Здольныя выступіць драйверам у адукацыі

- 10:59Актуально, Апошнія запісы

У Глыбоцкім раёне Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка і міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка наведалі ўстановы адукацыі і сустрэліся з педагагічным актывам.

Першым пунктам рабочай паездкі Ігара Карпенкі на Глыбоччыну былі раённая гімназія і сярэдняя школа № 3 райцэнтра. Уладзімір Андрэйчанка, Ігар Карпенка і старшыня райвыканкама Аляксандр Шубскі азнаёміліся з матэрыяльна-­тэхнічнай базай устаноў, арганізацыяй адукацыйнага працэсу, работай рэсурснага цэнтра лічбавага навучання. У гімназіі вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю маладзёжных ініцыятыў, чаму спрыяе ўдзел навучэнцаў у даследчай дзейнасці, сацыяльна значных праектах і конкурсах. Як расказала ды­рэктар гімназіі Лілія Моўчун, навучэнцы з’яўляюцца неаднаразовымі пераможцамі конкурсаў даследчых работ і праектаў абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню, сярод якіх — інавацыйны праект БРСМ “100 ідэй для Беларусі”, навукова-­практычныя канферэнцыі “Эўрыка” і “Квант”, конкурсы “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, “Інфарматыка і мабільныя тэхналогіі для адукацыйнага працэсу”, праект “Інтэрнэт-­прэмія БРСМ”, конкурс школьных праектаў па энергазберажэнні “Энергія і асяроддзе пражывання”, канферэнцыя школьных праектаў па энергазберажэнні “Шпірэ”, форум студэнцкай і навучэнскай мола­дзі “Першы крок у навуку”. Толькі з 2017 года 19 гімназістаў сталі пераможцамі раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў работ навучэнцаў даследчага характару; за апошніх 5 гадоў падрыхтавана 35 пераможцаў абласнога і 6 — заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Высокую паспяхо­васць выпускнікі пастаянна пац­вярджаюць на цэнтралізаваным тэсціраванні, у тым ліку найвышэйшымі вынікамі (сёлета ад зін выпускнік атрымаў 100 балаў па матэматыцы). Установа адукацыі выступае пляцоўкай інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі развіцця прадметна-­метадычных кампетэнцый педагогаў ва ўмовах абнаўлення зместу адукацыі на аснове тэхналогіі “Даследаванне ў дзеянні”. Педагогі на працягу мінулага навучальнага года прынялі ўдзел у 18 семінарах і канферэнцыях, правялі 12 майстар-­класаў (з іх 8 — у хо­дзе мерапрыемстваў рэспубліканскага і 4 — абласнога ўзроўню); настаўнікі Лідзія Раманчук, Іна Шымко працавалі ў складзе рэспубліканскай экспертнай групы па падручніках “Інфарматыка” і “Грамадазнаўства”.

Разгорнутую прэзентацыю “Вынікі і перспектывы развіцця сістэмы адукацыі Глыбоцкага раёна” гасцям прадставіла намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Тарасевіч. Сістэма адукацыі раёна аб’ядноўвае 28 устаноў: 17 — агульнай сярэдняй адукацыі (з іх 13 вучэбна-педагагічных комплексаў “дзіцячы сад — школа”), 7 — дашкольнай адукацыі, раённыя цэнтры дзяцей і моладзі, карэкцыйна­развіццёвага навучання і рэабілітацыі, дапрызыўнай падрыхтоўкі і сацыяльна­педагагічны цэнтр. Працуе дзіцячы дом сямейнага тыпу, 30 дзяцей выхоўваюцца ў 19 прыёмных сем’ях, 35 — у 30 апякунскіх сем’ях. Агульную сярэднюю, спецыяльную адукацыю набываюць 3770 навучэнцаў, 1336 дзяцей ахоплены дашкольнай адукацыяй; выкананне дзяржаўных сацыяльных стандартаў установамі адукацыі забяспеч­ваецца ў поўным аб’ёме.

— За мінулы навучальны год сярэдні бал па вучэбных прадметах у раёне склаў 7,3, прычым назіраецца станоўчая дынаміка гэтага паказчыка на працягу некалькіх апошніх гадоў; 226 навучэнцаў атэставаны на 9—10 балаў, 27 выпускнікоў атрымалі пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай, 16 — узнагароджаны залатымі медалямі, — паведаміла Таццяна Леанідаўна. — На абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах нашы дзеці сёлета заваявалі 11 дыпломаў і яшчэ 3 — на абласной навукова-­практычнай канферэнцыі “Эўрыка” (этап рэспубліканскага конкурсу работ навучэнцаў даследчага характару). Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання Глыбоччына ў 2018 го­дзе заняла 10-­е месца, у 2019 годзе — 5-­е месца ў абласным рэйтынгу сярод раёнаў. На ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі для тых, хто асвойвае вучэбныя прадметы на базавым узроўні, арганізавана пад­рыхтоўка па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне” на базе Глыбоцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя. Педагагічную дзейнасць ажыццяў­ляюць 846 работнікаў, у тым ліку адзін мае кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік­-метадыст”, 330 — вышэйшую і 346 — першую кваліфікацыйную катэгорыю. Штогод педагагічныя калектывы папаўняюць 20—25 маладых спецыялістаў. Іх станаўленню, прафесійнаму развіццю ўдзяляецца асаблівая ўвага. Акрамя таго, усім маладым настаўнікам, хто мае ў гэтым патрэбу, прадастаўляем месцы ў інтэрнаце, аказваем матэрыяльную дапамогу тым, хто пражывае ў арандаваным жыллі. На працягу двух гадоў маладыя спецыялісты атрымлі­ваюць 30­-працэнтную даплату да службовага акладу, іх замацаванне ў 2019 годзе склала 87,5 працэнта. Установы адукацыі раёна ўдзельнічаюць у 4 рэспубліканскіх інавацыйных і 2 абласных творчых праектах.

У Глыбоцкай раённай гімназіі прайшла сустрэча з педагагічнай грамадскасцю раёна. Ігар Карпенка ў размове акцэнтаваў увагу на развіцці і рэалізацыі канцэптуальных падыходаў, закладзеных у сучаснай сістэме адукацыі.

— У кантэксце іншых рэгіёнаў бачна, што ў раёне склалася моцная і эфектыўная сістэма адукацыі, — адзначыў кіраўнік ведамства. — Трэба гэта падтрымліваць і крочыць наперад, вы можаце выступіць драйверам у адукацыі для суседніх раёнаў. Галоўнымі фактарамі развіцця ў нас заўсёды былі і будуць якасць адукацыі і падрыхтоўка тых, хто непасрэдна на месцах разгортвае і ажыццяўляе адукацыйны працэс. Вельмі важна, каб ва ўстановы адукацыі прыходзілі людзі, якія разумеюць усе нюансы педагагічнай дзейнасці і свядома імкнуцца развівацца ў прафесіі. Сёлета адбыўся першы выпуск маладых спецыялістаў, якія да паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі вучыліся ў педагагічных класах. Мы ўважліва адсочваем прафесійную траекторыю кожнага з іх, але вынік эксперымента стане відавочны праз некалькі гадоў, гэта няпросты працэс. Нам разам трэба выбудаваць аптымальную сістэму, каб рыхтаваць матываваныя прафесійныя кадры, у тым ліку пры арганізацыі профільнага навучання арыентавацца на запыты нашай эканомікі. Павялічваем набор на тэхнічныя і тэхналагічныя спецыяльнасці і паралельна ў школах масава адкрываем профільныя класы з вывучэннем на паглыбленым узроўні філалогіі, гісторыі. Навошта? Я разумею, найчасцей гэта ініцыятыва бацькоў, але супрацоўнічаць з бацькоўскай грамадскасцю не азначае слепа ісці ў яе на повадзе. Тое ж тычыцца, напрыклад, замежнай мовы. У нас склаліся выдатныя школы нямецкай, французскай, іспанскай, зараз кітайскай моў. Нельга гэта перакрэсліваць і руйнаваць выключна таму, што бацькі настойваюць, каб сын ці дачка вывучалі англійскую мову. Ёсць розныя формы, можна прапанаваць вывучэнне прадмета ў якасці факультатыву, калі такая ўжо моцная выявілася патрэба. Мы ні па адным напрамку дзейнасці не павінны страціць каштоўны вопыт і педагогаў, якія якасна працуюць. Калі гаварыць у цэлым, нядаўняя сустрэча кіраўніка дзяржавы з педагагічным актывам пацвердзіла правільнасць падыходаў да развіцця сістэмы адукацыі, агучаных на рэспубліканскім педагагічным савеце. Размова не пра маштабныя рэформы, а пра тое, што мы павінны, улічваючы як сучасныя тэндэнцыі ў сістэме адукацыі, так і тыя працэсы, якія адбываюцца вакол нас, у тым ліку і ў нашым грамадстве, рухацца наперад, развіваць сістэму. Важна, каб вы гэта разумелі і, адпаведна, выбудоўвалі работу метадычных аб’яднанняў, педагагічных калектываў — дасведчана спалучаючы разумны кансерватызм з інавацыямі, шукалі рэзервы, аналізавалі і рэалізоўвалі ўсе магчымасці, што дазволіць гаварыць: гэтая ўстанова адукацыі якасна працуе і дае сур’ёзны вынік.

