Землякі ўдзячныя

- 9:57Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Якімі выпускнікамі ганарыцца веткаўская школа № 1.

Сем класаў веткаўскай беларускай сярэдняй школы № 1 у 1941 го­дзе скончыла будучы намеснік Старшыні Савета Міністраў БССР у 1970—1983 гадах Ніна Сняжкова. І яна не адзіная з вядомых людзей, хто ўславіў школу, веткаўскую зямлю і нашу Беларусь. Школа з 2009 года но­сіць імя яшчэ аднаго знакамітага выхадца з гэтых мясцін — вялікага савецкага дыпламата Андрэя Андрэевіча Грамыкі.

Ушаноўванне памяці выбітнага дыпламата

Знакаміты палітычны дзеяч XX стагоддзя ў гэтай установе адукацыі не вучыўся. Ён нарадзіўся 18 ліпеня 1909 года ў вёсцы Старыя Грамыкі Гомельскага павета Магілёўскай губерні ў сялянскай сям’і. Дзіўную біяграфію простага сялянскага хлопчыка, які выбіўся ў людзі дзякуючы жалезнай волі і жаданню вучыцца, сёння пераказваюць юныя экскурсаводы школьнага аб’яднання па інтарэсах пад кіраўніцтвам настаўніцы Марыі Худзяковай.

— Андрэй Андрэевіч прайшоў шлях ад вясковага хлопчыка да міністра замежных спраў Савецкага Саюза, — расказвае вась­мікласніца Вікторыя Маныкіна. — Наш зямляк увайшоў у гісторыю як знакаміты “Містар Не”. Так яго называлі палітычныя і дыпламатычныя сапернікі, кіраўнікі знешняй палітыкі краін Захаду. А ўсё таму, што дыпламат быў непадкупны і заўсёды паслядоўна адстойваў інтарэсы Савецкай дзяржавы. 

Сам Андрэй Грамыка тлумачыў пахо­джанне мянушкі так: “Я сабой маніпуля­ваць не дазваляў. Хто імкнуўся да гэтага, хацеў маніпуляваць Савецкім Саюзам. Мы вялікая дзяржава і нікому гэтага рабіць не дазволім!”

Знакаміты выпускнік школы — намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка ў веткаўскай школе № 1 вучыўся з 4 класа і скончыў яе ў 1982 годзе. У 2018 годзе Ігар Віктаравіч наведваў родную ўстанову адукацыі і тады зрабіў запіс у кнізе ганаровых гасцей: “З вялікім захапленнем і трапятаннем у душы наведаў родную школу, якая дала пуцёўку ў жыццё. Успомніліся тыя, з кім вучыўся. Класы, дзе выкладалі розныя прадметы, і, вядома ж, выдатны педагагічны калектыў Настаўнікаў! Прыемна, што традыцыі захоўваюцца і прырастаюць новымі. Напярэдадні новага навучальнага года і да дня нараджэння школы 3 лістапада 2018 года, якая адзначыць 150-годдзе, жадаю поспехаў, новых перамог у засваенні нязведаных вышынь у выдатным палацы ведаў — школе! Выпускнік 1982 года І.В.Петрышэнка. 14 жніўня 2018 года”. 

— Пасля заканчэння тэхнікума ў Барысаве Андрэй Грамыка ў 1931 годзе ўступіў у Камуністычную партыю і неўзабаве быў выбраны сакратаром партыйнай арганізацыі тэхнікума, — далучаецца да імправізаванай экскурсіі яшчэ адна васьмікласніца, Ганна Хацеенка. — Потым ён паступіў у Мінскі эканамічны інстытут і на другім курсе пачаў выкла­даць у сельскай школе недалёка ад Мінска, а затым быў прызначаны дырэктарам гэтай школы.

Біяграфію знакамітага земляка вывучаюць вучні і настаўнікі школы. Яна тут адлюстравана на стэндах музея і ў дакументах, якія збіраліся на працягу многіх гадоў. Анд­рэй Грамыка скончыў Мінскі эканамічны інстытут і паступіў у аспірантуру, якую заканчваў ужо ў Маскве. Падчас вучобы сур’ёзна заняўся англійскай мовай. Ён ужо абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную сельскай гаспадарцы ЗША, і мог бы пайсці па навуковай сцяжынцы. Але лёс кардынальна змяніўся ў 1939 годзе, калі вышэйшае кіраўніцтва краіны ўбачыла ў ім палітыка. Гавораць, Сталін прамовіў: “Грамыка — добрае прозвішча для дыпламата”.

