Згукі мінуўшчыны —у будучыню!

Народная музычная культура Беларусі — бязмежнае нацыянальнае багацце, якое ўражвае шматграннасцю, самабытнасцю і каларытам. Нашы продкі пакінулі ў спадчыну шматстайнасць песень, найгрышаў, інструментальных кампазіцый. Праз стагоддзі нас заварожвае музыка традыцыйных музычных інструментаў — дуды, скрыпкі, цымбалаў, жалейкіі г.д. Для кожнага з беларусаў народная музыка мае свой сакральны сэнс, які вызначаецца ў генетычнай памяці пакаленняў. І ў ХХІ стагоддзі становіцца асабліва важным не проста захаваць сваё нацыянальнае багацце, не проста музеефікаваць народную музычную спадчыну, а ствараць магчымасці для яе распаўсюджвання і трансляцыі. Бо музыка жыве толькі тады, калі гучыць у руках музыкі, а песня бытуе толькі ў вуснах выканаўца.

З гэтай нагоды па ініцыятыве Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” Мінска 24 студзеня 2018 года на базе сярэдняй школы №1 прайшоў Першыадкрыты конкурс беларускага народнага спеўнага і музычна-інструментальнага выканальніцтва “Згукі мінуўшчыны”, які аб’яднаў лепшых юных спевакоў і музыкаў не толькі сталіцы, але і рэспублікі. Арганізаваны з мэтай мастацкага выхавання школьнікаў, навучэнскай і працоўнай моладзі сродкамі традыцыйнай музычнай культуры Бацькаўшчыны, конкурс быў накіраваны на захаванне і развіццё традыцыйнай культуры Беларусі, трансляцыю лакальных народных спеўных і музычных інструментальных традыцый, выяўленне і падтрымку музычна адоранай моладзі, а таксама на практычнае засваенне ўдзельнікамі конкурсу музычных традыцый розных рэгіёнаў нашай краіны шляхам вуснага пераймання.

Арганізатарамі конкурсу выступалі адміністацыя Кастрычніцкага раёна Мінска, Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь”, Беларускі фонд культуры і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Аўтар і кіраўнік праекта — знакаміты беларускі этнахарэограф, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва Мікола Козенка. Арганізацыя і правядзенне конкурсу — адно з вызначальных мерапрыемстваў раённай адукацыйна-культурнай праграмы “Традыцыйная культура і моладзь”.

У склад рады экспертаў увайшлі беларускія навукоўцы, выкладчыкі кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, а таксама прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. Сярод ганаровых гасцей конкурсу былі прадстаўнікі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Мінска, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, журналісты і інш.

Конкурс “Згукі мінуўшчыны” быў адкрытыяк для самых маленькіх удзельнікаў — выхаванцаў дзіцячых садкоў, так і для больш сталых выканаўцаў — студэнцкай моладзі. Усяго ў імпрэзе ўзялі ўдзел звыш 80 канкурсантаў. Адзін з асноўных крытэрыяў ацэньвання выступленняў удзельнікаў — выканаць інструментальныя і спеўныя кампазіцыі, максімальна набліжаныя да аўтэнтычнай традыцыі. Эксперты таксама звярталі ўвагу на валоданне стылем акапэльных спеваў (зладжанасць гучання, адпаведнасць тэсітуры жанру песні), валоданне прыёмамі імправізацыі, наяўнасць касцюмаў, якія па-мастацку аздоблены ў лакальнай традыцыі і г.д.

Дзякуючы выступленням канкурсантаў кожны са сведкаў імпрэзы меў магчымасць дакрануцца да народнага музычнага мастацтва, адчуць смак беларускай мовы, пачуць сапраўдныя згукі мінуўшчыны, якія застаюцца актуальныя і ў XXI стагоддзі. Старшыня конкурсу, загадчык кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ, кандыдат культуралогіі В.В.Калацэйадзначыў: “Конкурс “Згукі мінуўшчыны” спрыяе выяўленню і самарэалізацыі новых талентаў-самародкаў сярод дзяцей, падлеткаў і моладзі Беларусі, вядзе іх разам да лепшай будучыні нашага народа, народа з багатай і адметнай традыцыйнай культурай, моцныя карані якой — у авеянай легендамі і паданнямі, алеактуальнай і каштоўнай сёння мінуўшчыне”.

Міхась КАМОЦКІ,
метадыст ЦДАДіМ “Ветразь” Мінска.