Падчас сустрэчы абмяркоўваліся пад­рыхтоўка і выданне вучэбных дапаможнікаў, падручнікаў, вучэбна­-метадычных матэрыялаў для настаўнікаў, правядзенне ўступнай кампаніі і выпускных экзаменаў у школе, мэтазгоднасць змянення формы арганізацыі выпускных і ўступных іспытаў у перспектыве, работа адзінай электроннай платформы для дыстанцыйнага навучання, неабходнасць выключэння дубліравання курсаў па вучэбных прадметах і дысцыплінах на розных узроўнях адукацыі, пытанні педагагічнай этыкі, атэстацыі педагагічных работнікаў, перспектывы развіцця раённай сістэмы адукацыі.

Уладзімір Андрэйчанка праз пераканаўчыя канкрэтныя прыклады і факты спыніўся на маштабных пазітыўных змяненнях, якія адбыліся ў раёне і рэспубліцы за апошнія гады. У прыватнасці, у Глыбокім мадэрнізаваны мяса-­ і малочна-­кансервавы камбінаты, пабудаваны ўнікальны дзіцячы сад, палепшылася якасць стаматалагічных паслуг, сёння адкрыты абноўлены тэрапеўтычны корпус цэнтральнай раённай бальніцы. Магутным стымулам для развіцця раёна стануць абласныя “Дажынкі”, намечаныя на 2022 год. З міністрам адукацыі дасягнута дамоўленасць аб тым, што гады праз тры ў райцэнтры пабудуюць новую школу.

— За гэтую пяцігодку ў рэспубліцы рэальная зарплата вырасла на 30 працэнтаў, мы не дапусцілі інфляцыі больш за 5 працэнтаў у год, сярэдняя праця­гласць жыцця павялічылася на 4,5 года, вырашаны іншыя ключавыя пытанні. Гэта не азначае, што ў нас паўсюдна ўсё выдатна і цудоўна: ёсць шэраг праблем, і ўлады, кіраўнік дзяржавы бачаць гэтыя праблемы, шукаюць аптымальныя шляхі і робяць усё магчымае для іх вырашэння, — звярнуўся да педагогаў Уладзімір Паўлавіч. — Сёння разлічваюцца бюджэт і падыходы па росце эканомікі з такім разлікам, каб пад­няць зарплаты ў бюджэтнай сферы. Педагагічным работнікам плануецца забяспечыць зарплату на ўзроўні 100 —106 працэнтаў ад сярэдняй па краіне. Трэба сур’ёзна нарошчваць экспарт. Да канца пяцігодкі мы павінны папрацаваць над выраўноўваннем сацыяльна-­эканамічнага развіцця раёнаў. За аснову, верагодна, будзе ўзяты ўказ, які прэзідэнт падпісаў па Аршанскім рэгіёне. Мы сур’ёзна будзем ісці насустрач развіццю сярэдняга і  малога бізнесу, індывідуальнага прадпрымальніцтва. Для прыцягнення інвестараў у асабліва адстаючыя рэгіёны разглядаецца магчымасць істотнага памяншэння для іх тарыфаў на электраэнергію тэрмінам на 10 гадоў. Нельга дапусціць разбурэння таго, што зроблена ў адукацыі, сельскай гаспадарцы, прамысловасці. Разбуралі царскую ўладу ў 1917-­ м, савецкую ў 1991-­м — што атрымалі ў выніку? Зараз па ўсім свеце назіраем трывожныя прыклады, як з дапамогай каляровых рэвалюцый і ваенных “наво­дзяць дэмакратыю”. Яе прыхільнікам трэба не проста слухаць, але і думаць канструктыўна — што станоўчага дадуць народу дэклараваныя змяненні? І дзейнічаць адпаведна таму, што за вамі таксама краіна.

Каб сучасныя тэхналогіі яшчэ актыўней прымяняліся ў адукацыйным працэсе, госці прывезлі ў Глыбокае падарункі: спартыўныя прылады, сертыфікаты і пашпарт на новы кабінет біялогіі ў сярэдняй школе № 3 Глыбокага, шэсць камп’ютарных класаў і чатыры мультыборды для школ раёна. Такі ж неабходны падарунак атрымаў і Глыбоцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй — дзякуючы праграме, падтрыманай Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам. Па словах Ігара Карпенкі, кіраўнік дзяржавы адобрыў змяненні, якія на працягу 2021—2022 гадоў дазво­ляць атрымаць мультыборды ўстановам не толькі агульнай сярэдняй, але і дашкольнай, дадатковай, прафесійнай адукацыі. Глыбоцкі ліцэй — першая ластаўка.

У ходзе рабочай паездкі на Глыбоччыну міністр адукацыі наведаў у райцэнтры сярэднія школы №№ 2 і 1 імя П.В.Сухога, а таксама яслі-­сад № 1 “Вішнёвая казка”. Уладзімір Андрэйчанка 21 ліпеня сустрэўся з калектывамі  сярэдняй школы № 1 Докшыц і Крулеўшчынскай сярэдняй школы Докшыцкага раёна. 

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.