Жаданне дапамагаць ёсць заўсёды

Менавіта так лічаць студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзякуючы якім свет пабачаць пяць новых валанцёрскіх праектаў.

Цэнтр валанцёрскай дзейнасці БДУ быў створаны ў жніўні мінулага года. Трэба адзначыць, што за непрацяглы час існавання цэнтра заслугі яго валанцёраў былі неаднаразова адзначаны ўзнагародамі. Сярод іх — дыплом Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій Міністэрства аховы здароўя Беларусі ў намінацыі “Я — валанцёр і гэтым ганаруся”, званне “Валанцёр года” студэнткі 4 курса Інстытута бізнесу БДУ Вольгі Краўчанка і інш.

— Для мяне не існуе тэрміна “лепшы валанцёр”, — расказвае Вольга Краўчанка. — Калі чалавек дапамагае, ён не гоніцца за ўзнагародамі, а робіць сваю работу ад сэрца, памятаючы пра людзей. Быць валанцёрам для мяне — гэта ў першую чаргу быць сябрам.

Па словах начальніка аддзела маладзёжных праграм і праектаў упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю БДУ Наталлі Ярашэвіч, звычайна, калі студэнты хочуць дапамагчы, яны пішуць знаёмым валанцёрам або на старонку Цэнтра валанцёрскай дзейнасці (https://vk.com/volunteerbsu). Нехта з маладых людзей удзельнічае ў мерапрыем-ствах аднойчы, а хтосьці супрацоўнічае шмат разоў і застаецца валанцёрам назаўсёды.

— Часта віншуем студэнтаў з узнагародамі, але яны кажуць, што займаюцца валанцёрствам не дзеля прызнання сваіх заслуг, а таму, што проста могуць. Гэта якраз га-ворыць пра тое, што такія ўзнагароды заслужаныя, — адзначае Наталля Анатольеўна.

Для актывістаў, якія заўсёды хацелі дапамагаць, але не ведалі, з чаго пачаць, і была арганізавана школа валанцёраў БДУ — пяцітыднёвы курс навучання спартыўнай, культурнай, адукацыйнай і сацыяльнай накіраванасці. Арганізатары падзялілі яго на тры асноўныя блокі: тэарэтычны, практычны і працу ў групах.

— Упраўленне выхаваўчай работы з моладдзю толькі курыруе праект, кіруюць жа ім самі студэнты, — адзначае Наталля Ярашэвіч. — І гэта наша выпрацаваная сістэма. Дзякуючы ёй, студэнты кантактуюць паміж сабой, што дапамагае адкрываць сярод валанцёраў новыя таленты.

Тэарэтычная частка для студэнтаў прадугледжвала правядзенне лекцый па сацыяльнай, экалагічнай, донарскай тэматыцы і пытаннях дапамогі жывёлам, трэнінгі па прамоўніцкім майстэрстве ад вядучых тэлеканалаў “АНТ” і “БелМузТБ” (Яўгена Булкі, Андрэя Бонда) і майстар-класы ад студэнтаў і выпускнікоў БДУ. Так, перад валанцёрамі выступілі Аліна Пазнякова, Алена Чыкілёва, Дзмітрый Штукацер, Варвара Чарнавец і Кацярына Руткоўская, Ганна Ковель. Ролю лектараў выконвалі прадстаўнікі арганізацый UNIHELP, “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, валанцёрскага руху “Адрас дружбы”.

— Дзякуючы цікавым лектарам з розных сфер дзейнасці, мы вучыліся тым якасцям, якія аднагалосна прызнаюцца грамадствам вельмі патрэбнымі, але чамусьці не так актыўна развіваюцца ў асобе з дзяцінства, — падзялілася ўражаннямі адна з удзельніц школы валанцёраў Марыя Комлік. — Асабісты вопыт запрошаных гасцей у стварэнні ўласнага бізнесу, публічныя выступленні, прыёмы крэатыўнага мыслення і проста вера ў тое, што ўсё магчыма, дапамаглі нам у рэалізацыі асабістых праектаў.

У межах другога блока маладыя людзі наведалі Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў, прытулак для жывёл “Домік выратаваных душ”, прынялі ўдзел у тэматычным мерапрыемстве, прымеркаваным да Дня Перамогі, акцыі “Аднаўленне святынь Беларусі” і песенных конкурсах, былі валанцёрамі на велакарнавале VivaRovar, завіталі ў шэраг школ.

