Здзейсні свой квест!

- 15:52Рознае, Сродкі навучання

Чаму нашу краіну называюць сінявокай? Якое адзенне насілі нашы продкі? Якія нацыянальныя сімвалы мае Беларусь? На гэтыя і многія іншыя пытанні навучэнцы ў цікавай і займальнай форме на англійскай мове атрымаюць адказ дзякуючы электроннаму сродку навучання Learn English! Discover Belarus! Do Your Quest!, які распрацаваны творчым калектывам педагогаў сталічнай гімназіі № 2 — намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце настаўніцай геаграфіі Кацярынай Дзмітрыеўнай Хаменка, настаўніцай англійскай мовы Ганнай Алегаўнай Грышчук, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Інесай Станіславаўнай Андрыянавай. ЭСН з’яўляецца ўнікальным па змесце, бо ў ім прадстаўлены пазнавальныя вучэбныя матэрыялы па геаграфіі, гісторыі і культуры Беларусі, адаптаваныя для вывучэння англійскай мовы. Асаблівасцю электроннага сродку з’яўляецца яго пошукавы характар і арыгінальная форма — квест.

— У курсе замежнай мовы ў 7—9 класах па вучэбнай праграме прадстаўлены тэмы пра Беларусь, для вывучэння якіх адводзіцца дзесьці 5—15% ад агульнай колькасці вучэбных гадзін, — адзначае Ганна Алегаўна Грышчук. — Дзеці нават лепш могуць расказаць пра якую-небудзь замежную краіну, чым пра сваю родную. Прычым пра Беларусь яны паведамляюць неяк манатонна, без асаблівых эмоцый. І нам хацелася зрабіць урокі, прысвечаныя гэтай тэме, яркімі, насычанымі, нестандартнымі, запамінальнымі, каб вучні сапраўды зацікавіліся інфармацыяй пра сваю краіну і расказвалі з такім жа энтузіязмам і захапленнем пра Мінск, як расказваюць, напрыклад, пра Лондан, умелі дастойна прадстаўляць Беларусь.
У склад аўтарскага калектыву па стварэнні праграмнага прадукту ўвайшлі настаўнікі англійскай мовы, геаграфіі і беларускай мовы і літаратуры, бо ЭСН задумваўся як комплексная распрацоўка. Сярод яго асноўных задач — паглыбленне ведаў навучэнцаў па англійскай мове і краязнаўстве, рэалізацыя магчымасцей міжпрадметных сувязей, фарміраванне інфармацыйнай граматнасці дзяцей, выхаванне ў навучэнцаў культуры зносін і супрацоўніцтва.
— І вось неяк мы сабраліся разам і пачалі думаць, якую ж праграму нам распрацаваць. Трэнажор? Тэставую? Але гэта ўсё неяк проста і традыцыйна, — расказвае Кацярына Дзмітрыеўна Хаменка. — У выніку вырашылі, што праграма будзе мець пошукавы характар і арыгінальную форму — квест. Яна накіравана на тое, каб навучэнец паслядоўна (ад простага да складанага) выконваў інтэрактыўныя заданні. Ён набірае пэўны багаж ведаў, а ключы, якія атрымлівае на кожным заданні, спатрэбяцца для выканання фінальнага творчага задання. Наш электронны прадукт атрымаў назву Learn English! Discover Belarus! Do Your Quest! Дарэчы, форма квеста стварае правільную матывацыю: вучні набываюць упэўненасць у сваіх сілах, у іх знімаецца псіхалагічны бар’ер перад цяжкасцямі і адкрываецца магчымасць адчуць сябе паспяховым.
Аўтары-стваральнікі праграмнага прадукту дастаткова сур’ёзна папрацавалі. Арыгінальныя тэматычныя тэксты на падставе гістарычных крыніц, энцыклапедый, слоўнікаў складала Інеса Станіславаўна Андрыянава, потым іх перакладала Г.А.Грышчук на англійскую мову, адаптаваную для старшакласнікаў, і перасылала ў Злучаныя Штаты Амерыкі носьбіту мовы ІТ-спецыялісту Заку Маккорміку, які рабіў аўдыёзапісы тэкстаў. К.Д.Хаменка манціравала відэа, накладвала на яго голас — у рэшце рэшт атрымліваўся відэафрагмент з агучаным тэкстам. Дарэчы, пры стварэнні відэаролікаў выкарыстоўваліся фрагменты з навін, дакументальных і мастацкіх фільмаў “Людзі на балоце”, “Брэсцкая крэпасць” , “Паляванне на гаўляйтара”, “Вызваленне Беларусі” і інш.
