Жамчужына Палесся

Мазыр традыцыйна называюць сталіцай Усходняга Палесся, буйным прамысловым цэнтрам, горадам з багатай гісторыяй. Усё гэта праўда. Аднак гучыць гэтая праўда неяк звычайна, сумнавата. Паспрабуем унесці некалькі яркіх, турыстычна прываблівых нотак. Атрымаецца прыкладна так: Мазыр — гэта гасцініца “Прыпяць” на беразе Прыпяці, шматпавярховыя дамы на ўзгорках вышынёй са шматпавярховы дом, гарналыжны комплекс сярод палескай нізіны, гэта, нарэшце, матухна-Прыпяць, якая сёлета выконвае не характэрную для сябе ролю непаўнаводнай, несуднаходнай, непаўнарыбнай ракі. Сталічны, разнастайны, палескі — гэта ўсё ён, Мазыр, жамчужына Палесся.

Непаўнаводная, непаўнарыбная

Камандзіровачная актыўнасць сталічных журналістаў у палескі рэгіён звычайна прыходзіцца на вясну, калі паводка ператварае гэты край у вялізнае па-сапраўднаму герадотава мора. Пад вадой аказваецца значная частка многіх раёнаў Брэсцкай і Гомельскай вобласці, у тым ліку Мазырскага. Вада заходзіць не толькі ў прыбярэжныя сядзібы Мазыра, але і на плошчу Леніна, вуліцу Савецкую — а гэта гістарычны, культурны, дзелавы і гандлёвы цэнтр горада. Сёлета нагодай для камандзіроўкі стала зусім не паводка, а наадварот, засуха. Ды яшчэ якая! Нават старажылы не памятаюць, каб Палеская Амазонка настолькі абмялела, а ўзровень яе вады дасягнуў усіх магчымых гістарычных мінімумаў. Там, дзе звычайна плешчуцца хвалі, дзе рыбакі выцягваюць трафейных ляшчоў і язёў — патрэсканая зямля і пажаўцелыя ад спёкі водарасці. Як уплывае засуха на стан навакольнага асяроддзя, разнастайнасць расліннага і жывёльнага свету поймы ракі? Колькі спатрэбіцца часу для аднаўлення парушанай гармоніі, адвечнага ладу жыцця прыроды? Адказ на гэтыя актуальныя пытанні атрымаем крыху пазней ад педагогаў эколага-біялагічнага аддзела Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Пакуль што азнаёмімся з мінулым і адметнасцямі Мазыра і адправімся ў Мазырскі раённы цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. — Калі ў 1985 годзе пасля заканчэння геаграфічнага факультэта БДУ я прыехаў у Мазыр па размеркаванні, то мяне здзівіла не столькі шырыня Прыпяці, колькі вышыня ўзгоркаў. Асабліва цікава было назіраць за тым, як па іх ездзяць аўтамабілі і аўтобусы. Гэтыя ўзгоркі, або Мазырская града, утварыліся прыкладна 200—300 тысяч гадоў назад у выніку перадапошняга абледзянення, калі са Скандынаўскага паўвострава рухаўся ледавік вышынёй да 400 метраў. Калі наступіла пацяпленне, ледавік спыніўся, пачаў раставаць і ўзвышшы пачалі разразацца талымі водамі. Так і ўтварыліся знакамітыя мазырскія яры. Самыя высокія ўзвышаюцца над узроўнем мора на 230 метраў, а над ракой — на 90 метраў, а гэта вышыня 30-павярховага дома. Града цягнецца прыкладна на 27 кіламетраў у бок Юравіч, што ў суседнім Калінкавіцкім раёне. У тыя дагістарычныя часы ледавік стварыў прыродную плаціну, якая перагарожвала натуральнае вадасховішча глыбінёй да 40 метраў. Потым дамба не вытрымала націску вады, і па роўнай, нібыта люстэрка, нізіне пацякла знакамітая рака, — расказвае дырэктар цэнтра Анатоль Васільевіч Пунтус.

