Жамчужная спадчына Лідскага краю чакае вас!

- 11:41Нам пішуць

Лідскі край — наша малая радзіма! А што мы ведаем пра яе? Якая прырода навокал? Якую спадчыну пакінулі нам продкі? Чым мы павінны ганарыцца і што абавязаны захаваць для будучых пакаленняў? На ўсе гэтыя пытанні вырашылі знайсці адказы навучэнцы 6—7 класаў сярэдняй школы № 11 Ліды, накіраваўшыся ў падарожжа па родным краі.

За дзень юныя краязнаўцы наведалі дзесяць населеных пунктаў, якія вядуць сваю гісторыю не адну сотню гадоў. У маршрут паездкі ўвайшлі вёскі Дакудава, Мінойты, Ганчары, Беліца, Збляны, Голдава, Леснікі, Бабры, Тарнова, Белагруда. Калі правесці лінію на карце, то можна заўважыць, што атрымліваецца пярсцёнак. І на самай справе — “залатое кальцо” Лідскага краю, таму што ў кожным населеным пункце ёсць помнікі гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны.

Першым населеным пунктам маршрута стала вёска Дакудава. Пазнаёміцца з гісторыяй вёскі школьнікам дапамаглі мясцовыя жыхары. Святлана Аляксееўна Агарка, у мінулым настаўнік гісторыі, расказала, на першы погляд, аб непрыкметным аб’екце, які знаходзіцца пры ўездзе ў вёску з трасы Мінск — Гродна. Але сапраўдныя знаўцы гістарычнай спадчыны разумеюць, наколькі значнае для нас, лідчан, гэтае месца, бо ўключана ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і з’яўляецца адным з пунктаў геадэзічнай Дугі Струвэ.

Каля царквы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы школьнікаў сустрэла Ірына Уладзіміраўна Маркевіч, прыхаджанка храма, а ў мінулым таксама настаўніца Дакудаўскай школы. Яна пазнаёміла з гісторыяй праваслаўнага храма і каштоўнымі абразамі, якія аберагаюць вёску і яе жыхароў. Таксама навучэнцы пачулі пра дзейнасць партызанскага атрада “Іскра”, калі наведвалі месца пахавання ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Асаблівы гонар мясцовых жыхароў — рэспубліканскі біялагічны заказнік “Дакудаўскі”. Кожны лідчанін ведае, што ў балотах заказніка растуць журавіны. Адправіцца па іх у школьнікаў часу не было, але палюбавацца прыродай змог кожны, пакуль аўтобус накіроўваўся да другога населенага пункта — вёскі Мінойты.

У 90-я гады ХХ стагоддзя стараннямі святара айца Іаана Мяндзіла ў Мінойтах быў пабудаваны храм, асвечаны ў гонар Святога Прападобнага Елісея Лаўрышаўскага. Пра гісторыю царквы і жыццё святара хлопцы пачулі менавіта ля сцен храма, дзе і пахаваны айцец Іаан. Не змаглі не заехаць школьнікі ў вёску Ганчары. Сёння ў гэтым населеным пункце знаходзіцца самы старажытны праваслаўны храм Лідскага раёна — Свята-Пакроўская царква. Пры ўваходзе ў царкву — мемарыяльная дошка Мікалаю Усціновічу. Святар служыў у храме ў гады Вялікай Айчыннай вайны, неаднойчы дапамагаў партызанам. Але пасля вайны яго арыштавалі за “антысавецкую” дзейнасць. Ля ўваходу на тэрыторыю храма збудаваны паклонны крыж у памяць аб протаіерэі Іаане Мяндзіле, які служыў у гэтым храме больш за 30 гадоў.

Чацвёртым населеным пунктам стаў аграгарадок Беліца. Пра яго гісторыю юныя краязнаўцы пачулі падчас экскурсіі ў гісторыка-этнаграфічным музеі “Спадчына” Беліцкай школы. Таксама школьнікі ўбачылі такія гісторыка-культурныя аб’екты, як праваслаўная царква Узвіжання Святога Крыжа, каталіцкая капліца з пахаваннямі ХIХ стагоддзя, каменны касцёл Святога мучаніка Юрыя, брацкая магіла 20 чырвонаармейцаў і партызан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, памятны знак ля дарогі Ліда — Слонім расстраляным беліцкім яўрэям.

Пятым населеным пунктам маршруту стала вёска Збляны. Галоўны помнік архітэктуры і духоўнасці вёскі — гэта Свята-Пакроўская царква. Падчас наведвання храма навучэнцы паўдзельнічалі ў духоўнай гутарцы з настаяцелем айцом Георгіем.

