Згодна з правам на якасныя адукацыйныя паслугі

Выпускнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Лепельскага раёна Віцебскай вобласці ў гэтым годзе выбіралі пераважна тэхнічныя, педагагічныя, медыцынскія і эканамічныя спецыяльнасці. Па выніках здачы цэнтралізаванага тэсціравання раён сёлета апынуўся на 3-м месцы ў абласным рэйтынгу. Пра гэта паведаміў начальнік аддзела па адукацыі Лепельскага райвыканкама Анатоль Міхайлавіч КАРПІЦКІ.

— Чатыры выпускнікі ўстаноў адукацыі раёна атрымалі 100-бальныя сертыфікаты па хіміі, біялогіі і беларускай мове, — адзначыў А.М.Карпіцкі. — Лепшыя вынікі ў вобласці — у нашых навучэнцаў па беларускай мове і біялогіі. Па хіміі і нямецкай мове мы — на другой пазіцыі, па геаграфіі — на трэцяй. Па 9 вучэбных прадметах з 12 паказчыкі сярэдняга бала ў раёне вышэйшыя за абласныя і па 7 вучэбных прадметах — вышэйшыя за рэспубліканскія. Паказчык паступлення нашых выпускнікоў ва ўстановы вышэйшай адукацыі сёлета складае 64%, у тым ліку па профільных класах — 80%.

— Якім чынам забяспечваецца якасць развіцця сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі?

— У 13 установах агульнай сярэдняй адукацыі раёна ў мінулым навучальным годзе займаліся 3145 школьнікаў. Якас ць адукацыі ва ўстановах забяспечваюць 403 педагогі, большасць з якіх мае вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Штогод да іх далучаюцца маладыя спецыялісты, працэнт замацавання якіх складае 70. Для забеспячэння іх прафесійнага росту ў раёне арганізавана работа школы станаўлення маладога педагога, у кожнай установе адукацыі практыкуецца настаўніцтва. Акрамя таго, у раёне дзейнічаюць школа ўдасканалення педагагічнага майстэрства, 15 метадычных фарміраванняў, 12 творчых і праблемных груп, сеткавыя супольнасці. На працягу года 60 педагогаў раёна прадставілі свой вопыт работы на абласных, рэспубліканскіх, міжрэгіянальных семінарах і канферэнцыях.

У 2018/2019 навучальным годзе ў 6 установах адукацыі рэалізоўваўся 1 эксперыментальны і 4 інавацыйныя рэспубліканскія праекты, 7 устаноў працавалі над укараненнем абласных творчых праектаў.

Праводзіцца вялікая работа па аснашчэнні ўстаноў адукацыі сучаснымі сродкамі навучання. У 4 з 7 сярэдніх школах раёна функцыянуюць сучасныя кабінеты фізікі, пастаўляецца вучэбнае абсталяванне і сродкі навучання для 3 кабінетаў хіміі. Сёння ўсе школы забяспечаны доступам да шырокапалосай сеткі інтэрнэт, маюць афіцыйныя сайты, падключаны да інфармацыйна-пошукавага рэсурсу “Эталон”. Праводзіцца работа па выкарыстанні сэрвісу “Электронны дзённік”/ “Электронны журнал”.

— Як арганізавана профільнае навучанне ў раёне? Якая работа праводзіцца па падрыхтоўцы навучэнцаў да ўдзелу ў алімпіядах і інтэлектуальных конкурсах?

— Ва ўсіх сельскіх і гарадскіх сярэдніх школах адкрыты профільныя класы. 78% вучняў 10 і 11 класаў вывучаюць асобныя прадметы на павышаным узроўні. Агра­класы ў раёне мы не адкрываем, бо супрацоўнічаем з Лепельскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжам, які рыхтуе кадры для аграпрамысловага комплексу па бесперапыннай сістэме адукацыі. Для дзесяцікласнікаў раёна, якія вучацца на базавым узроўні, арганізавана прафесійнае навучанне па III мадэлі на базе агратэхнічнага каледжа. Навучанне ажыццяўляецца па прафесіях, найбольш запатрабаваных у раёне: прадавец і слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання.

Падчас канікул ладзяцца раённыя зборы па падрыхтоўцы вучняў да рэспубліканскай алімпіяды. У летніх дзённых аздараўленчых лагерах працуюць профільныя групы для адораных дзяцей. На базе трох устаноў адукацыі дзейнічаюць міжшкольныя факультатывы. Паміж аддзелам па адукацыі і Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П.М.Машэрава заключаны дагавор аб супрацоўніцтве ў кірунках хіміі і біялогіі. Па запыце на імя рэктара ўніверсітэта яго выкладчыкі падчас канікул прыязджаюць у Лепель для правядзення тэарэтычных заняткаў з вучнямі. У сваю чаргу вучні, якія наведваюць міжшкольны факультатыў па хіміі і біялогіі, адзін раз у месяц прыязджаюць ва ўніверсітэт для ўдзелу ў практычных занятках.

— Якая работа праводзіцца па павелічэнні ахопу дзяцей дашкольнай адукацыяй?

— З гэтай мэтай у сельскіх установах адукацыі мы адкрываем дадатковыя дашкольныя групы і арганізоўваем падвоз школьным аўтобусам дзяцей, якія пражываюць у гарадской мясцовасці. Паказчык ахопу дзяцей дашкольнай адукацыяй у раёне павялічыўся з 89% у 2017 годзе да 95,1% у 2019 годзе. За кошт адкрыцця груп кароткачасовага знаходжання дзяцей да канца гэтага года мяркуем павялічыць ахоп да 97,1%. У раёне забяспечваецца права дзяцей на атрыманне якасных адукацыйных паслуг у адпаведнасці з запытамі сям’і. У дзіцячых садах працуюць спецыяльныя лагапедычныя групы, карэкцыйна-педагагічныя пункты, адаптацыйныя групы, прадастаўляюцца дадатковыя адукацыйныя паслугі.

— Як ажыццяўляецца аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі раёна?

— З 2012 года аптымізавана 28 устаноў адукацыі. За тры апошнія гады 6 устаноў адукацыі рэарганізаваны, 5 — ліквідаваны. У выніку эканомія бюджэтных сродкаў склала 295 279,63 рублёў. Прынятыя меры дазволілі значна павялічыць паказчык напаўняльнасці класаў. Калі ў 2016 годзе сярэдні паказчык па раёне складаў 13,4 навучэнца, то ў 2018 го­дзе — 16,6. Арганізаваны падвоз дзяцей 12 школьнымі аўтобусамі ў 15 устаноў адукацыі. Да пачатку навучальнага года набыты яшчэ адзін новы аўтобус і спецыялізаваны транспарт для падвозу дзяцей з інваліднасцю (што перамяшчаюцца на калясках) у ЦКРНіР.

— Якія задачы вы ставіце ў кірунку развіцця сістэмы спецыяльнай адукацыі раёна?

— Ажыццяўляецца мэтанакіраваная работа па інтэграцыі дзяцей з АПФР у асяроддзе іх здаровых аднагодкаў. У 2018/2019 навучальным годзе функцыянавалі 22 інтэграваныя класы, у якіх вучыліся 28 дзяцей. Было адкрыта 15 пунктаў, на якіх атрымлівалі карэкцыйна-педагагічную дапамогу 352 навучэнцы. На базе ЦКРНіР функцыянавалі 2 спецыяльныя класы (12 навучэнцаў) і 2 спецыяльныя дашкольныя групы (8 выхаванцаў) для дзяцей з цяжкімі і множнымі фізічнымі і псіхічнымі парушэннямі. Па выніках 2018 года доля навучэнцаў з АПФР, якія атрымліваюць адукацыю ва ўмовах інтэграванага навучання і выхавання, склала 100%. Паказчык ахопу дзяцей з асаблівасцямі ранняй комплекснай дапамогай таксама стапрацэнтны.

— Абарона правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, напэўна, яшчэ адзін важны кірунак вашай работы? 

— У раёне на дзяржаўным забеспячэнні знаходзяцца 79 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, 17 дзяцей уладкаваны ў 12 прыёмных сем’яў, 48 дзяцей пражываюць у 38 апякунскіх сем’ях, 14 — у двух дзіцячых дамах сямейнага тыпу. У найбліжэйшых планах — адкрыццё яшчэ аднаго дома сямейнага тыпу. Захоўваецца тэндэнцыя стрымлівання сацыяльнага сіроцтва. За час дзеяння дэкрэта № 18 у раёне 15 дзяцей былі вернуты бацькам (іх бацькоўскія правы былі адноўлены).

Надзея ЦЕРАХАВА.