Калі мы гаворым “прафесіянал”, то звычайна маем на ўвазе чалавека, які дасягнуў значных вышынь у сваёй сферы. Мая ж сённяшняя гераіня — Аксана Кірылюк — у гэтым сэнсе адрозніваецца. Яна шукала сваю справу шмат гадоў, асвойваючы на гэтым шляху шмат іншых, і ў кожнай імкнулася быць прафесіяналам. Гісторык, філосаф, ландшафтны дызайнер, арганізатар школы бальных танцаў, штурман, зваршчык і ў завяршэнне дыпламаваны эканаміст-міжнароднік — усё гэта злучылася для яе некалькі гадоў назад у адну справу — кавальскую. Яна аказалася той, якой прагла душа шмат гадоў.
Кніжная навука
“Незвычайна, свежа, арыгінальна”, — скажаце вы? Так, многае ў жыцці Аксаны выбіваецца за звыклыя межы. І пачаць трэба, бадай, з яе маленства, з трох гадоў, калі яна ўжо цудоўна чытала. Ды і з прыходам у школу “Буквар” і “Чытанка” былі толькі яе вучнёўскім абавязкам. Для сябе ж яна чытала тое, да чаго многія прыходзяць толькі ў старшых класах, а яшчэ больш — не прыходзяць ніколі. “У тры гады разам з кнігай для мяне адкрыўся дзіўны свет. Я ўдзячна сваім бацькам, што яны ніколі не шкадавалі на кнігі грошай, — гаворыць Аксана. — Колькі сябе памятаю школьніцай, у мяне заўсёды ў кішэні ляжалі 3 рублі на кнігі (у той час інжынер меў заробак 100 рублёў) і я штодзень магла купіць любую кнігу”.
І з задавальненнем купляла. Яе, малечу з вялізным партфелем, добра ведалі ў кніжным магазіне Маладзечна. Асабліва любіла навукова-папулярную літаратуру па прыродазнаўстве. Любую вольную хвілінку даведвалася, як пабудаваны свет, за кошт чаго жывуць расліны, для чаго ім трэба вада і святло, што ў іх унутры адбываецца, як яйка ператвараецца ў птушку, апалонік — у жабу, ікрынка — у рыбу. Але калі ў рукі выпадкова траплялі іншыя кнігі, не магла і іх адкласці, не прачытаўшы. Дзяўчынка чытала без разбору — ад мастацкай і гістарычнай да палітычнай і дакументальнай літаратуры. І цяпер памятае свае ўражанні ад кнігі “Кліенты чорнай касы”, якую прачытала ў 6 гадоў, пра ўрад ЗША ў асобах, міжнародныя фінансавыя адносіны, сацыялістычны рэжым, які зараджаўся ў свеце. У чацвёртым класе яна сур’ёзна захапілася гісторыяй і філасофіяй. Асабліва падрабязна вывучала гісторыю Першай і Другой сусветных войнаў, якія, у адрозненне ад многіх, ніколі не лічыла адназначнымі. (Дарэчы, разам са сваім аднадумцам Паўлам Шанталінскім Аксана плануе ў найбліжэйшы час зняць цыкл іх відэааглядаў з цікавымі фактамі.) Не абышла і тэму зброі, якая спачатку прыцягвала дзяўчынку больш з мастацкага пункту погляду, але завяршылася ўласна фехтаваннем.
“Ты пачынаеш вывучаць пэўную тэму, потым, паглыбляючыся, — сумежную, далучаецца трэцяе, чацвёртае… І нічога не кінеш, бо ўсё цікава. Так і фехтаванне: яно стала лагічным працягам вывучанага, такой практыкай пасля тэорыі, — тлумачыць сваё недзіцячае на той момант захапленне Аксана. — Гэта як ведаць шмат пра авіяцыю, любіць самалёты і не лятаць ці, седзячы ў кабінеце, разважаць пра археалагічныя раскопкі”.
Тады ж, у 4 класе, дзяўчынка зацікавілася гісторыяй мараплавання. У бібліятэцы ад рукі перапісвала кнігі па караблебудаванні, бо іх выдавалі толькі на чытальную залу, і марыла, што некалі стане штурманам. Асабліва яе прыцягвала гісторыя мараплаванняў Скандынавіі, марскія заваяванні Англіі, гісторыя айчынных мараплаўцаў, іх навуковыя даследаванні. Акрамя таго, Аксана цікавілася вывучэннем культуры розных краін, замежных моў. У школе вучыла французскую, але, каб чытаць творы нямецкіх філосафаў у арыгінале, самастойна вывучала нямецкую мову. Неяк зацікавілася назіральнай астраноміяй, але хутка гэта перарасло ў захапленне астрафізікай (не здраджвае яна ёй ужо 20 гадоў). Але такая брутальнасць была не ва ўсім. Як усе дзяўчаты, Аксана малявала, шыла, вышывала, захаплялася сервіроўкай, іграла на фартэпіяна.