Праца ў групах (30 удзельнікаў школы валанцёраў дзяліліся на калектывы па 6 чалавек) прывяла маладых людзей да прасоўвання пяці студэнцкіх валанцёрскіх ініцыятыў, якія будуць ажыццяўляцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Студэнцкія ініцыятывы “Ціхі тэатр”, “Правілы тваёй кухні”, “Востраў”, Inside us (“Унутры нас”) і VolunteerFestBSU (“Фэст валанцёраў БДУ”) з пачатку новага навучальнага года стануць пляцоўкамі адкрытасці, чуласці, шчырасці і неабыякавасці.

Зараз у БДУ дзейнічаюць 9 валанцёрскіх арганізацый: “Мая школа”, “Абдымкі БРСМ БДУ”, “Валанцёрскі напрамак студыі “MIM_BSU”, “Школа валанцёраў” (кафедра экалогіі чалавека факультэта сацыякультурных камунікацый), “Сацыяльная работа з непаўналетнімі групы рызыкі” (Інстытут бізнесу БДУ), “С.Н.В.” (філалагічны факультэт), “Маладзёжны блок Беларускага фонду міру” пры БДУ, “БлагоДарю” (хімічны факультэт) і валанцёрскі атрад Інстытута тэалогіі імя св. Мяфодзія і Кірыла БДУ.

Праект “Ціхі тэатр” накіраваны на вырашэнне пытанняў, звязаных з пераадольваннем моўнага бар’ера паміж студэнтамі БДУ і глуханямымі людзьмі. Асноўная мэта валанцёраў-артыстаў у гэтым выпадку — стварыць навагодні спектакль, для якога маладыя людзі сумесна са спецыялістамі вывучаць мову жэстаў.

Стартуе ў верасні і праект “Правілы тваёй кухні”. У яго межах студэнты будуць вучыць выхаванцаў дзіцячых дамоў кулінарным навыкам, бяспечнаму карыстанню электрапрыборамі, што дазволіць дзецям асвоіцца ў дарослым жыцці.

Аўдыторыяй праекта Inside us стануць замежныя студэнты. Ініцыятыва дапаможа маладым людзям з іншых краін больш камфортна адчуваць сябе па-за домам, лепш арыентавацца ў горадзе і ўніверсітэце. Валанцёры арганізуюць для сваіх замежных сяброў забаўляльныя, пазнавальныя і вучэбныя мерапрыемствы, а таксама будуць аказваць ім арганізацыйную і кансультатыўную дапамогу пасля заканчэння праекта.

— Ва ўніверсітэце праводзіцца шмат розных мерапрыемстваў для замежных студэнтаў: паездкі па гарадах Беларусі, сустрэчы-знаёмствы з беларускай культурай і гісторыяй, — расказвае Наталля Ярашэвіч. — Але, як правіла, ініцыятарам выступае адміністрацыя. Гэты праект цудоўны тым, што ён ідзе ад моладзі. Валанцёры бачаць неабходнасць быць чулымі да сваіх сяброў з іншых краін і імкнуцца да гэтага. Ім хочацца, каб узаемадзеянне са студэнтамі-замежнікамі адбывалася не толькі падчас правядзення праекта, але і пасля.

“Востраў” — гэта захапляльны квест, накіраваны на папулярызацыю сямейных каштоўнасцей у сацыяльных установах Мінска. Падчас праекта валанцёры арганізуюць комплекс гульняў, праз якія дзеці даведаюцца пра асновы традыцыйнай сям’і, адносіны ўнутры яе і г.д.

Ініцыятыву VolunteerFestBSU па праве можна назваць самай буйной і маштабнай. Праект накіраваны на знаёмства з валанцёрскай дзейнасцю і яе асноўнымі напрамкамі, а таксама іх развіццё. Ён будзе ўключаць у сябе стварэнне зон актыўнасці ва ўнутраным дворыку Ліцэя БДУ для работы з сацыяльна неабароненымі групамі насельніцтва, для аказання дапамогі жывёлам, аховы навакольнага асяроддзя. Сюды таксама ўвойдуць забаўляльны сектар і прэзентацыйны блок.

— Самае каштоўнае, што можа даць наш фэст чалавеку, які ніколі нават не думаў быць валанцёрам, — разуменне, што маленькай дапамогі не бывае, — пераканана Марыя Комлік. — Людзі, якія пачнуць разумець, што могуць здзяйсняць самыя сапраўдныя цуды, маючы толькі жаданне і дабрыню ў сэрцы, стануць галоўным яго дасягненнем.

Ірына ІВАШКА.
Фота з архіва Цэнтра валанцёрскай дзейнасці БДУ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *