Жаданне дайсці да сутнасці

- 9:04Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

Загадчык кафедры тэлебачання і радыёвяшчання факультэта журналістыкі БДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Алеся Юр’еўна Кузьмінава на момант свайго назначэння на пасаду, тры гады назад, была самым маладым загадчыкам кафедры ва ўсім БДУ. У 2018—2022 гадах яна ўзначальвала савет маладых вучоных універсітэта. 

Свае першыя крокі ў прафесіі журналіста, яшчэ студэнткай, Алеся Кузьмінава зрабіла на Першым музычным тэлеканале, потым удзельнічала ў праектах АНТ “Адзін супраць усіх”, “Давай пажэнімся” (беларуская версія). Супрацоўнічала з аддзелам культуры АТН Белтэлерадыёкампаніі, з радыёстанцыямі “Сталіца” і “Мінская хваля”, працавала карэспандэнтам і вядучай міжнароднага радыё “Беларусь”. Пры гэтым на 2 курсе студэнтка сур’ёзна захапілася навуковай дзейнасцю.

— Гэта здарылася ў многім дзякуючы майму ў той час педагогу па стылістыцы, а цяпер дэкану факультэта, кандыдату філалагічных навук, дацэнту Вользе Міхайлаўне Самусевіч, якая прапанавала паў­дзельнічаць у навукова-практычнай канферэнцыі і стала маім навуковым кіраўніком, — расказвае Алеся Юр’еўна. — Мае першыя навуковыя публікацыі тычыліся літаратуры, а ў наступных даследаваліся аспекты тэлешоу, пра стварэнне якіх я добра ведала як непасрэдны ўдзельнік.

Узяўшыся вывучаць забаўляльны тэлевізійны кантэнт, малады даследчык стала адным з першапраходцаў у гэтай тэме. Дарэчы, многія матэрыялы яе курсавых і тэзісаў ляглі ў аснову дыпломнай работы, дзе не толькі практычная частка, але і тэорыя распрацоўваліся ўласнаручна.  

Савет маладых вучоных БДУ, у які ўваходзяць тры дзясяткі педагогаў, даследчыкаў, аспірантаў, займаецца падтрымкай маладых вучоных у іх навуковых пошуках, становіцца пляцоўкай, на якой рэалізуюцца зносіны паміж факультэтамі, што дае магчымасць знайсці калег для сумесных міждысцыплінарных даследаванняў.

Паспяхова скончыўшы магістратуру, Алеся Кузьмінава вырашыла не спыняць шлях у навуцы і паступіла ў аспірантуру, працягнуўшы пры гэтым праца­ваць на журфаку. Сумяшчаючы навуковую і выкладчыцкую дзей­насць на працягу васьмі гадоў, Алеся Юр’еўна вяла шмат цікавых курсаў. Сярод іх — “Інфармацыйна-забаўляльнае тэлебачанне”, “Інтэрактыўныя аўдыявізуальныя СМІ”, “Тэорыя і практыка стварэння тэлешоу”, “Псіхалогія і аўдыявізуальныя СМІ”, “Музычная аўдыявізуальная журналістыка” і інш.

Сёння, расказваючы студэнтам пра псіхалогію аўдыявізуальных СМІ ў курсе “Асновы тэлевізійнага сторытэлінгу”, педагог робіць акцэнт на медыяўздзеянні прадукту на аўдыторыю. Студэнты даведваюцца, як фарміруецца тое ці іншае грамадскае меркаванне пад уплывам пэўных стратэгій аўдыявізуальнага ўздзеяння, якія дзейнічаюць на эмоцыі, логіку і розум.

— Мы разбіраемся, як працу­юць алгарытмы сацсетак, якія, кіруючы інфармацыяй, стымулю­юць эмоцыі, адбіраюць пасты, мяня­юць вынікі пошуку ў залежнасці ад апошніх экранных дзеянняў карыстальніка, — тлумачыць загадчык кафедры. — Таксама вывучаем паводзінскі таргетынг (збор даных аб дзеяннях карыстальнікаў у сетцы фарміравання “партрэтаў” мэтавай аўдыторыі і яе асобных прадстаўнікоў), тое, як чалавек сам сябе заганяе ў інфармацыйны пузыр. Сёння тэма медыяўздзеяння на аўдыторыю асабліва актуальная, бо гэта механізм вядзення інфармацыйных войнаў. Звычайны чалавек часта не адчувае, да чаго яго мэтанакіравана вядуць. 

Педагог вучыць маладых лю­дзей ставіцца да інфармацыі прафесійна і свядома. Задаваць сабе пытанне, ці не падобна гэта на маніпуляцыю, правяраць дакладнасць крыніцы інфармацыі.

— Мне здаецца, што журналіст — гэта дыягназ на ўсё жыццё, — гаворыць Алеся Кузьмінава. — Я з радасцю ўзначаліла б Саюз маладых журналістаў, калі б такі існаваў. Прафесійны журналісцкі інтарэс да жыцця і таго, што адбываецца, цікаўнасць, неабыякавасць, жаданне дайсці да сутнасці застаюцца з табой назаўсёды. Дарэчы, уменне і жаданне капаць углыб вельмі патрэбны і ў навуковай дзейнасці. 

Марына КУНЯЎСКАЯ.