З марай дыхаць напоўніцу
Такія шырокія інтарэсы сталі перашкодай у старшых класах, калі трэба было з усяго спектра выдзеліць нешта адно. Яна рабіла выбар паміж Калінінградскім мараходным вучылішчам, лінгвістычным універсітэтам (каб, перакладаючы навуковыя “марскія” працы, быць у курсе апошніх даследаванняў з дакладных крыніц) і акадэміяй мастацтваў (жывапісам яна займалася з маленства, а ў старшых класах на ўсялякі выпадак мэтанакіравана рыхтавалася да паступлення пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў). Але на сямейнай нарадзе бацькі пераканалі яе, што морам наталяцца можна падчас адпачынкаў, мастацтвам і перакладамі можна займацца ў вольны ад работы час, а прафесія павінна быць запатрабаванай — бацькі марылі бачыць дачку эканамістам.
Яна пашкадавала пра гэта, калі скончыла факультэт міжнародных эканамічных адносін Акадэміі кіравання і зразумела, што не атрымала таго, што шукала. “Гэта было не маё. Занадта лёгкая вучоба, нудная і да таго ж штучная работа. І галоўнае, я не бачыла, для чаго працую. Дзеля грошай? Але нашто яны, калі не прыносяць задавальнення? Два з паловай гады я пражыла дарма, пакуль не зразумела, што ў мяне была карысная, але зусім не патрэбная мне рэч — мая спецыяльнасць, — разважае Аксана. — Жыццё — гэта не толькі дом і работа. Гэта яшчэ і дачыненне да таго, што падабаецца, пра што марыш. Мне хацелася шляху чалавека, поўнага свабоды. І я пачала яго шукаць”.
Спачатку шукала яго ў танцы, але не знайшла. Арганізавала школу бальных танцаў, выкладала сама і запрашала лепшых выкладчыкаў Саюза. Праз 8 гадоў падарыла сваю школу гарадскому Палацу культуры. Былі спробы спалучыць захапленне прыродай і мастацкі талент у ландшафтным дызайне, але і тут былі свае межы — фінансавыя здольнасці заказчыка не давалі дыхаць ёй напоўніцу. Пакуль шукала магчымасці для глыбокага прафесійнага дыхання, вырашыла ажыццявіць дзіцячыя мары: атрымала марскія правы (цяпер можа кіраваць турыстычным маторным суднам), працягвае вывучаць замежныя мовы — англійскую і нарвежскую. Каб задавальняць сваю глыбокую патрэбу датыкацца да стыхій — да ветру, вады, шмат падарожнічала, здзяйсняла велапрабегі па Скандынавіі і іншых краінах, акрамя аўтамабіляў, матацыклаў, грузавікоў, аўтобусаў, вучылася кіраваць самалётамі.
Але галоўнае, што яна зрабіла, — запісалася ў школу верхавой язды. Коней Аксана любіла з маленства, але не магла знайсці для іх дастаткова часу. Вершнікам яна пабыла каля двух гадоў, пакуль не паглядзела на яго з іншага боку — конскага.
“Гэта збоку падаецца конная язда відовішчнай, і ніхто не задумваецца пра адваротны бок, — разважае Аксана. — У рот каню ўстаўляецца бруднае ржавае жалеза, надзяваюцца ўдубелыя сёдлы, папругі пераціскаюць каня так, што ён не можа паўнацэнна дыхаць, галава зацягваецца вузламі аброці, каб конь не выштурхнуў жалеза, а падчас трэніровак каня б’юць. Коні не хочуць сядлацца, уцякаюць і, каб не выязджаць, нават імітуюць кульгавасць”.
Калі школа расфарміроўвалася, Аксана была вельмі рада, пакуль не даведалася, што коней аддаюць… на мяса. Усё гэта стала рашучым крокам да яе ўласнай канюшні. Галубіка, якую за тры месяцы да нараджэння жарабяці адпраўлялі на мясакамбінат, стала яе першай жыхаркай. Цяпер у яе конскай кампаніі яшчэ Геральдыка, Говард і Гетэборг. Ужо 14 гадоў Аксана робіць усё, каб яны адчувалі сябе добра. Марыць перабрацца за горад і стварыць прытулак для коней, дзе б знайшлі дапамогу і рэабілітацыю ўсе коні, якія пацярпелі ад чалавека.
Эўрыка!
Пакуль не было сваёй канюшні, Аксана іх арандавала. За 14 гадоў пераязджала 12 разоў. І менавіта з пераездаў усё і пачалося. Кожны раз прыходзілася рабіць рамонт, варыць стойлы, замкі, засаўкі. Знайсці спецыялістаў было складана, таму Аксана пайшла на курсы зваршчыкаў. І калі была на практыцы ў чыгуначным дэпо, трапіла ў кузню. Той дзень стаў галоўным у яе жыцці. Было ёй крыху за 30. “Я ўдыхнула яе пах — блізкі, родны, і зразумела: вось яно! Я не магу ім наталіцца і цяпер. Гэтае адчуванне не знікае і толькі ўзмацняецца, — гаворыць Аксана і мяняецца на вачах. — Менавіта тут для мяне спалучылася многае: і магчымасць рэалізавацца як мастаку, і тварыць рукамі, і кантактаваць з агнём і вадой, жалезам, дрэвам, вуглём. Гэтыя рэчы вядомы чалавеку спакон веку, яны ўнутры нас амаль на генным узроўні”.
