Жаданне бачыць… Бачыць сваю Радзіму

- 14:52Культура

12 верасня ў сталічнай Мастацкай галерэі твораў Л.Д.Шчамялёва ўрачыста адкрылася Рэспубліканская выстава сучаснай візуальнай творчасці студэнтаў “Грані творчасці”, прысвечаная Году малой радзімы. Арганізатарамі праекта па традыцыі выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. А тэмай-дэвізам стала цытата Уладзіміра Караткевіча “Мой чароўны беларускі край. Бацькаўшчына светлая мая!”.

Гэта ўжо трэці творчы сезон праекта “Грані творчасці”, задуманага як спроба ўцягнуць студэнцкую аўдыторыю краіны ў неабсяжнае поле творчасці на аснове сінтэзу літаратуры, фатаграфіі, жывапісу і розных сучасных кірункаў візуальнага мастацтва. Пры гэтым акцэнт ставіцца на актуалізацыю ў свядомасці моладзі менавіта беларускіх культурных рэалій — ці гэта канкрэтныя значныя асобы айчыннай культуры (у 2016 годзе такой асобай для творчага асэнсавання студэнтамі быў Максім Багдановіч, летась — Францыск Скарына), ці гэта ўвогуле феномен беларушчыны, які выяўляецца найперш у разуменні радзімы як такой, шанаванні нашых традыцый, мовы, душы народа. Сёлета, у Год малой радзімы, арганізатары праекта “Грані творчасці” схіліліся якраз да другога варыянта — даць магчымасць маладым творцам з беларускіх устаноў вышэйшай адукацыі напоўніцу адчуць багацце роднай зямлі і выявіць гэтыя адчуванні ці, можа, пакуль яшчэ толькі прадчуванні ў сваіх творах.

І якім жа вялікім было ўзрушэнне студэнтаў, якія заходзілі ў Мастацкую галерэю твораў Л.Д.Шчамялёва і літаральна з парога бачылі велізарны банер з фотаздымкам самога Леаніда Дзмітрыевіча і яго словамі: “Усё, што я ўвасабляю ў палотнах, — маё жыццё. Гэта гісторыя маёй Радзімы. Гэта памяць як адно з самых запаветных паняццяў. Гэта людзі, якіх бязмежна люблю. І — прырода, без якой не ўяўляю свайго існавання”. Гэтыя словы гучалі як знак, як сімвал, як наказ вялікага майстра, як падказка маладым людзям, што яны прыйшлі туды, куды трэба, у прыгожы старадаўні будынак, які цяпер належыць творчасці вялікага мастака. Дарэчы, гэта цудоўна, што “Грані творчасці” асвойваюць знакавыя выставачныя прасторы. Нагадаем: летась і пазалетась такой прасторай была Нацыянальная бібліятэка Беларусі. А будынак у цэнтры Мінска па адрасе Рэвалюцыйная, 10 — галерэя твораў Шчамялёва, хоць і не мае такога архітэктурнага маштабу, як НББ, але затое прыцягвае іншым: утульнасцю, камернасцю, цеплынёй старадаўняга гарадскога побыту, нейкай асабліва шчыльнай прывязкай да роднага і блізкага — быццам своеасаблівая малая радзіма вялікага ўрбаністычнага асяроддзя, малая радзіма карэннага гараджаніна. І гэта ўжо не кажучы пра фантастычны эфект прамога суседства твораў маладых, да таго ж пераважна непрафесійных мастакоў і шэдэўраў нашага мэтра! “Дзякуй вам, Леанід Дзмітрыевіч, за тое, што прынялі мяне ў сваю цудоўную сям’ю! У вас свая гісторыя радзімы, а я прыйшоў/прыйшла са сваёй гісторыяй радзімы! Нас яднае тое, што мы аднолькава моцна любім яе, нашу родную зямлю і нашых людзей”, — можа быць, так гаварылі ў думках многія з удзельнікаў сёлетніх “Граней творчасці”…

І сама цырымонія адкрыцця выставы ў гэтым годзе была па-сямейнаму вельмі цёплай, пачуццёвай. Цудоўны настрой стваралі не толькі галерэйныя сцены, але і вершы ў выкананні студэнтаў і, безумоўна, выступленні паважаных людзей. Вось што яны, у прыватнасці, сказалі, звяртаючыся да ўдзельнікаў праекта.

Дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільеўна Васільчанка: “Грані творчасці” — гэта цудоўная арт-падзея ў жыцці нашай моладзі. Тэма сёлетняй выставы знайшла вялікі водгук у сэрцах нашых студэнтаў. Гэта вельмі адчуваецца па іх творах. Мы бачым тут мноства выкарыстаных мастацкіх тэхнік, мноства ідэй, аб’яднаных адной скразной ідэяй любові да Радзімы. Статыстыка наогул уражвае: на праект “Грані творчасці” сёлета прадстаўлена больш за 300 творчых работ студэнтаў 45 устаноў вышэйшай адукацыі ў такіх намінацыях, як “Летэрынг”, “Рэхарыфма”, “Фотаканцэпт”, “Візуальны сэт”. Сёння і наступныя тры тыдні “Грані творчасці” будуць дэманстравацца ў гэтай цудоўнай галерэі. А ў кастрычніку — снежні лепшыя творчыя работы будуць вандраваць па навучальных установах абласцей у рамках культурна-асветніцкай акцыі. Першым прыпынкам будзе Гомель. “Грані творчасці” — гэта культуралагічны праект, скіраваны на аб’яднанне. І гэта вельмі важна. І галоўнае, што тут адчуваецца шчырая эмоцыя! Я жадаю праекту далейшага плённага развіцця, а яго сённяшнім і будучым удзельнікам — творчых поспехаў!”

Старшы навуковы супрацоўнік Музея гісторыі горада Мінска, у структуру якога ўваходзіць Мастацкая галерэя твораў Л.Д.Шчамялёва, Вольга Валянцінаўна Бас: “Я адкрывала многа мастацкіх выстаў, і гэта заўсёды вялікая радасць ад судакранання з прыгожым. Але сёння мне асабліва прыемна! Я зведала неверагодна ўзрушаныя пачуцці, калі на працягу трох дзён мы разам з супрацоўнікамі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі рыхтавалі гэтую экспазіцыю. Дзякуй вам за вашу шчырасць, за тое цяпло, якім вы напоўнілі нашы сцены!”

Намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў уладальнік медаля Францыска Скарыны Леанід Васільевіч Хобатаў: “Мы з мастакамі-калегамі яшчэ будзем ацэньваць узровень вашых работ. Але ўжо сёння я хачу сказаць, што ў гэтай экспазіцыі прысутнічае ўсё, што можна чакаць ад творчых людзей. І гэта проста цудоўна, бо не бывае нічога больш прагрэсіўнага ў сучасным чалавеку за імкненне творча адказаць на пытанне духоўнага ўспрымання свету. Калі мы разумеем гэтую патрэбу, значыць, мы можам заявіць пра сябе, сказаць новае слова ў навуцы, культуры, у праяўленні асабістых амбіцый… Амбіцыі — вялікая сіла, яны дазваляюць нам браць вяршыні. І вось тут, на гэтым, па-іншаму не магу сказаць, вялікім форуме, ёсць усе якасці, якія дазваляюць адбыцца і мастаку, і наогул творчаму чалавеку. Тут шмат пейзажу і ў жывапісе, і ў фатаграфіі, а пейзаж і мастак — гэта надзвычай складаная тэма, гэта адмысловая філасофія, гэта супраціўленне матэрыялу, бо пейзаж патрабуе асаблівага разумення і ўспрымання навакольнага свету, вялікага інтэлектуальнага ўзроўню… А яшчэ — жадання бачыць сваю Айчыну. Гэта часта не прагаворваецца, як не праворваюцца часта вельмі інтымныя рэчы, але гэтага ж часта і не хапае. І калі ў вашай творчасці мы ўсё-такі бачым гэтае жаданне, значыць, вы правільна арганізаваны ўнутрана, значыць, прагрэсіўны рух моладзі існуе. І гэты рух адчыняе дзверы ў будучыню, а ў будучыню трэба зазіраць. І таму сёння ёсць нагода для таго, каб вас павіншаваць і палюбіць”.