Андрэй Грамыка з 1957 па 1985 год працаваў міністрам замежных спраў СССР. На гэтым пасту ён і стаў сімвалам усёй савецкай знешняй палітыкі. У міжнародных палітычных і дыпламатычных колах адзначалі яго глыбокія веды міжнародных праблем, унікальную памяць і мастацтва весці перамовы. Андрэй Андрэевіч стаяў ля вытокаў зараджэння ААН. Пад яе статутам стаіць яго подпіс. У якасці кіраўніка дэлегацыі СССР на сесіях Генасамблеі ён быў 22 разы. Менавіта Грамыкам у 1968 годзе падпісаны дагавор аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі.

На пачатак 2022/2023 навучальнага года ў веткаўскай школе № 1 у дзве змены вучыцца 655 чалавек. Выкладаюць 73 педагогі. На базе школы працуе раённы рэсурсны цэнтр інфармацыйных тэхналогій, музей баявой і працоўнай славы, які мае званне народнага.

Сваякі знакамітага дыпламата перадалі ў веткаўскую школу № 1 копіі многіх дакументаў і фатаграфіі, якія ляглі ў аснову экспазіцыі народнага музея. Калі ў 2009 го­дзе школе прысвойвалі імя Андрэя Грамыкі, сюды прыязджалі сын Анатоль Андрэевіч, дачка Эмілія Андрэеўна Грамыка-Пірадава, унук Аляксей Анатольевіч Грамыка, доктар палітычных навук. 

Вёска Старыя Грамыкі, дзе пахаваны баць­ка вялікага дыпламата, трапіла ў зону адсялення пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, як і многія населеныя пункты Веткаўшчыны. Тым часам пасля катастрофы землякі звярнуліся да Андрэя Грамыкі з просьбай пабудаваць мост праз мясцовую рэчку Бесядзь, каб перавезці пажыткі з выселеных вёсак. З падзякай людзі ўспамінаюць, што званок Андрэя Андрэевіча з Масквы дапамог вырашыць праблему: мост стаіць і цяпер. 

Андрэя Грамыку памятаюць і паважа­юць на гомельскай зямлі. У абласным цэнтры ўсталяваны яго бронзавы бюст, іменем знакамітага земляка названы сквер у цэнтры Гомеля. У Палацы Румянцавых і Паскевічаў ёсць экспазіцыя, прысвечаная жыццю і дзейнасці Андрэя Андрэевіча. Яго імя носіць цэнтральная вуліца і сярэдняя школа ў Ветцы. Школьны музей увесь час адкрыты для наведвальнікаў. Сюды прыя­зджаюць не толькі з Веткаўскага раёна, але і з Гомеля. Тут праходзяць навуковыя канферэнцыі і пазашкольныя заняткі, экскурсіі і дыялогавыя пляцоўкі. 

Героі заўсёды побач

Тэме Вялікай Айчыннай вайны, безумоўна, прысвечана асобная экспазіцыя. Тым больш што выпускнікі сталі вядомымі героямі. Камандзір танкавай роты Герой Савецкага Саюза Міхаіл Рыгоравіч Батракоў вучыўся ў школе ў другой палове 30-х гадоў. Павел Якаўлевіч Галавачоў — з 1925 па 1930 год. Ён адзін з самых услаў­леных лётчыкаў Вялікай Айчыннай вайны, двойчы Герой Савецкага Саюза. Пётр Міхайлавіч Барадзін у 1941 годзе выдатна скончыў гэтую школу. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ваяваў у марской пяхоце, быў цяжка паранены, узнагаро­джаны 4 ордэнамі і 15 медалямі. Пазней скончыў фізічны факультэт Ленінградскага ўніверсітэта, стаў прафесарам, доктарам фізіка-матэматычных навук, з 1961 па 2001 год кіраваў навуковай лабараторыяй Ленінградскага (Санкт-Пецярбургскага) універсітэта. Іван Апанасавіч Магонаў у 1939 годзе скончыў веткаўскую школу № 1. Ён удзельнік Вялікай Айчыннай, камандзір танкавага батальёна. У 1969—1978 гадах — начальнік Маскоўскага вышэйшага агульнавайсковага каманднага вучылішча імя Вярхоўнага Савета РСФСР, генерал-лейтэнант. Узнагароджаны 8 ордэнамі і 31 медалём. Скорабагатаў Дзмітрый Іванавіч з 1914 па 1919 год вучыўся ў Веткаўскай школе. Генерал-маёр, артылерыст быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, пяццю ордэнамі Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Суворава II ступені, Кутузава II ступені. Яго імем названа вуліца ў Ветцы.