Дзе “масур” шуміць над рачной вадой

Для мазыран Прыпяць не проста рака. Гэта неад’емная частка іх жыцця, з ёй звязаны найбольш яркія ўспаміны дзяцінства, юнацтва, маладосці. Купанне, прагулкі з каханым па вячэрняй набярэжнай і, канечне, рыбалка. Тут амаль кожны рыбак. Пасля работы прыйшоў дадому, павячэраў, пераапрануўся — і на вячэрнюю рыбалку. Тое ж і раніцай. Прачнуўся, паснедаў, апрануўся, узяў вуды — і на ранішнюю рыбалку. Гадзінка-другая рыбалкі, потым на аўтобус — і на работу. Не важна, кім ты працуеш: настаўнікам, урачом, банкаўскім служачым. Калі ёсць жаданне, то кожны дзень у цябе на стале будзе свежая рыба. Ды яшчэ якая! У дакументах, скажам, XVI стагоддзя нярэдка сустракаюцца запісы кшталту: “Куды ні кінь кап’ё, то паўсюль трапіш у рыбіну”.У гэтым годзе сітуацыя змянілася. Рака абмялела, трафейныя экзэмпляры сышлі ў ямы або ўніз па цячэнні ў Кіеўскае вадасховішча. Каб злавіць добрага ляшча, не гаворачы ўжо пра сома, трэба пастарацца. Аднак печкуроў па-ранейшаму процьма. Знаходзіш камяністы або пясчаны бераг, чапляеш на кручок чарвячка — і толькі паспявай закідваць вуду. Закінуў — пячкур; закінуў — яшчэ адзін пячкур. Гэта вам не верхаводка, якая любіць абхітрыць рыбака і нагла сцягнуць насадку. Пячкур хапае надзейна. За некалькі хвілін, на працягу якіх для “Настаўніцкай газеты” доўжылася фотасесія юных рыбакоў з гімназіі і сярэдняй школы № 14 Мазыра, пластмасавая паўтаралітровая бутэлька на беразе імкліва напаўнялася рыбай. Паўтара літра рыбы — нядрэнны ўлоў, асабліва калі ўлічыць, што смажаны на патэльні са скарыначкай пячкур мае чароўны смак. Гэта вам не пангасіус ці скумбрыя. Печкура ў магазіне не купіш, яго можна толькі злавіць. Гэта сапраўдны далікатэс!
Прыпяць заўсёды славілася сваёй шырынёй, прасторам, даляглядамі, ва ўсе часы была паўнаводнай. Калісьці па ёй пралягала адно з асноўных адгалінаванняў знакамітага шляху “з варагаў у грэкі”. У раннім Сярэдневякоўі рака злучала землі Тураўскага і Кіеўскага княства, якія размяшчаліся на тэрыторыі сучаснага Мазырскага раёна. Па рацэ часта плавалі заморскія купцы, асабліва скандынаўскія. Дарэчы, менавіта з імі навукоўцы звязваюць паходжанне назвы Мазыра. Лічаць, што яна пайшла ад стараскандынаўскага “масур”, што азначае “клён”, або “мосур” — “вільготнасць”. Хаця цалкам верагодна, што і ад цюркскага “мазар”, што азначае “курган”, “узвышша”. У пачатку 90-х гадоў інтэнсіўнасць руху суднаў па Прыпяці зменшылася, а ў гэтым годзе ён наогул спыніўся. Прычына — засуха. Мінулагодняй восенню ападкаў амаль не было, зіма была маласнежнай, вясна была сухой, лета спякотным. А Прыпяць — гэта рака, якая папаўняе сваё воднае багацце за кошт талых і дажджавых вод. Таму ўсе спадзяванні на дажджлівую восень і снежную зіму. Палешукі з нецярпеннем чакаюць паводку, якая няхай і прынясе багата клопату, аднак ажывіць Палессе, зробіць Прыпяць суднаходнай, паўнарыбнай. І тады навучэнцы цэнтра турызму зноў адправяцца ў традыцыйнае байдарачнае падарожжа па паўнаводнай Палескай Амазонцы, а ўдзельнікі гуртка “Юныя экскурсаводы” зноў будуць расказваць гасцям і жыхарам горада пра водныя і рыбныя багацці Прыпяці.

