Згуртаваць каманду

З 23 па 25 сакавіка ў рамках Рэспубліканскай спартакіяды сярод дзяцей і моладзі прайшлі асабіста-камандныя спаборніцтвы па турыстычна-прыкладным мнагаборстве ў тэхніцы пешаходнага турызму ў закрытых памяшканнях. Спаборніцтвы сталі важным этапам падрыхтоўкі юных спартсменаў да турыстычнага злёту навучэнцаў Саюзнай дзяржавы і праводзіліся Міністэрствам адукацыі, Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства пры падтрымцы Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь і пры ўдзеле Рэспубліканскага турыстычна-спартыўнага саюза.

Спаборніцтвы рэспубліканскага ўзроўню па спартыўным турызме ў закрытых памяшканнях сярод навучэнцаў праводзіліся ўпершыню і ладзіліся на базе вучэбна-трэніровачнага комплексу Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь, магчымасці якога дазваляюць адпрацаваць уменні праходжання складаных трас. Па словах намесніка дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзіі Андрэеўны Жур, менавіта такія складаныя трасы абсталёўваюцца на турыстычных злётах Саюзнай дзяржавы, калі яны праводзяцца на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Спаборніцтвы дазволілі адпрацаваць складаныя элементы, якія ўключаюцца ў праграму турзлёту па расійскіх правілах. Яшчэ адна адметнасць спаборніцтваў: па іх выніках навучэнцы атрымаюць спартыўныя разрады.

— Да нас з’ехаліся каманды з усіх рэгіёнаў. Выступілі яны добра, асабліва на асабістай дыстанцыі. Тут беларускія спартсмены паказалі гатоўнасць да ўдзелу ў спаборніцтвах міжнароднага класа, што не скажаш пра камандныя дыстанцыі. Складаныя трасы, на жаль, адолелі не ўсе. На тэрыторыі Расіі спаборніцтвы праводзяцца ў іншым фармаце і не ўсе трэнеры, навучэнцы могуць хутка перастроіцца з нацыянальнага фармату на міжнародны. Але спадзяёмся, што гэтае пытанне вырашыцца да ліпеня, калі Уладзімірская вобласць прыме турзлёт навучэнцаў Саюзнай дзяржавы, час яшчэ ёсць, — паведаміў галоўны суддзя Андрэй Анатольевіч Гівойна.

Найбольш паспяхова пераадолець абсталяваныя ў вучэбна-трэніровачным комплексе Універсітэта грамадзянскай абароны МНС трасы атрымалася ў каманд Віцебскай, Брэсцкай і Мінскай абласцей. Па словах педагога дадатковай адукацыі Цэнтра турызму і краязнаўства Баранавіч Антона Барысавіча Наруты, сакрэт паспяховага выступлення каманды Брэстчыны ў яе зладжанасці. Гэтаму садзейнічае правядзенне абласных спаборніцтваў восенню, зімой і вясной. Ёсць яшчэ і адкрыты кубак вобласці — такім чынам, на працягу года пры любых умовах надвор’я адбываюцца чатыры старты. Да спаборніцтваў трэба рыхтавацца, вось і атрымліваецца, што юныя турысты-спартсмены Брэстчыны рэгулярна трымаюць сябе ў добрай фізічнай форме, часта сустракаюцца, падтрымліваюць сяброўскія стасункі. У турыстычных лідарах вобласці — Камянецкі, Кобрынскі, Лунінецкі раёны, Баранавічы. Іх прадстаўнікі і змагаліся ў гэтыя дні ў сталіцы на турыстычных стартах.

Зладжаная сістэма падрыхтоўкі юных спартсменаў склалася і ў Віцебскай вобласці. Як паведаміла загадчык сектара турызму і спартыўнага арыентавання Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Святлана Анатольеўна Шорнікава, пачынаецца ўсё з вучэбна-трэніровачных спаборніцтваў, якія праводзяцца з лістапада па студзень. Потым ладзяцца чатыры этапы кубка вобласці па тэхніцы пешаходнага турызму ў закрытых памяшканнях. Акрамя гэтых этапаў, праводзіцца турыяда, якая складаецца з шасці заліковых абласных мерапрыемстваў. Дарэчы, абласныя спаборніцтвы ў закрытых памяшканнях ладзяцца на Віцебшчыне з 1992 года. З гэтага часу праводзіцца і турыяда навучэнцаў і педагагічных работнікаў. Да летняга перыяду зборная каманда вобласці, праходзячы праз такую сістэму збораў і трэніровак, максімальна падрыхтавана да ўдзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах. Турыстычнымі лідарамі ў вобласці з’яўляюцца Віцебскі, Полацкі, Аршанскі, Талачынскі раёны.

Менавіта каманда Віцебскай вобласці стала лідарам спаборніцтваў, у прыватнасці, у дваябор’і, каманднай кароткай дыстанцыі ў старшай групе. Акрамя таго, сярод спартсменаў 2001—2002 гадоў нараджэння ў асабістай кароткай дыстанцыі 1-е месца занялі таксама прадстаўнікі Віцебшчыны: Даніла Рамчанка і Лізавета Емяльянава. Сярод юніёраў (1998—2000 г.н.) у дваябор’і і каманднай кароткай дыстанцыі лідар зноў каманда Віцебшчыны. А вось у асабістай кароткай дыстанцыі сярод юніёраў лепшы вынік паказаў прадстаўнік Магілёўскай вобласці Аляксандр Акуліч, сярод юніёрак — Ірына Белая з Мінскай вобласці.

Павіншуем лепшых спартсменаў, а таксама каманды, якія, дзякуючы спаборніцтвам, згуртаваліся, павысілі ўзровень майстэрства напярэдадні адказных турыстычных стартаў, што пройдуць у ліпені на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *