёры (студэнты ГГМУ), якія прапагандуюць нормы здаровага харчавання ў сям’і.

Алена БАГУНОВА,
намеснік дырэктара сярэдняй школы № 57 Гомеля.