Пасля такіх слоў яшчэ больш захацелася пагутарыць з удзельнікамі выставы і іх куратарамі.

…Найперш падыходжу да старшага выкладчыка кафедры “Прамысловы дызайн і ўпакоўка” факультэта тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі БНТУ Святланы Юр’еўны Мікульчык. Студэнты факультэта штогод вылучаюцца асаблівай актыўнасцю на “Гранях творчасці”. “І сёлета, — сказала Святлана Юр’еўна, — праявілі ініцыятыву і першакурснікі, і тыя студэнты, якім так палюбіліся “Грані творчасці” яшчэ першы раз, напрыклад, Дар’я Шамрыла і Аляксандра Усцінава, якія штогод удзельнічаюць у гэтым праекце і штогод здзіўляюць сваімі нестандартнымі творчымі рашэннямі. Не магу не назваць тут і Лізавету Філіпаву, Дзіяну Арлоўскую, Ганну Кандрацьеву, Лінду Заяц, Паліну Бажкову, Аліну Дробыш… Нават студэнтка з Казахстана Дарыя Тухватава пастаралася выказаць свае трапяткія адносіны да беларускай зямлі ў намінацыі “Візуальны сэт”. Наогул, я лічу, што такія праекты, як “Грані творчасці”, вельмі важныя не толькі ў тым сэнсе, што яны дапамагаюць раскрыцца талентам нашай моладзі сёння, але яшчэ і таму, што яны накіраваны ў будучыню: у далейшым творчы патэнцыял сённяшніх студэнтаў будзе працаваць на папулярызацыю нашай краіны”.

…Запыняюся каля неардынарных мазаік і не магу адарваць вачэй. Усе яны створаны студэнткамі БНТУ, будучымі архітэктарамі-дызайнерамі, і адна з іх, Ульяна Дубініна, паведамляе, што натхніла іх працаваць у тэхніцы мазаікі са смальты педагог Дар’я Аляксандраўна Іваноўская. Разам з ёй дзяўчаты спецыяльна ездзілі ў Свята-Елізавецінскі манастыр і вывучалі там фрэскі, створаныя на ўзор старажытных візантыйскіх. Манастырскія май-стры наглядна дэманстравалі студэнткам працэс вырабу такіх фрэсак. А потым дзяўчаты ўжо самі пад кіраўніцтвам Дар’і Аляксандраўны стваралі нешта падобнае са… звычайнай беларускай пліткі. Фактычна, яны паспрабавалі ўзнавіць тое, што было створана чалавекам тысячу гадоў назад!