У кузню Аксана прыходзіла кожны дзень, набіралася вопыту ў майстроў з Мінска і Гродна, адкрыла сваю кузню. І недзе праз год, па яе словах, навучылася адчуваць жалеза, зразумела, што яно можа дыхаць, гаварыць.
“Яго словы — лінія. Менавіта яе выгіб робіць рэчы зразумелымі, — тлумачыць тонкасці справы майстар. — Адзінокі металічны званочак сярод камянёў можа змясціць любы сэнс: яго абрысы могуць выяўляць адзіноту і сум, а могуць гаварыць пра радасць ад таго, што свеціць сонца, і не важна, што вакол толькі камяні.
Я працую з чыстым жалезам, без фарбы. Стараюся працаваць без зваркі, саджу на заклёпкі. Амаль усё раблю молатам, а даводжу выраб малатком.
Што гэта цяжкая праца, згаджуся, а што не жаночая — штамп. Агрэсіўнае асяроддзе і агонь псуе скуру незалежна ад полу. Тое ж і са зрокам: ён садзіцца, калі ўвесь час у паўзмроку глядзіш на агонь. Што тычыцца фізічнай нагрузкі, я стараюся яе размяркоўваць: галоўнае, каб яна прыходзілася не на плечы, а на кісць і локаць. Я, напрыклад, не бяру малаток, цяжэйшы за 2 кілаграмы (зрэдку 9). Лічу, што лепш разагрэць загатоўку”.
Дарэчы, памочнікаў у Аксаны няма, усё яна робіць сама. За 8 гадоў з-пад яе молата выйшла шмат вырабаў: і лесвіцы, і агароджы, і аркі, і прадметы мэблі, люстры, мангалы, каваныя завесы, элементы дэкору. Але ёсць рэчы, якія Аксана не зробіць ні за якія грошы і ні ў якіх сітуацыях. Напрыклад, падковы ці вульгарныя рэчы і выявы. Асабліва любіць ствараць паркавыя скульптуры, марыць, каб яны ўпрыгожвалі родны горад і радавалі маладзечанцаў. Для гэтага ў яе ўжо ёсць праект. Яна хацела стварыць філасофска-казачны парк каваных скульптур — вобразаў, навеяных міфалогіяй і легендамі розных народаў. Такога маштабнага праекта пакуль ні ў каго не было, але хочацца спадзявацца, што будзе ў Маладзечне.
А пакуль Аксана плануе пачаць калекцыйную серыю, якую будзе працягваць усё жыццё. Першая яе частка з 12 прадметаў ужо ёсць на паперы і ўжо ляжыць у кузні. Калекцыя будзе аб’ядноўвацца пэўнай тэматыкай. Першая будзе пранізана духам Сконэ — старажытнай вобласці Швецыі. Гэта будуць як інтэр’ерныя, так і экстэр’ерныя рэчы. Другая серыя, хутчэй за ўсё, будзе прысвечана мору.
Выбар для сябе, а не для іншых
Пагутарыўшы са сваёй гераіняй, я губляю сэнс прафарыентацыі, якую мы праводзім для ўсіх старшакласнікаў. “Ці можна падчас яе знайсці сваю справу, так бы мовіць, завочна?” — пытаюся ў Аксаны.
“Усё залежыць выключна ад складу чалавека, — адказвае яна. — Калі вы плануеце хадзіць на работу, атрымліваць за гэта грошы, траціць іх у магазіне ці падчас адпачынку, то можна. Калі ж чалавеку хочацца глыбей пражыць жыццё, шматгранней, эмацыянальна, то гэтага будзе мала. Устаючы перад прафесійным выбарам, трэба скласці спіс таго, што падабаецца табе, а не іншым. Потым трэба спусціцца на зямлю і з гэтага спіса выкрасліць тое, у чым зможаш рэалізавацца настолькі, каб забяспечыць сябе і сваю сям’ю матэрыяльна. І калі гэты спіс усё роўна ўключае больш за адну пазіцыю, уявіце сябе на ненаселеным востраве і вызначце, чым бы вы займаліся нават там. Менавіта гэтая справа, якой бы вы займаліся нават у адзіноце, і неабходна вам. Жыццё — неверагодная і прыгожая казка, у якой усім нам пашчасціла прыняць удзел. На жаль, многія не могуць гэта ўсвядоміць і жывуць у свеце прыдуманых, агульнапрынятых каштоўнасцей. У пагоні за імі, за штучна навязанымі арыенцірамі, яны рызыкуюць так ніколі і не зразумець, што ж такое жыццё на самай справе”.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.