Голдава, наступны населены пункт, заўсёды быў цэнтрам духоўнасці нашага раёна. Яшчэ ў ХVII стагоддзі тут праводзіліся кірмашы. У той час на сродкі мясцовага памешчыка была пабудавана царква. Сучасная царква была ўзведзена ў 1793-95 гг. на сродкі Фелікса Важынскага і асвечана ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Да 1834 года царква была ўніяцкая. Яшчэ вядома, што на гэтым месцы раней быў мужчынскі манастыр. Сучасны храм пабудаваны з дрэва і з’яўляецца помнікам народнага драўлянага дойлідства, які ахоўваецца дзяржавай, як і ўсе храмы, якія мы наведалі ў гэты дзень. Сёння тут працягваюць весці летапіс пра жыццё прыходу і беражліва захоўваюць абраз Голдаўской Божай Маці. У цэнтры вёскі мы наведалі помнік загінулым аднавяскоўцам у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Вёска Леснікі — сёмы населены пункт маршруту. Многія лідчане ведаюць, што гэтая вёска — сястра беларускай Хатыні. Пачуць гісторыю тых трагічных падзей школьнікі змаглі ад навучэнкі 6 “Б” класа сярэдняй школы № 11 Дар’і Булаус, якая летась працавала над даследаваннем “Вёска Леснікі Лідскага раёна — старэйшая сястра Хатыні…” у рамках рэспубліканскага конкурсу “Дарогамі памяці”.

Далей у нашым маршруце была вёска Бабры. Пазнаёміцца з невялікім населеным пунктам, дзе сёння пражывае 11 чалавек, хацеў кожны краязнаўца нашай паездкі. Чаму? Тлумачэнне вельмі простае. Па-першае, сёння ў вёсцы захавалася і дзейнічае праваслаўная царква, пабудаваная яшчэ ў 1810 годзе. За час свайго існавання сцены царквы ўбачылі шмат пераменаў і вакол сябе, і ўнутры. Як змог захавацца драўляны храм, для ўсіх застаецца загадкай. А вось мясцовыя жыхары распавялі, што на будаўніцтва царквы выбіралася хвоя вельмі патрабавальна: дрэвы прывозілі з другога берага Нёмана, бо лічылі, што там лес мацнейшы. Секлі дрэвы зімой, ды і то тыя, з якіх не збіралі смалы. І, вядома, захаваць будынак храма да нашых дзён дапамагала вера. Па-другое, побач расце двухсотгадовы дуб-волат, аднагодак храма. Убачыць такога волата ў нашых краях — вялікая рэдкасць. Па-трэцяе, на царкоўнай тэрыторыі ўжо шмат гадоў захоўваецца камень-следавік. Як сцвярджае мясцовая легенда, след належыць Божай Маці.

Далей дарога прывяла нас у вёску Тарнова, візітоўка якой — дом-сядзіба графа Маўраса, пабудаваная ў 80-я гады ХІХ стагоддзя. Сёння гэта жылы дом. З гісторыяй вёскі нас пазнаёміў у гісторыка-краязнаўчым музеі “Спадчына” Тарноўскай школы настаўнік гісторыі Аляксандр Іосіфавіч Раўко. У вёсцы ўстаноўлены два помнікі аднавяскоўцам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Пры пад’ездзе да р. Дзітва нашу ўвагу прыцягнуў яшчэ адзін помнік, усталяваны, як аказалася, на месцы гібелі чалавека, чыё імя носіць яшчэ адна з вуліц нашага горада — камандзіра 86 кавалерыйскага палка А.Ф.Труханава.

Дзясятым населеным пунктам падарожжа па нашай малой радзіме стала вёска Белагруда. Што здзівіла на гэты раз, дык гэта знак “Селішча перыяду сярэдневечча”. Амаль усе вандроўнікі ў такім месцы апынуліся ўпершыню. Але вядомы гэты населены пункт сваім архітэктурным помнікам — касцёлам Святога Міхаіла, пабудаваным у 1908 годзе на месцы драўлянага храма 1609 года ў рамана-гатычным стылі. Не заўважыць яго вежы на ўзвышшы ля ракі Дзітва проста немагчыма. Тут беражліва захоўваецца абраз Белагрудскай Божай Маці, якая змешчана ў алтары храма. Абраз мае 300-гадовую гісторыю. Існуе легенда, быццам абраз прыплыў на гэтае месца па рацэ, а праз некаторы час людзі пабудавалі на беразе драўляны касцёл.

Падчас экскурсіі юныя краязнаўцы сярэдняй школы № 11 г. Ліды змаглі ўбачыць і наведаць шэраг гісторыка-культурных помнікаў і прыродных аб’ектаў. Вучні паспрабавалі адказаць на пытанне, з чаго ж пачынаецца любоў да Радзімы? Вядома, з любові да сваёй малой радзімы! Любіце, шануйце, захоўвайце тое, што дасталася вам у спадчыну! А навучэнцы нашай школы запрашаюць і вас прайсціся па іх маршруце! Жамчужная спадчына Лідскага краю чакае вас!

Наталля АНАШКЕВІЧ,
настаўніца сярэдняй школы № 11 г. Ліды.