Удоўж па Ленінскай

На беразе Прыпяці пачынаюцца і на беразе Прыпяці заканчваюцца аглядныя экскурсіі па Мазыры, якія пад кіраўніцтвам Анатоля Васільевіча праводзяць навучэнцы цэнтра турызму. Плошча Леніна (былая Кірмашовая), замчышча са стылізаваным драўляным замкам, вуліца Ленінская (былая Пакроўская)… Вось яшчэ адзін прыпынак — Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна. Мазыр быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 14 студзеня 1944 года, а ўжо 23 лютага пачаў працаваць настаўніцкі інстытут. Для палескага рэгіёна неабходна было рыхтаваць настаўнікаў. Пасля знаёмства з універсітэтам накіроўваемся ў новыя мікрараёны горада. Па дарозе глядзім Курган Славы, знаёмімся са Свята-Георгіеўскім храмам, будоўляй Палаца гульнявых відаў спорту. Яшчэ адна адметнасць, — гэта трамвайная лінія, дарэчы, адзіная ў Гомельскай вобласці. Яна цягнецца з горада да прамысловага вузла на 18 кіламетраў. Большая яе частка праходзіць сярод лесу, таму трамваі ў Мазыры хуткасныя. За Палацам культуры нафтаперапрацоўчага завода размясціўся студэнцкі гарадок. Наступны прыпынак — унікальны для Палесся гарналыжны комплекс. І, нарэшце, экалагічная сцяжына працягласцю больш за 6 кіламетраў, якая праходзіць па ландшафтным заказніку “Мазырскія яры”.— Згодна з пастановай Савета Міністраў БССР, на тэрыторыі Мазыра ў 1986 годзе быў створаны Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Мазырскія яры”.Усялякая гаспадарчая дзейнасць на яго тэрыторыі забаронена, у тым ліку збор грыбоў і ягад. Дарэчы, з ярамі звязаны цікавы факт. Напрыклад, у ХІХ стагоддзі ў Мазыры існавала ўнікальная прафесія пераносчыка. Гэта чалавек, які на руках пераносіў жанчын праз гразевыя патокі, што сцякалі з яроў на вуліцы горада пасля моцных дажджоў. Да яроў мы пад’едзем крыху пазней, а пакуль што звярніце ўвагу на будынкі мазырскага солевыварнага камбіната. Пад імі на глыбіні ад 400 да 1400 метраў залягаюць пласты кухоннай солі.Яна здабываецца метадам вышчалочвання. Бурыцца скважына, туды заліваецца вада, яна насычаецца соллю, утвараецца своеасаблівы расол, які паступае па трубах на камбінат. Там расол падаграваецца, вада выпараецца, соль застаецца, пакуецца і адпраўляецца ў беларускія магазіны або на экспарт. За год здабываецца каля 330 тысяч тон солі. Як і нафтаперапрацоўчы завод, гэтае прадпрыемства з’яўляецца горадаўтваральным. Першая тона солі была здабыта ў 1984 годзе. А вось паглядзіце — гэта сярэдняя школа № 8. Даўжыня яе будынка складае 160 метраў. На школьных калідорах можна здаваць 100-метроўку, — расказвае па дарозе ў сярэднюю школу № 16 Анатоль Васільевіч.Што значыць прафесійны экскурсавод. Гэта і педагог, і псіхолаг, і артыст, і навуковец, і патрыёт. Калі ўсе гэтыя рысы характару спалучаюцца ў адным чалавеку, то, лічы, табе пашчасціла. Для журналістаў такія людзі — сапраўдны скарб. Ты ім задай толькі адно пытанне, а яны табе будуць гаварыць без перапынку цэлы дзень. Ды не проста гаварыць, а гаварыць цікава, з імправізацыяй. Экскурсіі па горадзе былі распрацаваны Анатолем Васільевічам яшчэ ў 1986 годзе. Толькі аглядная доўжыцца дзве з паловай гадзіны. Для райцэнтра, нават такога буйнога, як Мазыр, — гэта вялікая лічба. Для параўнання: па Мінску аглядная экскурсія доўжыцца прыкладна тры гадзіны.Хоць Анатоль Васільевіч і з’яўляецца адзіным атэставаным прафесійным экскурсаводам у Мазыры, аднак свае сілы ў экскурсійнай дзейнасці спрабуюць і вучні. Гэта, напрыклад, 500 удзельнікаў гурткоў краязнаўчага профілю Мазырскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Усяго ва ўстанове дадатковай адукацыі дзейнічаюць 82 гурткі, як на базе цэнтра, так і на базе іншых устаноў адукацыі горада. Найбольш актыўная краязнаўчая работа вядзецца ў гімназіі і сярэдняй школе № 16 Мазыра. Сярод сельскіх школ вылучаюцца Барбароўская і Руднянская.