…Знаёмлюся са студэнткамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Інай Андрыяловіч і Настассяй Кучынскай, якія займаюцца ва ўніверсітэцкай фотастудыі “36 кадраў” у Наталлі Віктараўны Зубрыцкай. Іна Андрыяловіч паказвае мне сваю работу — мастацкае фота “Раніцай”, на якім мы бачым возера, за возерам — “край зубчаты бору”, побач — гарадскі дом, які адлюстроўваецца ў вадзе, і двух лебедзяў, якія плывуць, здаецца, дадому… Як высвятляецца, фотаздымак зроблены ў яе родным Астраўцы. “Ідэя сфатаграфаваць прыйшла да мяне раптоўна, — расказвае Іна. — Раніцай я прагульвалася ўздоўж берага з сабакам. Зірнула навокал — і ледзьве не абамлела ад прыгажосці. Тут жа дастала смартфон і зняла. А калі аб’явілі пра тое, што будзе выстава “Грані творчасці”, адразу ж успомніла пра тое фота. Мне так захацелася паказаць, наколькі прыгожымі могуць быць маленькія гарадкі!” Дарэчы, пасля заканчэння ўніверсітэта Іна Андрыяловіч вернецца на радзіму і будзе працаваць на Астравецкай АЭС. У сваю чаргу Настасся Кучынская, родам з Дзятлава, прадставіла на выставе фота, таксама зробленае на сваёй малой радзіме. Гаворыць, што ў БДУІР атрымае прафесію праграміста-бізнесаналітыка і будзе працаваць па сваёй прафесіі, але ў вольны час ніколі не будзе забываць пра фотаапарат, бо “ў нашай краіне заўсёды можна знайсці прыгожыя мясціны”.

…Таісія Глушаніна, студэнтка Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, будучы інжынер лясной гаспадаркі, дэманструе свае работы — мастацкія фота, зробленыя ў вёсцы Юзэфава Барысаўскага раёна. Гаворыць, што лепшага задавальнення за тое, каб фатаграфаваць родныя мясціны (яна сама з Юзэфава), для яе не існуе. “Здаецца, там кожная травінка незвычайная…”

…Нарэшце, знаёмлюся з трэцякурснікам Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі Мікітам Ганчаром, які займаецца ў гуртку “Інфармацыйныя мультымедыя” ў Алены Яфімаўны Багдашыч. Мікіта расказвае, што фотасправай захапіўся недзе чатыры гады назад, яшчэ калі вучыўся ў школе. Тады гэта быў маленькі фотаапарацік, а сёння з прафесійнай камерай ён спецыяльна падарожнічае па беларускіх гарадах, мястэчках і вёсках, каб рабіць прыгожыя фотаздымкі. І яны сапраўды вельмі прыгожыя! Нават чароўныя! Асабліва “Букет для русалачкі” — Мікіта фатаграфаваў сваю сяброўку на фоне захаду сонца, яна трымала ў руках букет палявых кветак, і раптам ён зразумеў, што букет не менш прыгожы, чым яго сяброўка. У выніку на фота мы бачым… толькі адзін букет на фоне захаду сонца.

Па традыцыі, якая ўсталявалася за гады супрацоўніцтва з ініцыятарам і куратарам праекта “Грані творчасці” загадчыкам аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі НЦМТДіМ Аленай Сяргееўнай Лаўрыновіч, прашу яе сказаць некалькі слоў на заканчэнне. “Грані творчасці” — гэта грандыёзны палілог: адно з адным тут гавораць вялікія пісьменнікі і аўтары работ, маладыя мастакі і гледачы, тэхнікі і намінацыі, у якіх працуюць студэнты, творы ў экспазіцыі, нарэшце, нават самі экспазіцыі, калі яны пасля сталіцы пачынаюць вандраваць па ўніверсітэтах краіны — у кожным універсітэце экспазіцыі фарміруюцца па-рознаму, выбудоўваюцца свае ўнікальныя сюжэты… А ў выніку гэтага падарожжа “Граней творчасці” атрымліваецца вялікая творчая аповесць, нават раман, які ствараюць сваімі работамі нашы студэнты. Гэты год для рэспубліканскай выставы, я упэўнена, вельмі важны — выстава прыцягнула да сябе ўвагу студэнцкай моладзі і сфарміравала творчае кола кіраўнікоў студый і мастацкіх гуртоў, стала перасоўнай і ўжо чаканай ва УВА краіны. І, самае галоўнае, выкрышталізаваўся яе мегасэнс — кожны аўтар, глядач, арганізатар, кожны ўдзельнік разумее і адчувае словамі Уладзіміра Караткевіча: “Я хачу правесці вас па зямлі, якая для мяне даражэйшая за ўсё”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.