“Жамчужына” Мінскага раёна

- 12:45Адукацыйная прастора

У 2020 годзе ў дашкольных установах Мінскага раёна за кошт адкрыцця ўстаноў-новабудоўляў будуць створаны 1760 месцаў для дзяцей. У строй уводзяцца 8 дашкольных устаноў, з якіх 6 уключаны ў інвестыцыйную праграму Мінскай вобласці на бягучы год. Пра гэта расказала начальнік упраўлення па адукацыі Мінскага райвыканкама Людміла Канстанцінаўна Лукша.

У аграгарадку Кало­дзішчы адкрыюцца дзве ўстановы, па адной установе з’явіцца ў Хацежыне, Міханавічах, Мачулішчах, Ратамцы і Копішчы — кожная разлічана на 230 месцаў. Адчыніць дзверы новы дзіцячы сад на 150 месцаў у Сеніцы.

Ратамскі дзіцячы сад № 2 Мінскага раёна з сімвалічнай назвай “Жамчужына” адкрыўся да Дня абароны дзяцей. На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын, памочнік прэзідэнта — інспектар па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў і прадстаўнік заказчыка аб’екта — старшыня назіральнага савета групы кампаній “А-100” Аляксандр Цэнцер. Гэтая кампанія ўзвяла ў Ратамцы жылы квартал “Пірс”. Будаўніцтва маналітна-каркаснага будынка дзіцячага сада было пачата ў 2019 годзе. У праекце ўлічаны пажаданні педагогаў. Сума фактычных выдаткаў склала амаль 7,5 млн рублёў. Гэта яркі прыклад дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

Загадчыца дзіцячага сада Таццяна Сяргееўна Трыгубовіч правяла невялікую экскурсію па новабудоўлі, у дызайне якой, як і ўсяго жылога комплексу “Пірс”, прасочваецца марская тэматыка. Нават вуліца, на якой размешчаны дзіцячы сад, носіць назву Марскі Рыф. Будынак установы выкананы ў прыбалтыйскім стылі, мае добрую матэрыяльна-тэхнічную базу. Увагу прыцягваюць гульнявыя пляцоўкі з сучасным абсталяваннем, альтанкамі, закрытымі драўлянымі ценявымі навесамі, дзе прадугледжана бяспечнае прагумаванае пакрыццё. На тэрыторыі сада створаны міні-агароды, пляцоўкі для малявання крэйдай, вывучэння правіл дарожнага руху. Прадугледжаны тры ўваходы ў дашкольную ўстанову, стаянка для аўтатранспарту. 

На першым паверсе побач з выхадам размешчана фотазона ў выглядзе маляўнічай выя­вы падводнага свету з жамчужынай у цэнтры, дзе кожны можа зрабіць фота на памяць. Тут жа арганізаваны пункт аховы. Сістэма відэаназірання дазваляе ажыццяўляць кантроль тэрыторыі, прылеглай да будынка: усталяваны відэадамафоны і 12 відэакамер па перыметры дашкольнай установы. У афармленні інтэр’ера памяшканняў выкарыстоўваецца сіні, светла-блакітны, бірузовы, сонечна-жоўты і іншыя яркія колеры. Выхаванцы дзіцячага сада штодня будуць знаходзіцца ў асяроддзі падводных герояў, марской флоры і фаўны, змогуць уявіць, як яны адпачываюць на пляжы, пла­ваюць у моры і г.д. Калектыў сада, дзеці і бацькі ацэняць прасторную актавую і музычную залу, вялікую фізкультурную залу з міні-скаладромам, харчаблок, аснашчаны сучасным тэхналагічным абсталяваннем, медыцынскі блок, дзе размешчаны ізалятар для дзяцей з асобным выхадам на вуліцу. У выпадку хваробы дзіцяці, калі бацькі будуць забіраць яго з садка, кантакты з ім іншых дзяцей будуць мінімізаваны.

Для кожнага педагога ў групах створаны рэсурсныя цэнтры. Па сутнасці, гэта абсталяваныя працоўныя месцы, дзе можна захоўваць наглядныя і метадычныя дапаможнікі, спакойна рыхтавацца да заняткаў, се­дзячы за камп’ютарам, з яго ёсць выхад у інтэрнэт. У карыстанні педагогаў таксама метадычны кабінет, кабінеты настаўніка-дэфектолага і педагога-псіхолага. Для выхаванцаў працуе рэсурсны цэнтр полікультурнай адукацыі, дзе сабраны багаты матэрыял аб Беларусі і краінах-суседзях. Тут у інтэрактыўнай гульнявой форме можна вывучаць традыцыі і гісторыю нашай краіны, сімволіку, народныя промыслы, славутасці, нацыянальную кухню, наладжваць эканамічнае супрацоўніцтва з іншымі краінамі.

Ва ўстанове створана безбар’ернае асяроддзе: у памяшканнях адсутнічаюць парогі, прадугледжаны шырокія праходы, працуе ліфт. Рэжым работы дзіцячага сада 12-гадзінны. Тут пачнуць функцыянаваць 12 груп, у тым ліку дзве групы для дзяцей з 2—3 гадоў, з выхаванцамі будуць працаваць 34 педагогі. У найбліжэйшы час для малышоў адкрыюцца групы кароткачасовага знаходжання. Установу змогуць наведваць дашкольнікі аграгарадка Ратамка і іншых населеных пунктаў Мінскага раёна.

Надзея ЦЕРАХАВА.