Электронны сродак навучання складаецца з пяці раздзелаў, якія ўключаюць у сябе пэўныя тэмы і заданні. У раздзеле Culture разглядаюцца пытанні, звязаныя з нацыянальнымі традыцыямі беларусаў, святамі і культурнымі асаблівасцямі. Апісанне фізіка-геаграфічных і эканаміных асаблівасцей Беларусі прадстаўлена ў раздзеле Nature (“Прырода”). Раздзел Art and architecture (“Мастацтва і архітэктура”) знаёміць вучняў з развіццём мастацтва ў Беларусі. У ім раглядаюцца віртуальныя сеткавыя адукацыйныя рэсурсы і новыя падыходы да фарміравання камп’ютарнай граматнасці. Раздзел The Great Patriotic War накіраваны на выхаванне ў навучэнцаў пачуцця гонару і памяці да падзей, якія адбыліся на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сталіцы Беларусі — гораду Мінску, яго культурным, навуковым і спартыўным дасягненням прысвечаны раздзел Minsk.
Кожны з пяці блокаў мае свае падтэмы. Напрыклад, блок “Культура” складаецца з пяці падтэм: “Характарыстыка”, “Касцюмы”, “Сімвалы”, “Ежа”, “Святы”; а блок “Мінск” утрымлівае падтэмы “Віртуальны тур”, “Музеі і тэатры”, “Мінск спартыўны”, “Навука і адукацыя”.
Спачатку навучэнцам прапануецца прагледзець агучаны відэаролік. Калі яны штосьці не зразумелі ў тэксце на слых, то адкрываюць тэкставую версію, каб прачытаць і асэнсаваць яе. Усе новыя словы знаходзяцца тут жа, у слоўніку. Практычная частка ЭСН уключае інтэрактыўныя, тэставыя і творчыя заданні. Навучэнец выконвае інтэрактыўныя заданні і тым самым у гульнявой форме запамінае словы, а потым пераходзіць да выканання тэста. Калі ён набірае менш за 70 працэнтаў балаў, то не мае магчымасці падысці да творчага задання — ён не атрымлівае ключавое слова. Набраўшы патрэбную колькасць ключавых слоў, старшакласнік прыступае да творчага задання. Так, напрыклад, у блоку “Культура” вучням прапануецца не поўнасцю выкананая прэзентацыя. На слайдах прадстаўлены тэкст, але не хапае карцінкі, ёсць карцінка — не хапае тэксту і г.д. У блоку “Мінск” старшакласнікам неабходна з дапамогай праграмы DeepZoom стварыць карту і на яе нанесці розныя аб’екты. І калі паменшыць памер карты, то можна будзе ўбачыць Мінск і яго абрысы, а калі павялічыць — з’явяцца аб’екты, націскаючы на якія можна прачытаць, што гэта за аб’екты. Пасля заканчэння работы па ўсіх раздзелах навучэнцам прапаноўваецца выканаць заключнае творчае заданне — стварэнне і абарона праекта па тэме “Беларусь маімі вачыма”.
— У такіх заданнях мы імкнуліся да таго, каб дзеці маглі адкрыць свае творчыя здольнасці, а таксама прадэманстраваць уменні працаваць з інфармацыйнымі тэхналогіямі, — заўважае І.С.Андрыянава. — Гэта значыць, мы абазначалі, што ў пэўным заданні навучэнцам неабходна будзе выкарыстоўваць той альбо іншы сэрвіс у інтэрнэце альбо інфармацыйную праграму (Photostory, DeepZoom, Autocollage), з дапамогай якой яны змаглі б зрабіць калаж, плакат, старонку ў інтэрнэце.
Практыка паказвае, што выкарыстанне электроннага сродку навучання павышае матывацыю вучняў да вывучэння тэм па роднай Беларусі, у іх пашыраецца кругагляд, яны паглыбляюць свае веды па англійскай мове, выкарыстоўваючы розныя віды маўленчай дзейнасці, вучацца граматна выкладаць свае думкі, ідэі (у вуснай, пісьмовай формах), творча выкарыстоўваць ІКТ для стварэння праектаў. ЭСН можа быць выкарыстаны для вывучэння новага матэрыялу на занятках у 7—9 класах, пры падрыхтоўцы для экзамену ў 10—11 класах, на факультатыўных занятках.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.