Краязнаўчае лідарства

Хоць 16-я школа і працуе ўсяго тры гады, аднак яна займае краязнаўчае лідарства ў горадзе і раёне. Увесь сакрэт — у педагогах, зацікаўленых, апантаных, улюбёных у сваю справу і прафесію, такіх як настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Уладзімір Віктаравіч Гімбут і настаўнік беларускай мовы і літаратуры кіраўнік гуртка “Вытокі” Яўген Валер’евіч Есіс. Па словах Яўгена Валер’евіча, гурток быў створаны ў мінулым годзе з мэтай адраджэння народных традыцый палескага рэгіёна. Адной з форм арганізацыі краязнаўчай работы з’яўляецца правядзенне экскурсій. 20 навучэнцаў 6—9 класаў не толькі збіраюць інфармацыю пра святы, абрады і звычаі мазырскага Палесся, але і робяць тэатралізаваныя пастаноўкі нацыянальных свят. З паказам гэтых свят гурткоўцы выязджаюць у іншыя ўстановы адукацыі горада і раёна, удзельнічаюць у раённым конкурсе народнай творчасці “Шануйце спадчыну сваю!”. Адной з форм арганізацыі краязнаўчай работы з’яўляецца і правядзенне экскурсій па горадзе і раёне.— Актыўна працуем у навукова-даследчым кірунку па вывучэнні мясцовага, мазырскага, палескага фальклору. Дзейсную дапамогу нам аказваюць бацькі вучняў, а бабулі і дзядулі падказваюць, як правільна выканаць тую ці іншую песню, аўтэнтычна паказаць пэўны элемент танца або карагода, аднавіць пэўны промысел. Нядаўна мы цалкам адрадзілі на мясцовых традыцыях абрад Юр’я. У новым навучальным годзе плануем паказаць Пакровы. Падчас такой работы робіцца шмат цікавых адкрыццяў. Узяць, напрыклад, Купалле. Для мяне асабіста і гурткоўцаў было незвычайным тое, што падчас варажбы купальскі вянок з запаленымі свечкамі ў нашай мясцовасці кідалі ў калодзеж. Пры гэтым уважліва глядзелі, на які бок ад вянка плёскаецца вада, як гарыць свечка, як пры падзенні развяваецца стужка. На Сёмуху на Мазыршчыне дзяўчаты раней запляталі галінкі бярозы — на хуткае замужжа. Калі дзяўчына не выходзіла замуж, то пасля Багача яна павінна была яе расплесці. Наогул, Мазырскі раён можна ўмоўна раздзяліць на некалькі частак, для якіх характэрны этнаграфічныя і фальклорныя адметнасці. Знаходзяцца гэтыя тэрыторыі ўздоўж старадаўніх шляхоў, якія вядуць у Кіеў, Петрыкаў і Лельчыцы, — дзеліцца Яўген Валер’евіч.

Актуальныя пытанні

Дык што будзе з Прыпяццю, з Палессем? Што будзе з ракой, поймай? Наколькі сур’ёзнымі акажуцца вынікі сёлетняй засухі? На думку загадчыцы эколага-біялагічнага аддзела Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ірыны Анатольеўны Кажурэнка, гэта даволі складаныя пытанні, адказы на якія са 100-працэнтнай верагоднасцю не дасць ніводны навуковец. Відавочна толькі адно: наступствы засухі будуць адгукацца яшчэ не адзін год. Гэта будзе прасочвацца і ў відавой разнастайнасці расліннага і жывёльнага свету поймы Прыпяці, і ў водных багаццях ракі.Паколькі Мазыр з’яўляецца буйным прамысловым цэнтрам, то для горада актуальнай з’яўляецца праблема чысціні рачной вады. Па словах Ірыны Анатольеўны, кожны год у раёне праводзіцца конкурс “Дапаможам кропельцы”, у рамках якога яго ўдзельнікі не толькі даследуюць раслінны і жывёльны свет поймы, але і добраўпарадкоўваюць бераг ракі. Сёлета ў конкурсе ўдзельнічалі валанцёрскія атрады сярэдніх школ №№ 5 і 6. Пытанні экалагічнага стану горада і ракі ўжо больш за 20 гадоў разглядаюцца мазырскімі навучэнцамі на раённым этапе Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Моладзь і экалагічныя праблемы сучаснасці”. Усе работы ствараюцца пры навуковай дапамозе выкладчыкаў біялагічнага факультэта Мазырскага ўніверсітэта, а некаторыя выхаванцы цэнтра становяцца яго студэнтамі (напрыклад, Настасся Макарава і Улада Раговік).
Сёлета актыўнасць на канферэнцыі праявілі прадстаўнікі сярэдніх школ №№ 14 і 16 Мазыра і Крынічанскай сярэдняй школы. Асноўная тэма даследавання — малюскі як ачышчальнікі вады (работа створана пад кіраўніцтвам настаўніцы сярэдняй школы № 14 Таццяны Міхайлаўны Кашпур) і відавая разнастайнасць прыбярэжнай паласы Прыпяці (пад кіраўніцтвам настаўніцы сярэдняй школы № 16 Аксаны Генадзьеўны Макаравай), экалагічны стан ракі Прыпяць у раёне пасёлка Крынічны (пад кіраўніцтвам Галіны Раманаўны Алісейка). Навучэнцы 14-й школы прыйшлі да высновы, што рака забруджана нераўнамерна і асноўная крыніца забруджвання зусім не прамысловыя прадпрыемствы, як можа падацца на першы погляд, а сцёкавыя воды з сельскагаспадарчых палёў.

