Здольнасць еўрапейскіх дзяржаў прадухіляць тэрарызм палепшыцца

Савет Еўропы зацвердзіў стратэгію барацьбы з тэрарызмам, якая будзе рэалізоўвацца з 2018 па 2022 год. Прадстаўлены дакумент нацэлены на фарміраванне агульных падыходаў да правядзення расследаванняў і забеспячэння юрыдычнага праследавання арганізаванай транснацыянальнай злачыннасці, паведамляе ТАСС.

Згодна з праграмным дакументам, апублікаваным Саветам Еўропы, стратэгія вызначае спосабы прадухілення тэрарыстычных дзеянняў, а таксама юрыдычныя меры, накіраваныя супраць асоб, вінаватых у такіх злачынствах. Пры распрацоўцы стратэгіі асаблівая ўвага была ўдзелена аказанню дапамогі пацярпелым у выніку тэрактаў.

“Мы павінны палепшыць здольнасць еўрапейскіх дзяржаў прадухіляць тэрарызм і змагацца з ім у духу паважання правоў чалавека і прынцыпаў прававой дзяржавы, — падкрэсліў генеральны сакратар Савета Еўропы Турб’ерн Ягланд. — Прынятая стратэгія ўлічвае эвалюцыю тэрарыстычнай пагрозы і дапаможа еўрапейскім урадам эфектыўна рэагаваць на гэты выклік”.

Антытэрарыстычная стратэгія Савета Еўропы грунтуецца на існуючых законах і юрыдычных нормах. Яна прадугледжвае правядзенне ў кожнай еўрапейскай краіне шэрага акцый, накіраваных на прадухіленне падбухторвання да тэрору, а таксама спыненне вярбоўкі ў інтэрнэце прыхільнікаў тэрарыстычных арганізацый.

Савет Еўропы мае намер у бліжэйшыя 5 гадоў актыўна ўзаемадзейнічаць з праваахоўнікамі, якія знаходзяцца ў зонах канфліктаў, каб атрымліваць неабходныя звесткі аб падзеях, якія там адбываюцца. Акрамя таго, актывізуецца работа з інтэрнэт-рэсурсамі, што дасць магчымасць своечасова прадухіляць тэрарыстычную пагрозу. Прадугледжаны і абмен вопытам у галіне дэрадыкалізацыі. Савет Еўропы таксама плануе арганізаваць канферэнцыю для абмеркавання праблем, звязаных з вяртаннем у Еўропу жанчын і дзяцей з зон тэрарыстычных дзеянняў.