Здольныя дасягнуць усяго на свеце

25 юнакоў і дзяўчат удастоены ганаровага звання “Вучань года Мінскай вобласці — 2018”. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання самых таленавітых, творчых, старанных навучэнцаў прайшла ў Дзяржынску.

Сёлета конкурс “Вучань года Мінскай вобласці” праводзіўся чацвёрты раз. Такім чынам, за ўсё гады правядзення спаборніцтва было выбрана роўна 100 лепшых, хто ўдастоены гэтага ганаровага звання. Святочнае мерапрыемства ў іх гонар завяршыла навагоднюю дабрачынную акцыю “Нашы дзеці” на Міншчыне, у рамках якой у вобласці адбылося каля 3500 мерапрыемстваў, у якіх паўдзельнічала больш за 175 тысяч чалавек. Ушанаванне лепшых вучняў стала прыгожым фінішам гэтага дабрачыннага марафону.

Перш чым трапіць на свята ў Дзяржынск, навучэнцы прайшлі шэраг адбораў. Больш за 400 юнакоў і дзяўчат па ўсёй вобласці ўзялі ўдзел у конкурсе. 99 з іх сталі вучнямі года ў сваіх раёнах.

У фае Дома культуры, дзе ладзілася мерапрыемства, можна было паглядзець прэзентацыйныя мабільныя стэнды канкурсантаў. Ды і самі вучні года прысутнічалі тут і з задавальненнем знаёміліся адно з адным, а таксама з гасцямі свята, расказвалі пра свае дасягненні і планы.

Павіншаваць удзельнікаў цырымоніі прыехала кіраўніцтва галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама, Дзяржынскага райвыканкама, Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, а таксама бацькі канкурсантаў, настаўнікі, сябры.

— Дасягненні гэтых навучэнцаў сталі магчымымі дзякуючы веры і падтрымцы іх бацькоў, прафесіяналізму іх педагогаў і штодзённай карпатлівай працы саміх дзяцей, — лічыць начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Таццяна Валянцінаўна Апраніч. — Мы ганарымся імі і іх перамогамі, бо перамогі нашых дзяцей — гэта перамогі не толькі Міншчыны, але і ўсёй нашай краіны.

Вучняў года вызначалі ў 5 намінацыях. Дыпламанты і лаўрэаты рэспубліканскіх, міжнародных алімпіяд, канферэнцый, конкурсаў узнагароджваліся ў намінацыі “Вучэбная дзейнасць”. Сярод іх, напрыклад, навучэнка гімназіі № 1 Валожына Наталля Маслоўская, якая паспяхова ўдзельнічае ў алімпіядах і конкурсах даследчых работ. Так, пад кіраўніцтвам настаўніцы Таццяны Іванаўны Саевіч дзяўчына зрабіла “Корпуснае даследаванне семантычнага поля лексемы “ІТ”. Гэтая работа была ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені на VI Міжнародным конкурсе праектна-даследчых работ “Прызма” ў Маскве і дыпломам І ступені на XXI конкурсе работ даследчага характару навучэнцаў Мінскай вобласці.

Тыя, хто быў у гэтым годзе хутчэйшым, вышэйшым, мацнейшым, атрымалі ўзнагароды ў намінацыі “Спартыўная дзейнасць”, як, напрыклад, навучэнка сярэдняй школы № 3 Лагойска Хрысціна Кудзёлка. Дзяўчынка вучыцца ў 7 класе, але ўжо з’яўляецца паспяховай біятланісткай і цудоўна праявіла сябе на спаборніцтвах “Снежны снайпер” .

— Я стала сур’ёзна займацца спортам з 1 класа, — расказвае Хрысціна. — Пачынала з горных лыж, а потым захапілася біятлонам. Мая мама — трэнер, і яна прывіла мне любоў да спорту, вельмі падтрымлівае мяне. Разам мы нават удзельнічалі ў экстрэмальнай гонцы Bison race, і гэта была сапраўдная прыгода! Спорт падабаецца мне таму, што дорыць шмат эмоцый, а таксама вучыць пераадольваць сябе, вучыць дысцыплінаванасці, сабранасці.

