Здольны вучань

Дзеці — гэта промні сонейка. Яны ўпрыгожваюць наша жыццё, надаюць яму вялікі сэнс. З імі заўсёды разам бацькі, але не толькі. Побач і мы, настаўнікі. Людзі, якія павінны аберагаць, вучыць, настаўляць і выхоўваць маленькіх зорачак. Нашы вучні вельмі розныя, да кожнага неабходна знайсці падыход, а для некаторых стаць маці. Бывае, прытуліцца дзіця да цябе, што і не хочацца адпускаць яго.

Педагог павінен не толькі навучыць свайму прадмету, але і выхаваць у вучня чалавечыя якасці, такія як добрасумленнасць, справядлівасць, павага. Я сустракалася з рознымі класамі, вучнямі, але зразумела для сябе, што няма дрэнных і добрых дзяцей. У кожным з іх ёсць нешта сваё, штосьці іншае, не падобнае да іншых. Усе ж не могуць быць аднолькавымі — будзе нецікава!

Прывяду прыклад са сваёй практыкі. У мяне быў вучань у 7 класе, які, на мой погляд, не паважаў настаўнікаў, задзіраўся, ганарыўся, абыякава ставіўся да таго, што неабходна выканаць. Адразу я падумала, што проста такі характар, што ён хоча, каб на яго звярталі больш увагі, але я памылялася.

Аднойчы я прапанавала дзецям дамашняе заданне: зрабіць інсцэніроўку. Гэта, зразумела, спадабалася ўсяму класу. Камічныя сітуацыі ў творах яны любяць не толькі абмяркоўваць, але і паказваць, высмейваць. І менавіта гэты вучань паказаў сябе з лепшага боку, ён так ужыўся ў ролю героя, што ўсе глядзелі з задавальненнем. А яшчэ заўважыла: сямікласнік расказвае вершы, укладваючы ў іх сваю душу — хочацца слухаць і слухаць.

Такім чынам хлопец адкрыў свае якасці, паказаў, на што здольны. Зараз я зрэдку з ім бачуся, бо не працую ў гэтай школе, але пры сустрэчы мы заўсёды пагаворым, абмяркуем важныя пытанні. Юнак паведаміў мне, што займаецца футболам, заняў са сваёй камандай 3-е месца ў спаборніцтве “Скураны мяч”.

Нам, настаўнікам, заўсёды неабходна помніць такія словы: “У кожным чалавеку — сонейка, толькі дайце яму свяціць”. Калі педагог не раскрые гэты талент, тады хто? Цяпер з гэтымі думкамі я заўсёды іду па жыцці і прыходжу ў свой клас.

Анжаліка СЕРГЕЕВІЧ.