Вельмі цёпла тут успамінаюць Ніну Лявонаўну Сняжкову. Яна выдатна скончыла сем класаў у 1941 годзе. З 1944 года вучылася ў Гомельскім педвучылішчы, у 1947 паступіла на філалагічны факультэт БДУ імя У.І.Леніна на аддзяленне журналістыкі. Пасля трэцяга курса была запрошана на работу ў газету “Гомельская праўда”. На працягу пятнаццаці гадоў (1970—1985 гг.) займала пасаду намесніка Старшыні Савета Міністраў БССР і адказвала за медыцыну, адукацыю, культуру. Калегі і блізкія сяброўкі, адной з якіх была Валянціна Церашкова, гаварылі пра яе так: “Гэтая светлая, сонечная жанчына сваім жыццём ажыццяўляла біблейскі прынцып: “Палюбі блізкага, як самога сябе”.

У веткаўскай школе № 1 у розныя гады вучыліся рэктары Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Рагачоў і Міхаіл Селькін, Старшыня Савета Міністраў БССР (1983—1986 гг.) Уладзімір Бровікаў і легендарны лётчык двойчы Герой Савецкага Саюза Павел Галавачоў.

— Ніна Лявонаўна вяла актыўную дзейнасць, — расказвае кіраўнік народнага школьнага музея баявой і працоўнай славы Марыя Худзякова. — Яна некалькі разоў прыязджала ў нашу школу, заўсёды прывозіла падарункі, давала парады настаўнікам, дапамагала адміністрацыі школы ў вырашэнні розных пытанняў. 

Артэфакты і дакументы

Яшчэ адна важная музейная кампазіцыя прысвечана гісторыі станаўлення народнай асветы ў Ветцы. 

— Гісторыю ўстанова адукацыі вядзе з 1868 года — са стварэння Веткаўскага жаночага народнага вучылішча, — адзна­чае Марыя Худзякова. — З 1 верасня 1886 года настаўніцай тут была Марыя Рыгораўна Галавінская — у той час самы выбітны педагог не толькі школы, але і Веткаўшчыны. У нашым музеі ёсць анкета для школьных работнікаў Гомельскай губерні, запоўненая Марыяй Галавінскай. У 1896 годзе педагог была ўзнагароджана сярэбраным медалём з надпісам “За стараннасць” на Аляксандраўскай стужцы. Таксама ў музеі захоўваецца пячатка для пакетаў Веткаўскага жаночага народнага вучылішча. Яе перадала музею мясцовая жыхарка Алена Гаспадарова. Таксама вы можаце бачыць запоўненую ксеракопію Пасведчання аб заканчэнні Веткаўскага жаночага народнага вучылі­шча ў 1892 годзе Кацярыны Амельчанкавай — арыгінал знаходзіцца ў Нацыянальным гістарычным архіве.

У 1969 годзе школа пераехала ў трохпавярховы будынак, дзе размяшчаецца і цяпер. 

— Ёсць у нашым школьным музеі стэнды, прысвечаныя воінам-афганцам, і зусім новая экспазіцыя на тэму халакосту на тэрыторыі Веткаўскага раёна, — расказвае дырэктар школы Аляксандр Валер’евіч Шышадскі. — Тут, побач з Веткай, 3 снежня 1941 года ў танкавым ірве расстралялі 360 чалавек. Мы нядаўна зрабілі праекцыйную сцяну ў музеі і спадзяёмся, што хутка ў нас з’явіцца мультымедыйны праектар, каб з яго дапамогай дэманстраваць шырокай аўдыторыі архіўныя фота- і відэаматэрыялы, якія ёсць у нашым музеі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ. 
Фота аўтара.