Ёсць чым ганарыцца і пераможцам конкурсу ў намінацыі “Праектная дзейнасць”. Высокі ўзровень і каштоўнасць іх праектаў і вынаходак прызнаны экспертамі і суддзямі розных конкурсаў. Так, вучнем года ў гэтай намінацыі стаў прадстаўнік сярэдняй школы № 11 Слуцка Цімафей Стамброўскі. Разам з настаўнікам Дзмітрыем Чарновым юнак распрацаваў мабільны дадатак RiBFoP, які дае магчымасць вывучаць фізіку пры дапамозе робатаў. Дадатак, разлічаны на вучняў 7-х і 9-х класаў, можа даступна паведаміць пра траекторыю, шлях, час, рух, а таксама лабараторныя эксперыменты.

Лідары дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, вучнёўскага самакіравання, актыўныя ўдзельнікі працоўных і валанцёрскіх акцый спаборнічалі ў намінацыі “Грамадская і працоўная дзейнасць”. У ліку пераможцаў апынулася вучаніца Запольскай сярэдняй школы Чэрвеньскага раёна Настасся Кудравец. Дзяўчына — старшыня савета школьнага навучэнскага самакіравання, намеснік старшыні дзіцячай палаты Чэрвеньскага раённага Савета БРПА, суаўтар двух сацыяльных праектаў “Дыялог” і “Родны свой край любі і ведай”. Апошні праект прысвечаны ахове помнікаў культуры і гісторыі роднага для Настассі раёна. Разам з аднадумцамі яна шукае помнікі, якія знаходзяцца ў заняпадзе, і змяшчае інфармацыю пра іх у сацыяльных сетках, каб прыцягнуць увагу грамадскасці і знайсці магчымасці аднаўлення і добраўпарадкавання гэтых месцаў.

Сапраўдныя зорачкі сабраліся ў намінацыі “Творчая дзейнасць”.
— Мая мама расказвае, што творчыя здольнасці ў мяне праяўляліся з самага маленства. Ужо ў 4 гады я разам з матуляй і дзядулем іграла на трашчотках у сямейным музычным ансамблі. На сёння я люблю маляваць, танцаваць, спяваць, займацца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам — словам, мне падабаецца займацца ўсім, што можна назваць творчасцю, — расказвае Ангеліна Прычынец, вучаніца Рубяжэвіцкай сярэдняй школы Стаўбцоўскага раёна. — Разам з маёй настаўніцай Рамуальдай Тадэвушаўнай Дубянец мы аб’ездзілі нямала конкурсаў і шмат дзе перамаглі.

І сапраўды, усе дасягненні васьмікласніцы Ангеліны складана пералічыць: яна пераможца раённага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”, прызёр абласнога дзіцячага конкурсу польскай музыкі імя С.Манюшкі, удзельніца Міжнароднага творчага конкурсу “Новыя вяршыні” і многіх іншых. Дзяўчына займаецца ў школьным вакальна-харэаграфічным гуртку “Бісер”.

І хоць кожны канкурсант быў адзначаны ў пэўнай намінацыі, многія маглі б перамагчы адразу ў некалькіх, таму што ўсе гэтыя хлопцы і дзяўчаты выдатна вучацца, займаюцца спортам, неабыякавыя да грамадскіх спраў. Дасягнуць вяршынь ім дапамог не толькі талент, але і цудоўныя асабістыя якасці: ветлівасць, адказнасць, працавітасць, шчырасць, дабрыня. Да новых дасягненняў гэтыя вучні адпраўляюцца пад самыя шчырыя пажаданні і словы тых, хто прыйшоў павіншаваць канкурсантаў з атрыманнем ганаровага звання.

— Не бойцеся сваіх жаданняў, — звярнулася да пераможцаў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Таццяна Валянцінаўна Апраніч, — не бойцеся сваіх амбіцый і памятайце, што сваёй працай і настойлівасцю вы здольны дасягнуць усяго на свеце.

Дар’я РЭВА.