Героі працы

Галоўная тэрыторыя даследаванняў навучэнцаў цэнтра не толькі поймы Прыпяці. Удзельнікі аб’яднання “Юныя лесаводы” пад кіраўніцтвам Сяргея Віктаравіча Зубарава вывучаюць таксама знакамітыя мазырскія яры. Гэтая работа пачалася яшчэ ў 90-я гады. Даследчая работа вядзецца на працягу ўсяго года. Так, вясной у рамках рэспубліканскай прыродаахоўнай акцыі “Першацветы-2015” вывучалася відавая разнастайнасць раслін на розных участках яроў. Напрыклад, каля першай стаянкі на экалагічнай сцяжыне, што праходзіць праз заказнік “Мазырскія яры”, было знойдзена 12 першацветаў, сярод якіх і такі даволі рэдкі від, як Пятроў крыж. А вось каля другой экалагічнай стаянкі на квадраце 20 на 20 метраў наогул было вызначана 86 відаў раслін. Відавая раснастайнасць расліннага свету мазырскіх яроў — гэта вынік працы не толькі матухны-прыроды, але і людзей, асабліва заслужанага лесавода краіны былога дырэктара мазырскага лясгаса Рыгора Елісеевіча Бондара, які не толькі прывёз такія рэдкія для Беларусі расліны, як крымскі вінаград, бук, граб, але і ўмацаваў яры метадам тэрасавання. Гэты метад быў выкарыстаны нездарма, паколькі яры разбураюцца пад уздзеяннем дажджавых і талых вод. На тэрасах, на той час яшчэ, так бы мовіць, у чыстым полі, высаджваліся розныя віды драўнянай і кустовай расліннасці. Цяпер гэтае месца не пазнаць. Бярозы, сосны, грабавы і букавы гай ласкава запрашаюць у госці спякотным летнім днём. У букавым гаі расце цікавае па форме дрэва кахання. Гавораць, што калі тройчы прайсці пад ім і пры гэты загадаць жаданне, то яно збудзецца. Абавязкова высаджваўся лубін, які не толькі надаваў сваім стракатым колерам ноткі весялосці ў навакольны краявід, але і ўмацоўваў тэрасы. Цікавы факт: трактарысту, які рабіў тэрасаванне, прысвоілі званне Героя Сацыялістычнай Працы. Аднак сапраўдныя героі — гэта, безумоўна, Рыгор Елісеевіч, а таксама педагогі і навучэнцы эколага-біялагічнага аддзела Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, якія працягваюць справу заслужанага лесавода, даглядаюць яры, сочаць за іх чысцінёй, праводзяць па тэрыторыі ландшафтнага заказніка экскурсіі для гасцей і жыхароў горада.

Калі ласка, госці дарагія!

Мазыр традыцыйна называюць сталіцай Усходняга Палесся, буйным прамысловым цэнтрам. Усё гэта, безумоўна, праўда. Аднак для поўнай характарыстыкі горада, пазнання яго асаблівай сталічна-палескай атмасферы варта абавязкова прагуляцца па звілістых вуліцах, якія веерам разыходзяцца ад набярэжнай Прыпяці і ўюцца ўздоўж яроў да сучасных шматпавярховых мікрараёнаў. Горад з багатай гісторыяй, горад маладосці, горад рыбакоў — адным словам, жамчужына Палесся чакае гасцей.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.