Здзівіць і ўтрымаць

- 9:59Выхаванне, Дадатковая адукацыя

Зацікавіць дзіця бібліятэкай можна нават у шосты школьны дзень. Варта толькі ўключыць фантазію.

Бібліятэкар сярэдняй школы № 8 Салігорска Тамара Анатольеўна Цяпляк заўважае: “Многія думаюць, што страта цікавасці да чытання ў школьнікаў супала з засіллем гаджэтаў і інфармацыйных тэхналогій. Але, па маіх назіраннях, нічога не мяняецца. Тэндэнцыя, якая была больш за 20 гадоў назад, калі я толькі пачынала працаваць у школьнай бібліятэцы, засталася тая ж. Актыўна і заўзята чытаюць толькі вучні малодшых класаў, а сярэднія і старшыя школьнікі ­цікавяцца ў асноўным творамі школьнай праграмы — працуюць на адзнаку. Ёсць праслойка вучняў, якія чытаюць для сябе, але іх ціка­васць заўсёды цяжка было задаволіць. Такіх дзяцей вабяць творы, якія сёння на слыху, бестселеры ад папулярных аўтараў, фантастыка, манга, дэтэктывы. Але школьная бібліятэка рэдка можа прапанаваць ім шырокі асартымент”.

Бібліятэкар Быценскай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна Святлана Георгіеўна Якаўчук дадае: “Каб вырашыць пытанне з асартыментам, штогод кожная бібліятэка праводзіць дзень дарэння кнігі. Мы з навучэнцамі школы вырашылі павялічыць коль­касць такіх свят і правесці ў суботу акцыю “Бумеранг дабра” — уручылі адно аднаму прыгожыя экзэмпляры, абмяняліся любімымі часопісамі, а потым наведалі пажылых людзей, якім таксама прынеслі ў падарунак кніжную прадукцыю. Каб больш разнастаіць бібліятэчнае жыццё і азнаё­міць дзяцей з новым асартыментам, днямі мы наведалі вясковую бібліятэку — многія дзеці раней саромеліся ў яе заходзіць, але цяпер маюць свой чытацкі білет, узялі на абанемент кнігі — і, думаю, стануць тут частымі гасцямі. Маленькія вучні лёгка купляюцца на ўсё яркае і невядомае — ім заўсёды цікава разгарнуць новую кнігу ці каляровы часопіс”. 

А яшчэ больш школьнікам падабаецца атрымліваць падарункі — падобныя акцыі ў Быценскай сярэдняй школе для іх таксама право­дзяць, але з далёкім прыцэлам — каб прэзент пайшоў на карысць. “У адну з мінулых субот у нас прахо­дзіла флэш-акцыя “Дзякуй” сумесна з мясцовай царквой, — працягвае Святлана Георгіеўна. — Я запрасіла на размову з навучэнцамі нашага айца Аляксандра, ён расказаў ім пра Біблію, адказаў на пытанні, падарыў духоўныя кнігі для дзяцей”.

У сярэдняй школе № 8 Салігорска для дзяцей арганізавалі акцыю “Прачытаеш кніжку — атрымаеш цукерку-малышку”.

“Здавалася б, не такі ўжо гэта цуд — самая звычайная карамелька, таму ніякага ваў-эфекту ад акцыі я не чакала, а ён быў. У выніку акцыя, разлічаная на пару дзён, цягнецца ўжо некалькі месяцаў. Нават старшакласнікі прыхо­дзяць “на пах” цукерак. Але проста так я іх нікому не аддаю. Калі дзіця здае кнігу, абавязкова задаю пытанні па змесце твора, каб разумець, што яно нешта для сябе вынесла з гэтага знаёмства”, — расказвае Тамара Анатольеўна. 

На чарзе — акцыя “Падарунак імянінніку”.

“Мы, дарослыя, таксама не хочам нічога рабіць проста так. Так і дзеці. Калі іх цяжка заахвоціць пернікамі і цукеркамі, яны ідуць на інтарэс. Разнастайныя акцыі, чэленджы — тое, што сёння знаходзіцца на піку папулярнасці, што дзеці хочуць ба­чыць. Не так даўно я прапанавала школьнікам зрабіць сэлфі з любімай кнігай”, — працягвае спецыяліст.

Акцыя ­выклікала вя­лікі ажыятаж, навучэнцы прыходзілі кампаніямі, каб знайсці на палічках любімыя гісторыі і паўдзельнічаць у конкурсе на лепшую “сябешку”. 

Лайфхак ад спецыяліста:
Хочаце зацікавіць дзіця чытаннем? Прапануйце перыёдыку. Паміж кнігай і часопісам дзеці выберуць часопіс: у ім мала тэксту, шмат малюнкаў, і ён значна танчэйшы, чым кніга.

“У мінулым месяцы я запусціла “Хатку-маляванку”. Ведаеце домікі з белага кардону, якія трэба размаляваць на свой густ рознакаляровымі фламастарамі? Дык вось скрып фламастараў па кардоне не змаўкаў у бібліятэцы некалькі тыдняў. А я прыклала шмат намаганняў, каб незафарбаваны кавалачак даху ці сцяны знайшоўся для кожнага. Пакуль адны размалёўвалі хатку, астатнім я паказвала дзіцячую перыёдыку. Так і жывём пад дэвізам “Прыцягнуць, здзівіць, утрымаць”, — заключае Тамара Анатольеўна.

У Рэчкаўскай ся­рэдняй школе Івацэвіцкага раёна ў шосты школьны дзень таксама не сумуюць. Як расказвае загадчык бібліятэкі Яўгенія Уладзіміраўна Домась, асаблівы ажыятаж выклікаў у навучэнцаў майстар-клас па бук-фолдынгу:

“Надышоў час рыхтаваць кнігі на спісанне. Але ў мяне душа балела за іх! Ну як можна развітвацца з кнігай, няхай яна ўжо і старая?! І вось у пошуках выратавання сваіх “пенсіянераў” я азнаёмілася з тэхнікай бук-фолдынгу. Малыя былі ў захапленні: гэта і выдатны творчы занятак, і магчымасць крыху пасваволіць, загінаючы старонкі кнігі. Звычайна дзецям гэта не дазваляецца, але ж тут гаворка ішла пра выратаванне “жыцця”. 

Яна даўно заўважыла: варта толькі даць дзецям адчуць смак перамен, памяняць некалькі дробязей — і вось ужо на працэс чытання яны глядзяць іншым позіркам.

“У фае школы ста­іць прыгожая лавачка ў стылі лофт, у адну з субот я запрасіла маленькіх абанентаў бібліятэкі пасядзець “на лавачцы з кніжкай”, — прыгадвае Я.У.Домась. — І хутка каля яе вырасла чарга з жадаючых пачытаць”. 

Што ні кажы, а часам бібліятэкар вельмі нагадвае Тома Соера, які змог пераканаць сяброў, што фарбаваць плот — самы цікавы і зайздросны занятак у свеце.

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.