Гэтымі днямі ў Мінску праходзіць антынаркатычная акцыя, арганізатарам якой з’яўляецца Следчы камітэт Мінска. У рамках акцыі супрацоўнікі ведамства прыходзяць са своеасаблівымі лекцыямі ва ўстановы адукацыі, каб праінфармаваць падлеткаў, бацькоў, а таксама настаўнікаў аб прафілактыцы распаўсюджвання і ўжывання наркатычных сродкаў.
Як паведамілі ў Следчым камітэце, ужо на першых сустрэчах аўдыторыя праявіла цікавасць да праблемы ўжывання падлеткамі псіхатропных рэчываў. Так, прысутным было цікава даведацца, па якіх прыкметах можна зразумець, што падлеткі падсаджваюцца на наркотыкі. Шмат пытанняў задавалі і пра наступствы, да якіх прыводзіць прыём смяротна небяспечнага расліннага і сінтэтычнага зелля. Асаблівая ўвага падчас лекцый удзяляецца пытанням адказнасці, прадугледжанай заканадаўствам, за незаконны абарот наркатычных сродкаў і псіхатропаў.
Для таго каб навучэнцы больш дэталёва зразумелі, да чаго можа прывесці ўжыванне наркотыкаў, свае лекцыі супрацоўнікі СК дапаўняюць фотаздымкамі, а таксама відэафактамі. Такія наглядныя матэрыялы паказваюць, якія крымінальныя справы і па якой прычыне былі заведзены на падлеткаў за апошні перыяд. Вялікім плюсам фота- і відэадэманстрацый з’яўляецца тое, што падлеткі, а таксама бацькі і настаўнікі могуць убачыць, да якіх трагічных наступстваў прыводзіць гульня з наркотыкамі.
Як адзначылі ў Следчым камітэце, сёння наркотыкі расліннага паходжання актыўна выцясняюцца сінтэтычнымі псіхатропнымі сумесямі. Апошнія больш даступныя для спажыўцоў, але вельмі непрадказальныя ў плане ўздзеяння на здароўе. Але самым страшным у гэтай сітуацыі з’яўляецца тое, што ў незаконны абарот “сінтэтыкі” ўцягваецца ўсё больш падлеткаў.
Так, толькі за апошнія 8 месяцаў УСК Мінска за незаконны абарот наркатычных сродкаў узбуджана 1417 крымінальных спраў, а гэта на 550 больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Што тычыцца крымінальных спраў, якія былі накіраваны ў суд, сёлета іх колькасць склала 634 выпадкі (у мінулым годзе было на 150 менш). Акрамя гэтага, у 2,5 разу павялічылася колькасць непаўналетніх, якія абвінавачваюцца і могуць панесці пакаранне згодна з артыкулам 328 Крымінальнага кодэкса (“Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў”). Колькасць абвінавачаных непаўналетніх, заключаных пад варту, сёлета склала 12 чалавек (у мінулым годзе такая мера была прынята ў адносінах да 4 падлеткаў).
Плануецца, што да канца года кіраўнікі структурных падраздзяленняў Следчага камітэта, а таксама начальнікі раённых аддзелаў яшчэ змогуць наведаць больш чым 100 устаноў адукацыі. У гэты спіс уваходзяць не толькі школы, але і ўстановы прафесійна-тэхнічнай, а таксама сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Падрыхтавала Наталля ДУБІК.